Прадстаўнік БелТА падчас суда над Золатавай спаслаўся на «запаветы Божыя»


Адвакаты, якія рэпрэзентоўваюць інтарэсы БелТА на працэсе, падчас судовых спрэчак паскардзіліся на ажыятаж у медыях вакол судовага працэсу і дадатковыя страты для дзелавой рэпутацыі агенцтва.

Адвакат Панкоў заявіў, што Золатава нанесла шкоду інтарэсам і дзелавой рэпутацыі БелТА не толькі праз несанкцыянаваны доступ да платнай падпіскі, але і праз заявы – свае і сродкаў масавай інфармацыі – падчас суду. Паводле прадстаўніка БелТА, падрыў дзелавой рэпутацыі агенцтва працягваўся «цягам усяго судовага працэсу».

«У запале выкрыцця БелТА ўсе забыліся: тое, што нельга красці, запісанае не толькі ў Крымінальным кодэксе, гэта запаветы Божыя. Каму яшчэ не зразумела, што нельга выкрадаць?» – заявіў Панкоў.

Панкоў паскардзіўся на тое, як судовы працэс асвятляюць у СМІ і што суд над Золатавай усе называюць «справай БелТА». «Гэта неправільна», – сказаў ён. Паводле адваката, калі БелТА распачне новыя захады па абароне сваёй дзелавой рэпутацыі, гэта «не мусіць нікога здзіўляць».

Адвакат Ляскоўскі таксама абурыўся асвятленнем працэсу ў СМІ. Ён лічыць, што праблема зусім не ў тым, што БелТА кепска ахоўвала сваю інфармацыю. Паводле яго, калі чалавек ідзе і бачыць адчыненыя дзверы, «гэта не значыць, што можна заходзіць і выносіць ноўтбук».

«Не мае значэння, колькі навінаў яны апублікавалі. Не мае значэння, раней ці пазней іх публікавалі, чым публікавала БелТА. Гэтак жа не мае значэння, як перадаваліся паролі – праз пошту або факсы. Гаворка ідзе менавіта пра несанкцыянаваны доступ», – заявіў Ляскоўскі.

Адвакаты БелТА патрабуюць спагнаць з Золатавай 6 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі стратаў дзелавой рэпутацыі агенцтва.

Hавiны
Стала вядома, якое пакаранне для Марыны Золатавай патрабуе пракурорка
2019.02.25 10:46

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў