Прадукты на вагу, фудшэрынг і авоські. Як выпрацаваць экалагічныя харчовыя звычкі


Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтру экалагічных рашэнняў

Ежа і нашыя харчовыя звычкі – сур’ёзны выклік для экалогіі. Каб дапамагчы беларусам намацаць найбольш экалагічныя падыходы, адмыслоўцы з Цэнтру экалагічных рашэнняў распавялі, як паўнавартасна харчавацца і не шкодзіць прыродзе.

Як звязаныя ежа і экалогія?

Вялікі выклік для свету цяпер уяўляе марнаванне ежы. Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтру экалагічных рашэнняў, спасылаецца на звесткі Сусветнай харчовай праграмы. Паводле яго, каля 30 % ад усёй ежы на планеце ідуць на сметнік. Пры гэтым 12,9 % насельніцтва ў краінах трэцяга свету галадаюць, а 30 % насельніцтва Зямлі маюць хваробы гарманальнай сістэмы, перш-наперш атлусценне і дыябет.

«Food waste» (марнаванне ежы) – гэта праблема не толькі экалагічная, але і сацыяльная. Людзям у некаторых краінах не хапае ежы, а ў іншых яе занадта шмат», – кажа Яўген Лабанаў.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Для вырабу ежы актыўна высякаюць трапічныя лясы. Адна з галоўных прычынаў лясных пажараў у Бразіліі сёлета – гэта спальванне джунгляў Амазоніі, каб выкарыстоўваць іх як пашу для кароў. З падобнай праблемай сутыкаюцца ў Інданезіі: там лясы знішчаюць для пасадкі пальмаў і вырабу з іх пальмавага алею.

«Такія метады з экалагічнага пункту гледжання вельмі жорсткія. За нашае жаданне набываць недарагую ежу вельмі шмат якія краіны і тэрыторыі плоцяць знішчанымі экасістэмамі. Мы ў прамым сэнсе з’ядаем тое прыроднае багацце, якое маем», – зазначае адмыслоўца.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Што рабіць, каб харчавацца экалагічна

Эксперты раяць прытрымлівацца простых правілаў, якія дапамогуць зрабіць харчаванне больш экалагічным.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Карыстайцеся ўласнымі торбамі, а не пакетамі з крамаў

Калі набываеце харчы, пастарайцеся зрабіць так, каб пластыкавых пакункаў было як мага меней ці каб іх можна было перапрацоўваць. Яшчэ варыянт – тара, зробленая з бяспечных матэрыялаў, напрыклад, шкла.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Выбірайце прадукты на вагу

Такі шлях дапаможа не набываць дадатковага пластыку. А яшчэ вы здолееце купіць менавіта столькі ежы, колькі вам трэба. На жаль, цяпер у Беларусі амаль немагчыма купіць крупы, макароны або гарбату на вагу. Але мы верым, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Не пакідайце ежы на талерцы

Вышэй мы пісалі, што ледзь не 30 % ад усёй ежы на Зямлі выкідаюць. Гэта магчымасць зрабіць свой унёсак у змяншэнне гэтай лічбы.

Набывайце мясцовыя і сезонныя прадукты

Гэта дапамагае скараціць транспартны і вугляродны след. Магчыма, бульба з Беларусі выглядае не так прыгожа, як бульба з Егіпту, але смак наўрад ці адрозніваецца.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Не будзьце перадузятымі да ежы

Гандлёвыя сеткі прасоўваюць ідэальную ежу. Але праз такі падыход прадукты, які выглядаюць не адпаведна нормам, будуць выкідацца. Напрыклад, бананы з цёмнымі плямамі.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Скараціце колькасць мяса ў рацыёне

Вытворчасць мяса не найлепшым чынам уплывае на экалагічную сітуацыю. Апроч выкарыстоўвання вялікіх абшараў зямлі, яна прыводзіць да выкідаў вуглякіслага газу і парніковага газу, азоту і метану.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дзяліцеся ежай

Калі не паспяваеце з’есці крупы або малако, іх лепей аддаць, а не выкідаць. У сеціве існуюць тэматычныя суполкі, дзе менчукі дзеляцца непатрэбнымі прадуктамі. Гэтак можна і марнавання ежы пазбегчы, і іншаму дапамагчы.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Рабіце кампост

Кампост – гэта яшчэ адзін спосаб пазбегчы марнавання ежы. Потым яго можна выкарыстоўваць як бясплатнае ўгнаенне і падкормку для раслінаў. А яшчэ кампаставанне дапамагае перапрацоўваць астатняе смецце, якое не забруджваецца ежай.

  • Цэнтр экалагічных рашэнняў разам з амбасадай Швецыі ў Беларусі запускаюць #7dayschallenge.
  • Мэта ініцыятывы – кінуць выклік сабе хаця б на тыдзень і паспрабаваць змяніць свае харчовыя звычкі на больш экалагічныя. Чэлендж будзе праходзіць з 18 да 24 лістапада.
  • Яго ўдзельнікі будуць весці дзённікі пра новы для сябе досвед у сацыяльных сетках. Сачыць за эксперыментам можна па гэштэгах #7dayschallenge і #7дзёнДляЕжы.

Ксенія Тарасевіч, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў