«Праблемы з лёдам, распранальнямі, асвятленнем». Што перашкаджае зборнай Беларусі па хакеі?


Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў распавёў, у якіх умовах вымушаныя трэнавацца спартоўцы.

Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі з шайбаю другі раз запар узяла ўдзел у «Кубку Славаччыны» пад назваю «Каўфлянд Кап – 2020» («Kaufland Cup 2020»), што сёлета прайшоў у славацкім Попрадзе. Як і летась, нашая дружына абедзве сустрэчы прагуляла. Мы былі слабейшыя за Славаччыну 3:4, а алімпійскай зборнай Расеі не закінулі ўвогуле – параза 0:1.

Міхаіл Захараў

– Зборная Беларусі сутыкнулася з непрадбачанымі цяжкасцямі яшчэ на стадыі рыхтавання да славацкага выезду.

– Я вельмі ўдзячны хакеістам, што, нягледзячы на такое абразлівае стаўленне да каманды, яны працягваюць прыязджаць у нашую нацыянальную зборную і ўжо цяпер усе да аднаго пагадзіліся дапамагчы ёй на чэмпіянаце свету – 2020 у Швейцарыі, – распавёў па прылёце ў Менск галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў. – Але нельга не заўважыць, што стаўленне да нас становіцца ўсё больш зневажальнае. Няма ўмоваў для заняткаў ні на «Менск-Арэне», ні на «Чыжоўка-Арэне». Праблемы з лёдам, з распранальнямі, з асвятленнем.

Летась каманда лятала на гэты ж турнір чартарам, а цяпер у апошні момант Міністэрства спорту і турызму ў асобе міністра паставілі перад фактам, што нас чакаюць рэгулярныя авіярэйсы, а гэта, апроч дзвюх перасадак у аэрапортах, яшчэ і немалы аўтобусны шлях. Вось і выйшла, што ў недалёкую Славаччыну мы дабіраліся 17 гадзінаў, а назад удалося даць рады за 13. Але ўсё роўна з раннім пад’ёмам ужо а шостай гадзіне. Ёсць такія добразычліўцы, якія так зрабілі. Пакуль прозвішчаў не хачу называць, але хутка назаву. Не перажывайце.

Hавiны
«Хакей пойдзе ўверх». Захараў зноў узначаліў беларускую зборную
2019.08.20 16:11

Зараз нас чакаюць чатыры красавіцкія матчы «Еўрачэленджу» з Латвіяй ды Казахстанам на «Чыжоўка-Арэне». Дзякуючы старшыні Менгарвыканкаму, той збор павінен адбыцца ў больш прыстойных умовах. Нам дзве распранальні далі, якія мы аб’яднаем. Ну ўжо хоць нешта больш-менш. Ужо колькі год існуе нацыянальная зборная, а ў нас дасюль свайго дому няма. Гэта няправільна.

– Але ж ёсць яшчэ і Федэрацыя хакею Рэспублікі Беларусь…

– Федэрацыя робіць усё магчымае на сённяшні дзень. Хоць там таксама ўсё запушчанае. Мы шмат размаўляем, але для мяне вельмі дзіўна, што ў нашай адміністрацыі, у персаналу зборнай увогуле нічога няма: ні станкоў тачыльных, ну нічога. Мы калі ў верасні размаўлялі, нам прапанавалі пакласці на стол ліст з патрабаваннямі, што трэба для каманды. Мы напісалі каля 45-ці найменняў. Нам адказалі: штосьці ў «Юнацтва» возьмем, штосьці ў «Дынама». Я здзівіўся, што на складзе нічога няма і мы карыстаемся ўжо былым ва ўжыванні. Хоць у свой час і грошы былі пры ранейшым старшыні федэрацыі хакею Ігары Рачкоўскім, і вялікія былі грошы. Няўжо цяжка было для нацыянальнай зборнай штосьці закупіць? Нічога не было. Нават звычайнага фотаапарата. Але пакрысе штосьці знайшлі.

Hавiны
«У Беларусі з намі так не гуляюць». Трэнер, гульцы і заўзятары – пра перамогі «Юнацтва» у Лізе чэмпіёнаў
2019.09.02 18:48

Мы хіба ці не найменш забяспечаныя сярод усіх удзельнікаў чэмпіянату свету – 2020. Зразумела, што маем страхоўку ад вылету ў ніжэйшы дывізіён, бо прымаем планетарнае першынство наступнага года. Але ж зразумела, што сёлета ў Швейцарыі для нас таксама непрыстойна будзе заняць апошняе месца. Таму, лічу, нават ва ўмовах жорсткага ашчаджэння нам павінныя стварыць больш годныя ўмовы пры рыхтаванні да галоўнага старту гэтага сезону, – кажа Міхаіл Захараў

Аляксандр Пуціла Belsat.eu

Стужка навінаў