«Прафесіянал спазненняў»: Пуцін спазніўся ў Сінгапур настолькі, што сарваў перамовы


Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 13 лістапада прыляцеў у Сінгапур з традыцыйным спазненнем. У выніку ўвесь графік дня быў зламаны, сустрэча з прэм’ер-міністрам Лі Сянь Лунам не адбылася.

Абставіны візіту ў Сінгапур распавядае ў сваім артыкуле карэспандэнт газеты «Коммерсант» Андрэй Калеснікаў.

Самалёт прэзідэнта РФ прыляцеў у Сінгапур са спазненнем на 1,5 гадзіны. Паводле Калеснікава, графік Пуціна («прафесіянала спазненняў», як піша журналіст) яшчэ можна было выратаваць, але працэдура афармлення ў аэрапорце зацягнулася. Спачатку да самалёта не дапускалі картэж прэзідэнта, бо па мясцовых правілах машыны прапускаюць толькі калі ў самалёта цалкам заглушаныя рухавікі, а пілоты гэтага не ведалі. Потым служба аховы аэрапорту доўга даглядала памочніка прэзідэнта РФ Юрыя Ушакова, які сустракаў Пуціна.

У выніку Пуцін не паспеў на перамовы з прэм’ер-міністрам Сінгапура Лі Сянь Лунам, які не мог чакаць расейскага прэзідэнта, бо адразу пасля сустрэчы ў яго быў запланаваны ўдзел у саміце АСЕАН. Пры гэтым на перамовах Пуціна і Лі Сянь Луна мусіла адбыцца падпісанне шматлікіх пагадненнях, а пасля перамоваў – агульная заява для прэсы.

Атрымалася, што цягам дня Пуцін сустрэўся толькі з прэзідэнтам Сінгапура Халімай Якоб, якая не мае рэальнай улады і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Халім Якоб прыняла Пуціна ў прэзідэнцкім палацы і дала абед у гонар расейскай дэлегацыі.

«Цікава, атрымліваецца…Такім чынам, адзіным змястоўным мерапрыемствам гэтага дня цяпер будуць два тоста, прэзідэнтаў Расеі і Сінгапуру, на гэтым абедзе, то бок на вячэры», – цытуе «Коммерсант» Юрыя Ушакова.

Сустрэча Пуціна з Лі Сянь Лунам усё ж адбылася – на наступны дзень, 14 лістапада.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў