Прадавачка на рынку ў Смалявічах: У выходныя бацькі прыходзяць з дзецьмі як на масавыя гулянні


Афіцыйна цяпер у Беларусі каронавірусам штодня заражаюцца амаль 1000 чалавек. У колькасці інфікаваных нашая краіна абагнала ўсіх суседзяў акрамя Расеі. Аднак далёка не ўсе беларусы вераць у сур’ёзнасць эпідэміі. У рэдакцыю «Белсату» звярнулася жыхарка Смалявічаў, якая працуе на мясцовым рынку, каб распавесці, як рэагуюць жыхары гораду на небяспеку, якую нясе COVID-19.

Паводле Людмілы (імя змененае), мясцовыя жыхары не вераць у небяспеку віруса. Шмат хто не трымаецца нават мінімальных захадаў бяспекі, да таго ж калегі і пакупнікі не заўсёды адэкватна рэагуюць на ейныя заўвагі. Спадарыня Людміла кажа, што заклікала адміністрацыю дапамагчы пільнаваць нашэнне масак. Аднак адказ быў такі: кожны сам мусіць пастанавіць, бо афіцыйнага загаду надзяваць маскі не было.

«У выходныя бацькі прыходзяць з дзецьмі на рынак як на масавыя гулянні. Большасць ігнаруе захады бяспекі. Я спрабавала з імі гаварыць, але яны ігнаруюць. Я ўжо і скандаліла, і чаго толькі ні рабіла, мяне ледзь не закапалі. Маўляў, кожны сам за сябе, што ты нам з гэтымі наморднікамі, як гаварыў Лукашэнка, лезеш. Давялося раздрукаваць з інтэрнэту фатаграфіі ды артыкулы пра каронавірус, але яны нават не хацелі чытаць, усе смяюцца».

Hавiны
«Усе панікуюць, асабліва пенсіянеры». Ці спраўляюцца Стоўбцы з пандэміяй?
2020.04.29 16:42

Жанчына купляе маскі за свае грошы ды мяняе іх кожныя дзве гадзіны, спрабуючы засцерагчы сябе і пакупнікоў ад заражэння. Людміла выставіла стол ля крамы і трымае дыстанцыю з кліентамі некалькі метраў.

«Прыйшоў мужчына, пачаў абурацца, што ў краму не пускаю. Была пакупніца з бабуляй. Я кажу, што небяспечна са сталым чалавекам выходзіць, трэба яе берагчы. А дзяўчына – маўляў, трэба быць пазітыўным».

Кабета жыве каля шпіталю і кажа, што ўсё больш нарадаў хуткай дапамогі прывозяць пацыентаў у капсулах.

Hавiны
«Хочаш здохнуць – прыходзь у докшыцкую ЦРБ». Крык душы беларускай медсястры
2020.04.25 11:22

Дальнабойнік прывёз каронавірус?

Яшчэ адна крыніца belsat.eu са Смалявічаў на ўмовах ананімнасці распавяла пра сітуацыі, калі хворыя асобы маглі заразіць іншых. Паводле нашага суразмоўцы, мясцовых жыхароў забіраюць у іншыя больніцы, бо скончыліся месцы. З дактароў узялі падпіску пра неразгалашэнне, таму ніхто не ведае, як насамрэч выглядае сітуацыя з COIVD-19 у горадзе.

«У адной тэрапеўткі дальнабойнік-сужыцель вярнуўся з паездкі. Хварэў, яна яго ўдома лячыла, а сама працавала, ездзіла на выклікі. Калі зусім яму кепска стала – забрала ў паліклініку, вадзіла па кабінетах. Аказалася – каронавірус. Колькі ён мог заразіць? А яна? Палову горада? Бог ведае. Пасля прыехала камісія, быў скандал. Сталі гаварыць, што не было каронавірусу. Але ж усе баяцца нешта распавядаць».

Hавiны
«Дзень сурка» ў медсясцёр: 4 гадзіны на вахце, 4 – на адпачынку, і гэтак цэлыя содні
2020.04.27 19:05

Таксама чытач распавёў пра знаёмую, якая працавала ў шпіталі санітаркаю. Жанчына захварэла і прасіла адпусціць на бальнічны. Кіраўніцтва не пагаджалася, а пасля ў яе выявілі COVID-19.

На 29 красавіка ў Беларусі зарэгістравалі 13 181 выпадак каронавіруснай інфекцыі, што складае 7,8 % ад колькасці тэстаў. За содні колькасць інфікаваных павялічылася на 973 чалавекі. САЗ заклікала Беларусь да неадкладных дадатковых захадаў у барацьбе з COVID-19, у прыватнасці да фізічнага дыстанцыявання.

Фотарэпартаж
«Які вірус? Тут і так усе мёртвыя…» Як прайшла Радаўніца ў Горадні
2020.04.28 15:28

ДР/ДЗ belsat.eu

Стужка навінаў