Прадаць зброі на мільярд долараў. Беларускія ракеты і беспілотнікі ідуць на ўра

Беларусь будзе стрымліваць любога магчымага агрэсара дальнабойнымі і магутнымі ракетамі, а таксама распрацоўваць ударныя беспілотнікі, паведамілі ў Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі. Акрамя таго, плануюць, што экспарт беларускіх узбраенняў у 2018 годзе перавысіць $ 1 млрд. Але кіраўнік краіны патрабуе дасягнуць узроўню $ 2 млрд. І зрабіць гэта ўжо сёлета.

Вайскова-тэхнічная самастойнасць?

Нашая краіна плануе развіваць вайсковую ракетную тэхніку, беспілотныя авіяцыйныя комплексы розных тыпаў, вайсковую робататэхніку, пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце ўстановы аб сустрэчы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёю ДВПК Раманам Галоўчанкам.

Выведна-ўдарны беспілотнік «Буравеснік МБ». Фота kp.by

У прыватнасці ў Беларусі ўжо распрацаваныя сістэмы кіравання і сувязі, навігацыі, мэтавыя нагрузкі для беспілотнікаў, якія будуць не толькі весці выведку ды назіраць за праціўнікам, але і наносіць па ворагу ракетныя ўдары. Асобныя ўзоры гэтай тэхнікі дэманстраваліся ў кастрычніку.

Створаныя і мадэрнізуюцца рабатызаваныя агнявыя комплексы «Берсерк» і «Багамол», аўтаматызаваныя дыстанцыйна кіраваныя наземныя агнявыя комплексы «Адунок».

Рабатызаваны супрацьтанкавы комплекс «Багамол». Відэа ДВПК

У сувязі з тым, што ў Беларусі пасля знікнення СССР не засталося прадпрыемстваў у вытворчасці вайсковай стралковай зброі і патронаў, у гэтай сферы нашая краіна вельмі залежыць ад Расеі. Аднак сітуацыя паступова будзе мяняцца.

«Прэзідэнт гэтае заданне паставіў не проста так. Стралковая зброя маральна старэе гэтаксама, як і ўсё астатняе… Заданне кіраўніка дзяржавы пастаўленае, і яно будзе выконвацца», – сказаў Раман Галоўчанка.

Пакуль у Беларусі збіраецца толькі службовая і грамадзянская зброя, якая адрозніваецца характарыстыкамі ад вайсковай, прычым пераважна з імпартных камплектавальных. Акрамя таго, у Віцебскай вобласці недалёка ад Воршы будуюць завод вытворчасці патронаў.

За добрыя грошы ў добрыя рукі

Пры гэтым «галоўным заданнем» лічаць нястратную працу прадпрыемстваў, станоўчыя фінансавыя вынікі дзейнасці. Тут вельмі дапамагае экспарт, бо Беларусь падтрымлівае вайскова-тэхнічную супрацу больш як з 60 краінамі свету.

«Станам за 10 месяцаў мы падыходзім да аб’ёму экспарту $ 1 млрд. Калі ўсё пойдзе ў планавым парадку, то па выніках года ўзровень $ 1 млрд будзе перавышаны», – сказаў Галоўчанка.

Новыя «Паланэзы» армія Азербайджану атрымала ў верасні 2018 года. Відэа Міністэрства абароны Азербайджану

У прыватнасці можна згадаць пастаўкі сістэмаў залпавага агню «Паланэз» у Азербайджан – самай магутнай і дальнабойнай (калі не лічыць авіяцыі) зброі беларускай арміі. А кіраўнік Дзяржкамваенпраму прывёў у прыклад экспарт беларускіх распрацовак у сферы радыёэлектроннай барацьбы.

Прэзідэнт Украіны перадае дакументы на новую тэхніку ўкраінскім вайскоўцам на фоне радыёлакацыйнай станцыі на беларускім шасі. Фота president.gov.ua

«Ёсць дзяржавы, якія вельмі шчыльна сядзяць на беларускім узбраенні… Суадносіны характарыстык і кошту гуляюць на карысць беларускіх вырабаў», – сказаў урадовец.

Такім чынам беларуская ваенная прамысловасць не толькі дае працоўныя месцы, рыхтуе высока дасведчаных адмыслоўцаў, падтрымлівае беларускую культуру працы ды стварае дарагую высокатэхналагічную прадукцыю, але і дае прыбытак.

Не баімся канкурэнцыі з Масквою

Асноўным вайскова-тэхнічным партнёрам Беларусі застаецца Расея, аднак Масква намагаецца дыктаваць Менску ўмовы і ў свой час хацела захапіць найлепшыя прадпрыемствы беларускага вайскова-прамысловага комплексу.

Цягач МЗКТ-79221 з атамнаю ракетаю (макетам ракеты?) комплекс «Топаль-М» на парадзе ў Маскве ў 2010 годзе. Фота wikipedia.org

Масква ўжо спрабавала набыць важны ёй Менскі завод колавых цягачоў у 2012–13 гадах, прычым спрабавала выкручваць рукі беларусам негалоснаю забаронаю на набыццё прадукцыі МЗКЦ. Замест іх усходні сусед пагражаў пачаць выкарыстоўваць шасі вытворчасці КамАЗу і УралАЗу. Аднак шантаж не спрацаваў.

Дагэтуль МЗКЦ – пастаўнік цяжкіх колавых шасі для расейскай арміі. Менавіта на розных мадыфікацыях шасі МЗКЦ стаяць расейскія аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр», берагавыя ракетныя комплексы «Бал» і «Бастыён», кантэйнерныя ракетныя комплексы «Club-M», зенітна-ракетныя комплексы С-400 і С-500, ракетныя комплексы стратэгічнага прызначэння «Топаль-М» і «Ярс».

Фота турэцкага аператыўна-тактычнага комплексу KAAN. На кабіне бачны лагатып «Volat» – гандлёвая марка беларускага МЗКЦ. Крыніца http://www.aviationanalysis.net

«Сапраўды, Расея вядзе самастойныя распрацоўкі на КамАЗе транспартавага сродку, які можа выступаць канкурэнтам прадукцыі МЗКЦ… Мы ў гэтым ніякай трагедыі не бачым… Мы працягваем і будзем канкураваць з расейскаю тэхнікаю», – адзначыў старшыня ДВПК.

У той жа час ён не выключыў і «менш станоўчага сцэнара», у сувязі з чым МКЗЦ імкнецца шукаць новых кліентаў, распрацоўваць не толькі шасі, але і паўнавартасныя ўзоры баявой тэхнікі на гэтых шасі.

Бронеаўтамабіль «Volat V-1» на парадзе ў Менску. Фота wikimedia.org

Гэтак, дэбютам МЗКЦ у сферы бранятэхнікі для пяхоты стаўся бронеаўтамабіль «Volat V-1». Не выключаюць, што далей прадпрыемства будзе распрацоўваць першы беларускі бронетранспарцёр.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў