Праезд у гарадскім транспарце можа падаражэць ужо сёлета


Фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Павелічэнне тарыфаў разглядаюць як у Менску, гэтак і ў абласных цэнтрах.

У рэгіёнах і Менску разглядаюць магчымасць павялічыць тарыфы на праезд у гарадскім грамадскім транспарце. Старонцы Finance.tut.by стала вядома, што ў выпадку зацвярджэння новых тарыфаў кошт праезду вырасце на 5 капеек.

У гэтым выпадку кошт праезду ў Менску ў наземным транспарце вырасце да 65 капеек, у метро – да 70 капеек. У абласных цэнтрах праезд стане каштаваць 55 капеек.

Канкрэтныя тэрміны павышэння тарыфаў пакуль не агучваюць.

Апошні раз праезд у гарадскім грамадскім транспарце ў Менску даражэў год таму – таксама на пяць капеек.

У міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю заяўляюць, што на сёння беларусы аплочваюць 70,7 % выдаткаў на праезд у гарадскім аўтамабільным транспарце, рэшту кампенсуе дзяржава.

Летась у Беларусі зацвердзілі антыінфляцыйную праграму, якая прадугледжвае, колькі беларусы будуць кампенсаваць да 2020 года за жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама за праезд у грамадскім транспарце.

Паводле яе, праз два гады пасажыры будуць аплочваць не менш за 80 % кошту праезду ў гарадскім транспарце і не менш за 65 % – у прыгарадным.

ДД

Глядзі таксама
Каментары