Каб папярэдзіць правакацыі, вытворчасць сушы прадпрымальнікі закрылі.
Аляксандр і Таццяна Шалухі з Нясвіжу больш як два гады займаюцца вырабам сушы. Некаторыя заказы ў іх забіраюць з дому, некаторыя – яны развозяць.
Цягам двух тыдняў сужэнцы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў Менску. Адпаведнае фота з бел-чырвона-белым сцягам Таццяна паставіла сабе на аватарку ў сацыяльных сетках. Тыдзень таму пара вярнулася ў Нясвіж, а ўвечары 3 жніўня з імі звязаліся знаёмыя – адзін працуе на рынку, другая – у санэпідэмстанцыі.
«Сказалі: «Таня, глядзі, АБЭЗ ходзіць па горадзе і збірае інфармацыю». Маўляў, у іх ёсць папка, у якой мой фотаздымак», – распавяла жанчына.
Паводле знаёмых, у санстанцыі распытвалі, як працуе бізнес сужэнцаў, як ладзяцца яго праверкі. У падатковай, паводле Таццяны, таксама пра іх пыталіся, але ўсе падаткі плацяцца своечасова, таму прэтэнзіяў быць не павінна.
Таксама распытвалі і прадпрымальніка на рынку, у якога жанчына працавала прадаўцом. Цікавалі, якія абавязкі яна выконвала, чаму звольнілася.
«І вось з сённяшняга дня мы вырашылі, што працаваць не будзем. Мы параіліся, што яны могуць учыніць правакацыю. Напрыклад, замовіць сушы і сказаць, што нехта атруціўся. І потым нам будзе бяда», – кажа Таццяна.
Паводле яе, у сацыяльных сетках ёй паведамілі, што яны не першыя прадпрымальнікі, да якіх зараз пайшлі з праверкамі.
«У нас зараз людзі выходзяць, але выходзяць не шмат. Бо ўсе працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. А ўсіх прыватнікаў, якія не баяцца выходзіць, рэальна шчэмяць», – адзначыла прадпрымальніца.
Пры гэтым яна прызнае, што да іх непасрэдна пакуль ніхто не прыходзіў. Але, каб загадзя папярэдзіць нейкія правакацыі, Аляксандр у той жа вечар апублікаваў пост пра праверкі.
https://www.instagram.com/p/CErtqmzMrFY/
«Каб агалоска была, каб на нас не ціснулі. Хай яны ведаюць, што пра гэта кажуць людзі», – сказала Таццяна.
Яна адзначыла, што публікацыя выявіла шмат аднадумцаў, пра якія Таццяна і Аляксандр раней не ведала.
«Мы думалі, што людзі нас не падтрымліваюць, але, на шчасце, мы ўбачылі, што аднадумцаў у нас вельмі шмат», – падкрэсліла жанчына.
МГ belsat.eu