Прадпрымальнікі Магілёўшчыны: Падаткаў ніхто не адмяняў. Чаму нам не даюць працаваць?


Індывідуальным прадпрымальнікам забаранілі гандляваць на рынках у суседніх раёнах.

Пятніца ў Чэрыкаве – рынкавы дзень. Толькі не ў гэты раз. Прадпрымальнікі з Крычава, Чавус і Магілёва прыехалі з таварам, але іх не пусцілі гандляваць. На ўваходзе на рынак вісіць аб’ява, што з мэтай прафілактыкі інфекцый, у тым ліку COVID-19, гандлёвыя месцы прадстаўляюцца выключна мясцовым прадпрымальнікам.

«Нас папрасілі наперад за 2 месяцы сплаціць падаткі, каб дапамагчы дзяржаве. Мы сплацілі, а цяпер нам забараняюць працаваць. У нас у Беларусі ніякага каранціну няма, а ў Чэрыкаве ўлады нібыта ўвялі для нас каранцін. І перамяшчэнне па Беларусі ніхто не забараняў, але на рынак у Чырыкаў нас не пускаюць», – абураецца індывідуальная прадпрымальніца з Крычава Святлана Лаўрыненка.

Фота: Belsat.eu

У прадпрымальнікаў пераважна беларускі тавар. Перабояў з пастаўкамі яны не адчуваюць, а вось праблема з рэалізацыяй нечакана паўстала. У некаторых – сезонны тавар, штучныя кветкі ці банкі, крышкі.

Непапулярныя захады ў дачыненні да арандатараў патлумачыў старшыня Чэрыкаўскага РАЙПО Мікалай Крыжэвіч:

«Вы дзень адпрацавалі – вы за дзень заплацілі. Не працуеце – не сплачваеце. Таму тут з нашага боку парушэнняў ніякіх няма. Рашэнне гэта не нашае, а камісіі па надзвычайнай сітуацыі. Такой сітуацыі можа быць і няма, але распаўсюджанне ідзе. Я гляджу тэлебачанне і веру яму. Да мяне паступіў дакумент і я яго выконваю».

Мікалай Крыжэвіч.
Фота: Belsat.eu

Дакумент Мікалай Крыжэвіч прынёс з сабой. Гэта «Комплексны план мерапрыемстваў па прафілактыцы распаўсюду COVID-19 на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёну», падпісаны старшынёй райвыканкаму Аляксандрам Міхеенка.

Сярод мерапрыемстваў адзначана «забеспячэнне гандлёвых месцаў на рынку суб’ектам, зарэгістраваным на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёну». У гэткай меры ёсць і тэрмін дзеяння – «пастаянна да нармалізацыі эпідабстаноўкі».

Фота: Belsat.eu

Прадпрымальнікі не палічылі дакумент нейкім сурʼёзным абгрунтаваннем, бо на ім не стаяла ні воднай пячаткі. Каб пацвердзіць сапраўднасць дакументу, на рынак прыехала міліцыя. Але і словы міліцыянтаў не супакоілі людзей, якія засталіся без працы.

«Прэзідэнт сказаў, што трэба працаваць, інакш будзе… што ён там сказаў? Я ўзяла на фабрыцы абутак, мне далі адтэрміноўку 45 дзён. Мне трэба прадаць тавар і вярнуць на фабрыку грошы. Я не магу ні дня сядзець, бо я застануся проста без сродкаў для існавання», – кажа іншая прадпрымальніца Алена Набокава.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

Алене цяжка зразумець захады адміністрацыі раёну, бо яна прыехала з Магілёва, дзе нічога не закрывалі. Усе ў пальчатках і ў масках, але працуюць. Ёсць антысептыкі. Гэта можа пракантраляваць санстанцыя. Меры бяспекі жанчына разумее так: хто хоча і можа самаізалявацца – сядзіць дома. Яна ж не жадае і не мае магчымасці ўзяць часовы адпачынак – трэба працаваць.

Прадпрымальнікі наракаюць на несправядлівасць, бо мясцовым дазволена гандляваць, а іншагароднім – не. На іх думку, закрываць рынкі цалкам – таксама няправільна, бо ў Беларусі каранціну няма.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

Прадпрымальніца з Крычава Ларыса Новікава кажа, што ў сваім горадзе ўсе гандляры не змесцяцца, маўляў, рынак маленькі:

«Мы лічымся, як выязны гандаль. У нас паўсюль заключаны дамовы. Сёння дзень прапаў, калі зачыняць астатнія гарады, то што нам рабіць? Зараз і так продаж упаў на 80 %. Мы едзем і кажам: адзінку прадалі і слава богу, не па нулям. Мелкія прадпрымальнікі ўсе зараз так жывуць. А нас пазбаўляюць і гэтага».

Усяго на Чэрыкаўскім рынку 78 месцаў, але сёння там было занята каля дзясятка. Працавалі людзі з Чэрыкава, а таксама некалькі прадпрымальнікаў з Магілёва, якія вынайшлі выйсце.

Фота: Belsat.eu

«Нам паведамілі пра забарону працаваць у Чэрыкаве толькі ўчора ўвечары. Мы гандлюем тут вельмі даўно, у нас ёсць свае пастаянныя кліенты, а таксама добрыя знаёмыя. І мы вырашылі заключыць дамову з жыхаром Чэрыкава, каб ён стаў нашым прадаўцом. Фармальна гандлюем не мы, а ён», – кажа прадпрымальніца з Магілёва, якая не пажадала называць свайго імя.

Іншыя прадпрымальнікі не падтрымліваюць такіх захадаў. Жыхар Чавус Максім Косцікаў кажа:

«У мяне ёсць чалавек, з якім мы спрацаваныя, ён у мяне даўно, навошта мне замест яго браць іншага прадаўца? Тым больш па характару нашай працы мне сёння прыйдзецца браць чалавека ў Чэрыкаве, а заўтра – у Краснаполлі, паслязаўтра – у Слаўгарадзе? Гэта абсурд. Тым больш не абароніць ад распаўсюду інфекцыі, бо тавар прывозяць самі прадпрымальнікі».

Фота: Belsat.eu

Апошняй да незадаволеных людзей падышла галоўны санітарны лекар Чэрыкаўскага раёну Людміла Шматава. Яна звярнулася да людзей:

«Хоць у нас пакуль не зарэгістравана на тэрыторыі раёну ніводнага выпадку, але мы бачым развіццё сітуацыі і прынялі такое рашэнне. А менавіта, на тэрыторыі рынку з мэтай утрымання сацыяльнай дыстанцыі паміж прадаўцамі і пакупнікамі, з мэтай абмежавання масавага скаплення людзей, прадстаўляць месцы толькі людзям з Чэрыкаўскай прапіскай. Гэта прафілактычная і часовая мера. Гэта не назаўсёды. Я разумею, што зараз усе адчуваюць адмоўную эканамічную нагрузку, але гэты час трэба ператрываць, перажыць і аднесціся з разуменнем. Нам хочацца і вашага разумення. Вам ніхто не забараняе рэалізоўваць свой тавар на рынках у сваім раёне».

На што прадпрымальнікі прапанавалі Людміле Шматавай узяць адпачынак за свой кошт і часова пасядзець дома самой.

Людміла Шматава.
Фота: Belsat.eu

На гэтым дыялог скончыўся. Адказныя асобы разышліся, а некаторыя прадпрымальнікі сталі раскладаць свой тавар для продажу. І ніхто ім гэтага не забараняў рабіць.

Заўтра ў прадпрымальнікаў рынкавы дзень у Касцюковічах, але ці будзе ён, ніхто не ведае.

Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў