Прафесія платнер. Хто сёння ў Беларусі вырабляе аўтэнтычныя рыцарскія даспехі?


Платнер Дзяніс Васін

– А вас можна называць кавалём?

– Не, мяне трэба называць платнер [майстар, які вырабляе даспехі – belsat.eu], – адказвае 29-гадовы Дзяніс Васін, у колах рэканструктараў вядомы як М. Касматы. Да сучаснага майстра па вырабе даспехаў мы завіталі адмыслова, каб дазнацца, у чым хадзілі на вайну беларускія рыцары.

Пасярод маленькай Дзянісавай майстэрні блішчаць недаробленыя даспехі. Збоку ў адмысловай печы цьмеюць яскравыя вугольчыкі. Майстэрня месціцца ў Пагаранах, вёсачцы побач з Горадняй. Дзяніс – адзін з нешматлікіх майстроў у Беларусі, які аднаўляе традыцыю вырабу рыцарскіх даспехаў часу ВКЛ.

«Вось гэты даспех, да прыкладу, – цалкам рэканструяваны фрагмент з нашага Гарадзенскага музею, знойдзены падчас раскопак. Фатаграфуйце, унікальны даспех. Зброя дашчаная. Канец XIV – пачатак XV стагоддзя, кіраванне Вітаўта. У 1937 годзе раскапалі, знайшлі вельмі шмат розных пласцінак. Тут пласціны наклёпваюцца на аснову – гэтая тэхналогія самая першая, самая простая. У чым яе ўнікальнасць? Спецыяльны выраз. Кожная пласцінка ўсутыч падганяецца, яны ідуць слаямі. Гэта менавіта для Горадні характэрна», – з гонарам прэзентуе свой выраб малады платнер.

Пачынаючы з канца XII ст. ішоў прагрэс апрацоўкі метала. Людзі навучыліся каваць ужо больш вялікія пласціны.

«З дапамогай гамораў, – тлумачыць Дзяніс. – Гамора – гэта молат з вадзяным прывадам. Рамеснікі навучыліся рабіць больш вялікія пакоўкі і, як вы бачыце, тут ужо даспех складаецца з вялікіх доўгіх палосаў. Гэта платнер, пласціна. Адсюль і назва».

Даспехі Дзяніс вырабляе на аснове археалагічных крыніцаў, пераважна даследаваных у Гарадзенскім археалагічным музеі, дзе захоўваецца шмат розных экспанатаў. Самастойна вывучае, вымярае, а потым выкоўвае.

«Мне самому найбольш цікавая рэканструкцыя XVI стагоддзя, часы бітвы пад Воршаю», – кажа майстар.

Паводле яго, вага даспехаў магла быць розная: часцей за ўсё 20–50 кілаграмаў. А часам на рыцарскіх турнірах шляхціца трэба было кранам падымаць, каб усадзіць на каня. Таксама залежала шмат і ад фінансавых магчымасцяў: чым таўсцейшы слой жалеза, тым даражэй абыходзіўся рыштунак.

«Паводле вайсковай павіннасці, на бітвы магнаты павінныя былі выстаўляць нейкую колькасць воінаў. І калі ты які-небудзь Радзівіл, Сапега або Пац, і калі ў цябе шмат людзей на службе, то ты павінен быў выставіць нядрэнны атрад. Гаштольды, да прыкладу, калі не памыляюся, у бітве пад Воршаю 300 вершнікаў выстаўлялі. Кожнага трэба было апрануць, а гэта быў натоўп народу. Ім прыходзілася рабіць масавыя замовы. Таму часта даспехі для звычайных ваяроў штампаваліся. Рыцарскае саслоўе апраналася за свой кошт. Пры гэтым нават не столькі дзеля практычнасці, а дзеля пантоў. Вось гэта – нямецкі імпарт, зроблены на аснове ўзораў з Венскага музею. Толькі з тою розніцаю, што замест таўра Габсбургаў, стаіць маё», – тлумачыць Дзяніс.

Сярэднявечны наспіннік – неблагое карыта для свінняў

Шмат якія аўтэнтычныя даспехі беларускай сярэднявечнай шляхты раскіданыя па ўсім свеце. Вельмі часта іх прадавалі або аддавалі на выставы самыя прадстаўнікі шляхецкіх родаў.

«У Вене ёсць даспехі Радзівілаў, якія яшчэ былі даўно высланыя, я не памятаю, хіба ў камеры герояў… Усе самыя вяльможныя магнаты даспехі сваіх продкаў туды пааддавалі. Магчыма, там захоўваюцца даспехі Рудога і Чорнага. Апошняе, што я знайшоў, – кальчугі ў амерыканскіх музеях, каторыя Радзівіл падараваў», – распавядае платнер.

І дзеліцца апошнімі байкамі, якія чуў:

«На аўкцыёне наспіннік прадаваўся. Частка касцюмнага даспеха. У Нясвіжы яго знайшоў нейкі польскі калекцыянер антыкварыяту. Першапачаткова гэта было карыта для свінняў. Ён яго купіў, пачысціў, прадаў, а потым яшчэ вяртаўся, каб знайсці астатнія часткі. Дык гэта былі часткі раскошных даспехаў, зробленых у выглядзе адзення з буфамі. У выніку хтосьці там яшчэ частку прадаў. Частка цяпер у Нью-Ёрку, частка ў Доме інвалідаў у Парыжы. Такая справа. Выкарыстоўвалі як маглі, да апошняга. Але гэта не толькі нашая практыка: неяк чытаў, што адныя даспехі былі распілаваныя ды прымацаваныя да дзвярэй у Англіі, бо трэба было дзверы ўмацаваць».

З пункту гледзішча майстра, даспехі – гэта толькі сыравіна, кажа Дзяніс. У даўніну іх стала перараблял, і яны служылі стагоддзямі.

Кальчужныя майткі

У эпоху Сярэднявечча кальчужныя майткі называліся «гачы» або «гацы», дасюль у некаторых рэгіёнах Беларусі гэтая назва захавалася, у якасці акрэслення портак. Раней у XV–XVI стагоддзях «гачы» былі проста бялізнаю, але з часам тэрмін увайшоў у карыстанне разам з іншым элементам адзення. А менавіта – плеценаю (кальчужнаю) покрыўкай, якою абаранялі пахвіну, не прыкрытую жалезнымі пласцінамі даспехаў. Потым напрыканцы XVI стагоддзя з’явіліся гэтак званыя кальчужныя плюндры – гэта таксама шырокія нагавіцы з гульфікам, ніжэйшыя за калена.

«Радзівілы адзін такі прадалі, калі не памыляюся, у Жэневе на аўкцыёне. У каталогах яны значацца як кальчужныя гацы. Складаліся з дзвюх частак. Знізу ўверх тыя дзве часткі падвязваліся. Іх можна было адвязваць пры неабходнасці. Насамрэч гэта вельмі практычна было», – распавядае Дзяніс Васін.

Сам выраб кальчугі, інакш – плецены панцыр, патрабаваў часу і намаганняў не адной асобы. Кожная кальчуга мела 20–30 тысячаў маленечкіх каваных кольцаў, якія спляталіся молатам. Перад нашымі вачыма Дзяніс у адзін момант спраўна скаваў некалькі частачак кальчугі.

Найперш не цягліцы, а мазгі

Дзяніс Васін пачаў цікавіцца халоднаю зброяй яшчэ ў дзяцінстве. Удома меў уласную хатнюю бібліятэку з літаратураю пра зброю. Інтэрнэту на той час яшчэ не было, таму часта сядзеў у бібліятэцы. А ў 9 класе пабачыў аб’яву аднаго з гарадзенскіх рыцарскіх клубаў, якія паўставалі на пачатку 2000-х. Далучыўся да клубу «Кром», дзе першы раз спрабаваў нешта каваць. Паколькі вучыўся ў Політэхнічнай вучэльні, меў доступ да станкоў і металу, пры гэтым увесь час развіваў свае майстэрства. Акрамя таго, займаўся сярэднявечнымі танцамі. У выніку ўжо дзесяць гадоў прафесійна займаецца вырабам сярэднявечных даспехаў.

За плячыма малады майстар мае з 20 вырабленых цалкам даспехаў з розных эпох. На выраб самага простага патрэбна каля двух месяцаў.

Пытаем хлопца, ці трэба мець вялікую сілу, каб рабіць такія даспехі, на што чуем у адказ:

«У першую чаргу мазгі трэба мець. Трэба глыбока даследаваць, вывучаць, як гэта рабілася. Аналізаваць. Пасля прыдумляць, як гэта рэалізаваць на практыцы».

Вось так. Як сцвярджае народныя мудрасць: чалавек не вучоны, як тапор не тачоны.

Чытайце таксама:

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў