Прадстаўніцтва ЕЗ патлумачыла, чаму Магерыні не прыедзе ў Менск


Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі адзначае, што візіт у Беларусь Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Фэдэдыкі Магерыні адкладаецца ў выніку зменаў у парадку дня ўдзельнікаў высокай сустрэчы.

4-5 кастрычніка ў Менску запланаваная сустрэча высокага ўзроўню ў межах «Усходняга партнёрства». Але некаторыя міністры замежных справаў па розных прычынах не змаглі наведаць Менск, як, напрыклад, міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

«Са шкадаваннем паведамляем, што візіт Фэдэрыкі Магерыні, Высокага прадстаўніка Еўрапейскага звязу па вонкавых справах і палітыцы бяспекі, а таксама сустрэча высокага ўзроўню ў межах «Усходняга партнёрства», раней запланаваныя на 4-5 кастрычніка 2019 года ў Менску, адкладаюцца праз шэраг змяненняў у парадку дня розных удзельнікаў і па выніках абмеркаванняў з Беларуссю як прымаючага боку», – адзначаецца ў паведамленні прадстаўніцтва ЕЗ у Facebook.

Пасля таго, як стала вядома, што Фэдэрыка Магерыні не зможа прыехаць у Менск, свой візіт у Беларусь адмяніў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

У Беларусі Фэдэрыка Магерыні мелася сустрэцца з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам і кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Планавалася, што ў часе візіту афіцыйны Менск і Брусель падпішуць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам.

Фэдэрыка Магерыні не прыедзе ў Менск

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары