Прадстаўнік САЗ у Беларусі: Адсутнасць фізічнага дыстанцыявання можа прывесці да росту смерцяў


Эксперты Сусветнай арганізацыі здароўя заклікаюць улады Беларусі да неадкладных захадаў, якія дапамогуць спыніць распаўсюд каронавірусу ў краіне. На пачатку з’яўлення інфекцыі ў Беларусі прадстаўнік САЗ у нашай краіне Батыр Бердыклычаў выказваў задаволенасць захадамі ўладаў. Цяпер, у інтэрвʼю «Белсату», прадстаўнік САЗ адзначыў, што сітуацыя з COVID-19 выклікае заклапочанасць.

Батыр Бердыклычаў у інтэрв’ю «Белсату» адзначыў, што цягам апошняга часу знаходзіцца ў сталым працоўным кантакце з Міністэрствам аховы здароўя і лекарамі.

«Павінен сказаць, што Міністэрства аховы здароўя з вялікай увагай ставіцца да рэкамендацыяў САЗ і мы актыўна супольна працуем над іх выкананнем. Аднак выкананне шэрагу рэкамендацыяў прадугледжвае захады не толькі сектара аховы здароўя, але і іншых галінаў – у межах агульнадзяржаўнага падыходу. Мы спадзяемся, што ўрадам будуць прынятыя належныя крокі ў справе дадатковых захадаў фізічнага дыстанцыявання і масавых мерапрыемстваў, якія адпавядаюць сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі», – распавёў «Белсату» Батыр Бердыклычаў.

Прадстаўніцтва САЗ у Беларусі.
Фота: un.by.

На думку прадстаўніка САЗ, некаторыя захады беларускіх уладаў недастатковыя і патрабуюць дапрацавання.

«Нягледзячы на ​​тое, што Беларусь павялічыла ложкавы фонд і інфраструктуру аховы здароўя для лячэння колькасці пацыентаў з COVID-19, хуткі рост новых выпадкаў захворвання пры адсутнасці адэкватных захадаў фізічнага дыстанцыявання можа неўзабаве прывесці да значнай перагрузкі існага патэнцыялу сістэмы аховы здароўя. Адпаведна, даступнасць медычнай дапамогі можа быць абмежаваная, у тым ліку і для пацыентаў у цяжкім і крытычным стане. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да павелічэння колькасці смяротных выпадкаў», – папярэджвае Батыр Бердыклычаў.

«Колькасць інфікаваных можа перавысіць 115 тыс. чалавек»

Паводле ранейшых прагнозаў Міністэрства аховы здароўя, пік захворванняў на COVID-19 у Беларусі будзе напрыканцы красавіка, пачатку траўня. З такой ацэнкай пагаджаўся і прадстаўнік САЗ у Беларусі. Але з гэтым не пагаджаюцца эксперты Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў. Цэнтр зрабіў вылічэнні паводле матэматычнай мадэлі на падставе «SEIR». Эксперты лічаць, што пік захворванняў можа адбыцца ў сярэдзіне траўня. У трэцяй дэкадзе траўня агульная колькасць загінулых пры негатыўным сцэнары можа складаць каля 3 тысячаў чалавек, агульная колькасць інфікаваных можа перавысіць 115 тысячаў чалавек.

«Адзіная магчымасць паўплываць на рэалізацыю прагнозу – прыняць дадатковыя каранцінныя захады. Вядзецца не пра татальны каранцін, але пра тое, што трэба скасаваць усе масавыя мерапрыемствы, увесці і кантраляваць практыку сацыяльнай дыстанцыі, выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя і САЗ. Асабліва тых момантаў, якія датычацца ўласнай эпідэміялагічнай бяспекі. І калі цяпер рэалізаваць гэта на працягу першага тыдня траўня, то сцэнар можна істотна перагледзець у аптымістычным кірунку», – распавёў «Белсату» Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Эксперт адзначае, што цяпер часу ва ўладаў засталося вельмі мала, літаральна тыдзень на тое, каб правесці захады і змяніць сітуацыю.

«Праблему і небяспеку каронавірусу недаацэньвалі і гэта прывяло да таго, што беларускія ўлады не пайшлі на прыняцце неабходных захадаў. Тыя ці іншыя крокі сістэма аховы здароўя зладзіла на першым этапе, калі вірус толькі пачаў распаўсюджвацца. Іх можна параўнаць па эфектыўнасці з каранцінам. Але мы бачым, што ўлады адмовіліся ад гэтай стратэгіі. У выніку расце колькасць інфікаваных, але ўлады не адмовіліся ад правядзення мерыпрыемстваў і не перавялі на дыстанцыйную форму працы школы, прадпрыемствы і гэтак далей. Усё спрыяе таму, што каронавірус распаўсюджваецца і піку мы не дасягнулі, а толькі набліжаемся да яго», – папярэджвае Арсеній Сівіцкі.

Hавiны
Місія САЗ наведае Беларусь 7 красавіка
2020.04.04 10:02

Пра тое, што час каб спыніць рост колькасці інфікаваных у нашай краіне абмежаваны, падкрэслівае і прадстаўнік САЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў. Паводле яго, наша краіна пераходзіць у новую фазу эпідэміі – устойлівай перадачы інфекцыі сярод насельніцтва. Таму цяпер місія САЗ рэкамендуе неадкладна ўвесці агульнанацыянальныя захады па ўзмацненні фізічнага дыстанцыявання на нацыянальным і абласным узроўнях:

  • перанесці усе масавыя мерапрыемствы, у тым ліку спартовыя, культурніцкія, палітычныя і рэлігійныя;
  • увесці фарматы аддаленай працы і дыстанцыйнага навучання, прыпыніць дзейнасць ўсіх другарадных арганізацыяў, прадпрыемстваў і эканамічных субʼектаў;
  • забеспячыць строгае выканання захадаў прафілактыкі і інфекцыйнага кантролю на тых працоўных месцах, дзе немагчымая аддаленая праца: гігіена рук, рэспіраторны этыкет, дыстанцыяванне на бяспечнай адлегласці ў 1-1,5 м;
  • забеспячыць адлегласць паміж працаўнікамі, абмежаваць колькасць нарадаў і сустрэчаў, забеспячыць належную вентыляцыю, асабліва ў медычных установах;
  • мінімізаваць неабавязковыя перамяшчэнні, асабліва для груп высокай рызыкі і ўразлівых пацыентаў.
Hавiны
Якія тэсты на каронавірус выкарыстоўваюць у Беларусі ды ў свеце?
2020.03.31 17:53

«Захады фізічнага дыстанцыявання важныя для таго, каб сістэма аховы здароўя магла падрыхтавацца да далейшага павелічэння колькасці пацыентаў і забяспечыла прадстаўленне неабходнай медычнай дапамогі. Гэта дапаможа замарудзіць перадачу, у той час як тэставанне, адсочванне кантактаў і ізаляцыя будуць працягваць стрымліваць яе», – падкрэслівае Батыр Бердыклычаў.

Таксама місія САЗ рэкамендуе паляпшыць інфармаванне грамадскасці пр развіццё сітуацыі з COVID-19, а таксама ўзмацніць захады абароны медыкаў.

Hавiны
Беларусы ацанілі, як сталі жыць падчас эпідэміі. Новае даследаванне Вардамацкага
2020.04.29 08:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў