«Прафілактыка па-беларуску»: у менскім садку бацькам загадалі прыводзіць дзетак у пацерках з часныку


Выхавацелькі садка № 203 папрасілі бацькоў прывесці дзетак у раслінных пацерках, якія могуць абараніць ад вірусаў.

Інфармацыю распаўсюдзілі праз бацькоўскі Viber-чат. Не ўсе паставіліся да яе сур’ёзна. Некаторыя нават жартавалі, што ў садочку будуць ганяць вампіраў.

Ва ўстанове адукацыі нам адказалі, што не маюць права даваць інфармацыю пра пацеркі з часныку і трэба звяртацца ў вышэйшыя органы да кіраўніцтва.

«Не магу нічога каментаваць, але каранціну ў нас няма. Дзеці ходзяць у садок, у нас праводзіцца прафілактыка».

Адная з бацькоў распавяла, што атрымала смс-паведамленне з самай раніцы, але вырашыла не адводзіць дзіця ў садок.

«Не ведаю, хто дакладна прыдумаў, але мы вырашылі на тыдзень застацца і пасядзець дома. Бо цяпер вірусы ходзяць, лепш перачакаць».

Ці сапраўды пацеркі з часныку абароняць ад хваробы?

Аўтарка курсаў па фітакасметыцы Вольга Дзюбан распавяла belsat.eu, што, можа, пацеркі з часныку не вельмі эстэтычная ідэя, але яны сапраўды дапамагаюць у барацьбе з хваробамі.

«Эфірныя алеі ў часныку працуюць, калі яны на блізкай адлегласці. Яны не дазваляюць вірусам пранікаць у нос. Паветра, якое мы ўдыхаем ад часныку, больш-менш чыстае».

Дзяўчына таксама распавяла, як зрабіць натуральны араматызатар у хатніх умовах.

Трэба ўзяць пемзу, разламаць на некалькі кавалкаў. Накапаць на іх сумесь эфірных алеяў, найлепш сасновых, і пакласці ў пакет, які прапускае паветра. За кошт структуры пемзы алеі будуць павольна выветрывацца. Праз тры тыдні можна зноў дадаць алеі ў пакет.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў