Прафесар Яблакаў: Калі б не Чарнобыль, Беларусь была іншай краінай – развітай, еўрапейскай


Каб не здарылася ў 1986 годзе аварыя на Чарнобыльскай АЭС, Беларусь сёння была б развітай еўрапейскай краінай. Такое меркаванне ў інтэрвʼю БелаПАН выказаў чалец-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук (РАН) біёлаг Аляксей Яблакаў.

Навуковец прымае ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Чарнобыль +30», якая 24 красавіка праходзіць у Менску. Форум арганізаваны экалагічным таварыствам «Зялёная сетка» пры падтрымцы кіеўскага філіялу Фонду Генрыха Бёля (Нямеччына), Сусветнай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Еўрапейскай партыі зялёных.

«Беларусь магла б жыць непараўнальна лепш, калі б не Чарнобыль – гэта была б іншая краіна, развітая еўрапейская краіна, – сказаў навуковец. – Беларусі давялося выдаткаваць на наступствы Чарнобыля, напэўна, дзесьці 250 млрд долараў – ад пяці да сямі бюджэтаў краіны пайшло марна. Так, сапраўды, трэба было падтрымліваць людзей, перасяляць, будаваць нанова, але ўсяго гэтага можна было не рабіць [не будзь чарнобыльскай аварыі], пакінуць грошы Беларусі, і жыццё было б іншае».

Паводле навукоўца, да гэтага часу ў асноўным праз наступствы аварыі на ЧАЭС з Беларусі эмігравала каля 15 % насельніцтва: «Зʼехалі самыя актыўныя, тыя, каму хацелася развівацца. Цяпер яны будуць атрымліваць прэміі па літаратуры, фізіцы ў ЗША, Францыі, але не тут».

Навуковец адзначыў, што дакладную колькасць пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС назваць цяжка. Тым не менш ён выказаў здагадку, што наступствы катастрофы забралі жыцці не менш за 200 тыс. беларусаў, яшчэ прыблізна 1 млн жыхароў мелі розныя захворванні, у тым ліку анкалагічныя і сардэчна-сасудзістыя.

Наступствы гэтай тэхнагеннай аварыі, хай і кропкава, па словах Яблакава, у Беларусі адчуваюцца і сёння: «Адчуваюць, калі народзіцца дзіця з прыроджаным парокам развіцця, таксама калі ў Беларусі здзяйсняецца 500-700 абортаў штогод, каб не нараджаліся ўроды».

Яблакаў адзначыў, што, згодна з распрацаваным для Саюзнай дзяржавы атласам наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, вялікія тэрыторыі забруджаных лясоў, палёў і рэк застануцца да 2056 года. Больш за тое, зʼяўляюцца новыя небяспекі, у прыватнасці ўтварэнне амерыцыю-241.

«Звесткі па Беларусі кажуць, што плошча небяспечнага забруджвання амерыцыем павялічыцца ў чатыры разы – да 1 тыс. 300 квадратных кіламетраў, – сказаў навуковец. – Амерыцый такі ж моцны выпраменьвальнік, як цэзій і стронцый. Калі плутоній выпускае альфа-выпраменьванне, якое распаўсюджваецца на 1,5 см і ад яго можна адгарадзіцца паперай, то ад амерыцыю адгарадзіцца нельга – прамяні проста працінаюць чалавека».

«Мы не ведаем усіх наступстваў радыяцыі, і крыўдна, што яны ўсё менш і менш даследуюцца. Колькі навуковых устаноў у Беларусі займаліся наступствамі чарнобыльскай катастрофы? Зараз усе яны колькасна скарочаныя ў дзясяткі разоў, загнаныя ў Гомель. Лічыце, што беларусы спынілі гэтую працу. Гэта злачынства перад беларусамі і чалавецтвам, што перасталі даследаваць наступствы ўздзеяння радыяцыі і дапамагаць людзям», – падсумаваў Яблакаў.

Прафесар Аляксей Яблакаў раней адзначыў «Белсату», што ў Беларусі ёсць альтэрнатыва АЭС.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў