Прадстаўнікі ДНР і ЛНР пакідаюць Менск: Сустрэчы не было, мы шпацыравалі па горадзе


Прадстаўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР з’язджаюць з Менску. Сустрэчы кантактнай групы не адбылося.

«Мы пакідаем Менск, з’яжджаем», – заявіў у пятніцу ўвечары журналістам interfax.by прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін.

Паўнамоцнік ДНР паведаміў, што цягам дня ніякіх спатканняў у Менску не праводзілася: «Сустрэчаў не было, мы, можна сказаць, шпацыравалі па горадзе, глядзелі славутасці Менску».

Пушылін дадаў, што сепаратысты не збіраюцца адмаўляцца ад мірных перамоваў з украінскім бокам. Паводле яго, перамовы могуць адбыцца ў Менску на наступным тыдні.

Прадстаўнікі Кіева не прыехалі на сустрэчу з сепаратыстамі, паколькі ўкраінскі бок хацеў весці перамовы непасрэдна з лідарамі ДНР І ЛНР Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім.

Раней кіраўнік ДНР патлумачыў журналістам, чаму ў пятніцу не паехаў у Менск. «Пакуль Украіна не вылучыць афіцыйнага прадстаўніка Кіева, я не бачу сэнсу ехаць туды на чале рэспублікі, для гэтага ёсць падначаленыя», – сказаў Захарчанка. Кіраўнік ДНР дадаў, нічога не ведае аб запрашэнні на сустрэчу ў Менск.

Высланнік ДНР у Менск Дзяніс Пушылін паведаміў, што кіраўнікі ДНР і ЛНР прыедуць на сустрэчу толькі тады, калі будзе падрыхтаваны канчатковы дакумент, які рэгулюе асноўныя параметры спынення канфлікту. «Гэта значыць, калі дакумент будзе ўжо парафіраваны і ўзгоднены ўсімі бакамі, тады кіраўнікі ДНР і ЛНР прыедуць і падпішуць яго», – сказаў паўнамоцнік ДНР.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў