Прадаць і з’ехаць з Беларусі: сярэдні клас на нізкім старце

Наталля
Літоўская
Эксперт па нерухомасці

Палітычны крызіс, які зацягнуўся, знікненне механізмаў абароны свайго меркавання і нават волі не маглі прывесці да іншага выніку: краіну пачалі пакідаць айцішнікі і прадпрымальнікі, здольныя рэалізавацца за межамі сінявокай. Усё часцей у аб’явах аб продажы дамоў і якасных кватэр указваецца «продаж у сувязі з пераездам».

Фота з аб’явы аб продажы катэджа ў в. Гарадзішча ў 8 км ад МКАД. Фота: realt.by

«Продаж з мэбляй і тэхнікай»

Сучасны дом ля Менскага мора, правільныя 250 квадратных метраў, толькі-толькі абжытыя, абстаўленыя. Па зручнай зоне барбекю і сажалцы на ўчастку відаць – стваралася ўсё для сябе. Толькі выставілі на продаж з усей мэбляй і тэхнікай. Адзін участак з аўкцыёну каштуе ў гэтым месцы каля br 80 тысяч – так што хочуць, падобна, роўна столькі, колькі ўклалі ў будаўніцтва і ўладкаванне.

Катэдж у Раўбічах. Таксама відаць, што толькі сталі там абжывацца, толькі расставілі сямейныя фота ў рамках. «Гаспадар рабіў усё прадумана і з любоўю, прадае ў сувязі з пераездам. Продаж з усей мэбляй і тэхнікай», указвае агент. Цана таксама роўная выдаткам.

Фота з аб’явы аб продажы катэджа ў в. Новая Вёска. Фота: realt.by

Ці вось яшчэ дом пад Менскам – амаль аўтаномны, акуратны і ўтульны, у якім пражылі ўсяго пару гадоў. Людзі разбілі самы сапраўдны агарод – відавочна, што хацелі жыць тут да старасці. «Прычына продажу – змена ПМЖ».

Дом у амерыканскім стылі, з сажалкай і садком на заднім двары, з беласнежнай альтанкай. Назірала, як яго будавалі. Сям’я аздобнымі працамі і ўчасткам займалася сама – ім гэта падабалася. Прадаюць за тую ж суму, што патрацілі за гады будаўніцтва. Так і не паспелі пажыць…

Чарговая новая прапанова – 24 соткі сярод лесу, з 300-метровым домам, басейнам і лазняй-бочкай пад адкрытым небам.

«У сувязі з апошнімі падзеямі прадаецца шыкоўны жылы дом толькі што пабудаваны з велізарнай любоўю для сваёй сям’і!» – зусім ужо сумленны прадавец.

Фота з аб’явы аб продажы шыкоўнага дома ў Смалявіцкім раёне. Фота realt.by

Такіх прапановаў пакуль не сотні, але ўжо больш за дзясятак. Упэўненасці ў тым, што ўдасца прадаць дом сваёй мары ў большасці няма – гэта, хутчэй, спроба прыкінуць саму магчымасць продажу. Адзін з такіх прадаўцоў, Станіслаў, тлумачыць: сябры адкрылі лагістычную кампанію ў Польшчы, хочуць пашырацца, Клічуць да сябе – дзейнасць тут у яго падобная, асаблівасці функцыянавання рынкаў Беларусі і Расеі ён ведае, будзе карысны.

Калі б яшчэ год таму яму сказалі, што ён захоча пераехаць, не паверыў бы – год таму выбіраў, з чаго рабіць дарожкі ў садзе і лаяўся з прадаўцамі з нагоды камянёў для габіённага плота. Але ў верасні затрымалі «за ўдзел» жонку, якая была ў горадзе па справах, заходзіла паглядзець, як стаіць іх гарадская кватэра. А выйшла, зачапілася размовай з суседкай, якая стаяла ў ланцугу салідарнасці, і не зразумела, што пара бегчы. Жонку не білі, але яна вярнулася дадому з упэўненасцю, што нічога добрага чакаць ад гэтай краіны не прыходзіцца і нічога тут не наладзіцца.

«Я дом нават па сабекошце наўрад ці змагу прадаць. Проста таму, што ўсе, у каго ёсць грошы на яго, цяпер на нізкім старце і самі разважаюць над ад’ездам. Проста вырашыў паспрабаваць. Кватэру не прадаю пакуль, хай будзе нейкі плацдарм на выпадак вяртання. А дом без нагляду пакідаць дакладна нельга», – кажа Станіслаў.

Спальня ў сучаснай кватэры. Фота: pixabay.com

«Гэта, вядома, пападалава»

Гэта ўжо разважанні Глеба, які пабудаваў вялікую кватэру ў дарагім раёне. Ключы на руках, але сям’я жыве ў старой двушцы і да рамонту новай не прыступае. Глеб айцішнік, яго кампанія не так даўно прапанавала ключавым супрацоўнікам паразважаць на тэму – калі гэта ўсё надоўга, то ці гатовыя вы на пераезд? Здаецца, вялікая частка гатовая. Так што ў Глеба няма асаблівага выбару – калі «праца» зʼедзе, ён з сямʼёй рушыць услед за асноўнай крыніцай прыбытку.

Пакуль новую кватэру выставіў на продаж, каб проста прыкінуць, ці купяць яе. Дзве кватэры ў Менску пры такіх перспектывах проста не патрэбныя.

Але, кажа Глеб, за два тыдні ніводнага званка ад рэальнага пакупніка. Зрэшты, кватэра не хата, будзе стаяць, камунальныя паслугі можна аплачваць і дыстанцыйна. Крыўдна толькі, што стан падвешанасці расцягваецца. А неспакой нарастае. Калегі Глеба пабудаваліся ў Новай Баравой і ў Пірсе. І ўсё назіраюць за тым, як разгортваюцца падзеі. Зрэшты, пакуль сваё жыллё не прадаюць. Таму што спадзяюцца, – нават калі заўтра давядзецца зʼехаць, змогуць вярнуцца ў сваё жыллё.

Высновы будуць?

На нізкім старце цяпер людзі з самым высокім патэнцыялам, тыя, хто патрэбны ўсюды, у любой краіне. Высокакваліфікаваныя работнікі, кіраўнікі, уладальнікі бізнесаў-працадаўцы. Паедуць яны – ляжа сфера абслугоўвання, прасядзе гандаль, вырасце ўзровень беспрацоўя. Так, цэны на нерухомасць, новую, якасную, упадуць ніжэй за сабекошт. Толькі вось хто яе зможа сабе дазволіць купіць і ўтрымліваць, калі ўсе, хто зарабляе больш, чым на ежу і гаджэты ў растэрміноўку, з’едуць?

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў