Прадстаўніца «Amnesty International»: Улады Беларусі захоўваюць смяротнае пакаранне з палітычнага матыву


Праблему смяротнага пакарання ў Беларусі «Белсат» абмеркаваў з кіраўніцай офісу праваабарончай арганізацыі «Amnesty International» па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Аішаю Юнг.

– Як вам здаецца, смяротнае пакаранне застанецца, пакуль Лукашэнка будзе прэзідэнтам?

– Спадзяюся, не. Сёлета была канферэнцыя ў Менску, прысвечаная смяротнаму пакаранню. Было шмат міжнародных суразмоўцаў, грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў улады, не было, на жаль, «Вясны» – ім не дазволілі там быць. Адзін з беларускіх чыноўнікаў зрабіў справаздачу, у якой выказаўся: «Адмена смяротнага пакарання – гэта гістарычная неабходнасць. І еўрапейскі трэнд, які хутка прыйдзе і да нас». Гэта сурёзная заява на міжнародным форуме, асабліва для афіцыйнай асобы. Вяртаючыся да справы менскага выбуху ў метро і смяротнага пакарання, якое адбылося, царква ў Беларусі ўпершыню тады афіцыйна выступіла супраць смяротнага прысуду. Дзве царквы ў Беларусі публічна ўпершыню выступілі супраць. Усё гэта – канферэнцыя з заяваю чыноўніка, пазіцыя царквы – дае шанец меркаваць, што мусяць быць змены ў грамадстве. Мараторый мусіць адбыцца. Я кажу гэта, а насамрэч трое з чацвярых асуджаных у Беларусі былі пакараныя ў лістападзе, некалькі дзён таму.

– Што вас найбольш кранула, калі вы наведалі Беларусь?

– Сустрэча з гэтымі жанчынамі. Гэта не былі адно маці, мы сустрэлі таксама жонку і дачку спадара Якавецкага. Іхныя пакуты недаравальныя. Па-першае, іхныя сыны або мужы здзейснілі жудасныя злачынствы альбо не здзейснілі, мы не ведаем… Безумоўна, мусіць быць адказнасць за гэта, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі справядлівага судовага разбору. Аднак сем’і мусяць быць інфармаваныя, у іх мусіць быць права на апошняе спатканне, цела мусяць вярнуць для пахавання… Самае кранальнае – гэта тое, як шмат людзі могуць вытрываць… столькі болю, як яны вучацца жыць з гэтым? І ці можна прыстасавацца да болю? Іхнае жыццё зруйнаванае. Любоў Кавалёва казала нам, што часам думае, быццам ужо зваряцела. Тамара Селюн, чыйго сына таксама пакаралі: яе жыццё развалілася на кавалкі. Як яны знаходзяць сілы працягваць жыць? Усе перажываюць гэта па-рознаму. Некаторыя не выступаюць публічна, а некаторыя, як Любоў Кавалёва, спадарыня Селюн, працягваюць размаўляць, бяруць удзел у сацыяльных кампаніях, каб прыцягнуць увагу да праблемы і змяніць сітуацыю.

– Як ацэньваюць актуальны стан правоў чалавека ў Беларусі?

– Эксперты мяркуюць, што з часоў незалежнасці ў 1991-ым годзе, прыблізна 400 чалавек пакаралі ў Беларусі. Крымінальны Кодэкс змяніўся ў 1994-ым. З таго часу штогод былі пакараныя ўсё больш людзей. Самы працяглы турэмны тэрмін быў 15 гадоў. Калі людзі здзяйснялі асабліва цяжкія злачынствы, 15 гадоў пачалі здавацца неадпаведнаю мераю. Альтэрнатываю зрабілася смяротнае пакаранне. Шмат людзей атрымалі смяротны прысуд. Аднак, як мы бачым са статыстыкі па Беларусі, з часам колькасць выпадкаў пажыццёвага зняволення значна зменшылася.

– Якая карысць ад адмены смяротнага пакарання?

– Няма карысці захоўваць смяротнае пакаранне. Ідэі, што гэта спрыяе ў змаганні са злачынствамі, не даказалі. Канада, напрыклад, адмяніла смяротны прысуд у 1978-ым, колькасць забойстваў цяпер напалову менш, чымся было да адмены смяротнага пакарання. Беларусь захоўвае высокую колькасць забойстваў, што супярэчыць тэорыі, быццам смяротны прысуд на гэта неяк уплывае. Карысць адмены смяротнага пакарання, на мой погляд і з гледзішча аховы правоў чалавека, у тым, што вы не парушаеце асноўнага права на жыццё і таксама захоўваеце за чалавекам права не быць ахвяраю бесчалавечнага абыходжання. Гэта другое асноўнае права, якое, як мера, парушаецца смяротным пакараннем. Я мяркую, што кожная краіна, якая адмовілася ад смяротнага пакарання, зрабіла свой крок на шляху стварэння больш гуманістычнага грамадства. Грамадства, у якім дзяржава не забівае.

Калі мы здымалі фільм у Беларусі пра смяротнае пакаранне, то размаўлялі з дачкой Якавецкага, якога, напэўна, ужо пакаралі. І ягоная дачка выказала думку: «Чаму дзяржава забівае, калі дрэнна забіваць?» Гэта, безумоўна, довад. Чаму дзяржава забівае, калі дрэнна забіваць? Увядзенне пажыццёвага зняволення адлюстроўвае эвалюцыю грамадства.

– Чаму ўлады Беларусі захоўваюць смяротнае пакаранне?

– Цяжка адказаць. Гэта, вядома, палітычны матыў. Рада Еўропы, Парламенцкая асамблея адзначаюць: гэта адзінае, што стаіць на шляху аднаўлення беларускага чалецтва. Чаму ўлады Беларусі ўпарта нічога не хочуць змяняць… Таксама незразумела і тое, што яны выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне толькі ў некаторых выпадках, як кажуць, мінімальна ці выбарачна, што таксама парушае чалавечыя правы. Гэта дае падставы меркаваць, што захаванне смяротнага пакарання палітычна матываванае. Дзяржава не хоча выглядаць, нібыта пастанаўляе, паддаючыся міжнароднаму ціску.

Размаўляла Вікторыя Колчына, «Белсат»

Стужка навінаў