«Праблема ў мужыках! Яны прывіваюць комплексы дзяўчатам!» Дзеля чаго жанчыны кладуцца пад нож?


Кожны з нас хоць раз ды чуў гісторыі, звязаныя з пластычнымі аперацыямі. Калі навукоўцам яшчэ не дазваляюць кланаваць чалавека, то пластычныя хірургі ўжо не адзін год амалоджваюць і ўпрыгожваюць людзей пры дапамозе скальпеля.

Часцей медыі пішуць пра замежных зорак ды інстаграм-блогераў, якія робяць дзясяткі аперацыяў у пагоні за вечнаю прыгажосцю. А якія пластычныя аперацыі робяць беларусы, і да якіх наступстваў гэта прыводзіць?

Беларуская фітнес-трэнерка і прадпрымальніца Віка Світ зрабіла сабе шэраг пластычных аперацый, каб давесці сваё цела да дасканаласці.

«Раней я важыла 84 кілаграмы пры росце 160. У клубе мне вельмі падабаўся адзін хлопец, ён мне заўсёды казаў: «Віка, ты вельмі прыгожая з твару, але тоўстая. Трэба з гэтым штосьці рабіць». І мяне ў адзін момант быццам пераключыла», – распавядае Віка.

Фота з асабістага архіву Вікі Світ

На ейным рахунку аперацыі для павелічэння грудзяў, вуснаў, змена формы твару пры дапамозе мезанітак.

«Я мяркую так: калі табе штосьці не падабаецца – перарабляй. У сучасным свеце ўсё даступна», – адзначае Віка.

Фота з асабістага архіву Вікі Світ

Фітнес-трэнерка кажа, што яна вельмі задаволеная ўсім, што зрабіла, і ўжо падумвае пра чарговую аперацыю на грудзях.

«Гэтая аперацыя ўваходзіць у топ-3 папулярных у свеце і ў Беларусі ў тым ліку», – адзначае пластычны хірург Дзмітрый Бацюкоў.

Пластычны хірург Алег Стасевіч адзначае, што эстэтычная медыцына, пластычная хірургія – гэта не медыцына неабходнасці, гэта не неадкладная хірургія. Гэта своеасаблівая пазнака раскошы або якасці жыцця.

«Калі гэта публічны чалавек – гэта неабходнасць. 99 % публічных людзей, асабліва на Захадзе, асабліва ў Галівудзе, яны ўсе прайшлі праз пластычных хірургаў», – запэўнівае Алег Стасевіч.

Перарабіць усё!

Некаторыя людзі, пачаўшы з адной аперацыі, пасля ўжо не могуць спыніцца і перарабляюць усё, што трапіцца на вочы. Пластычныя хірургі кажуць, што часам даводзіцца адгаворваць пацыентаў ад працэдуры, якая ім не патрэбная. Бывае, што хірургі адмаўляюцца рабіць аперацыю.

«Ёсць такі дыягназ. Гучыць ён як дысмарфафобія. Калі чалавек не можа змірыцца з тым, як ён выглядае, як бы ён ні выглядаў, нават калі ён выглядае вельмі прыгожа, эстэтычна і прапарцыйна», – распавядае Алег Стасевіч.

Ягоны калега Дзмітрый Бацюкоў дадае: у агульнай папуляцыі такіх людзей каля 4 %, а некаторая статыстыка сведчыць, што сярод пацыентаў пластычных хірургаў іх да 15 %.

Ахвяры гора-дактароў

Удзельніца папулярнага рэаліці-шоу «Дом-2» Настасся Балінская сталася ахвяраю няўдалай пластычнай аперацыі. Яна рабіла рынапластыку, хацела пазбыцца невялічкай гарбінкі на носе. Пасля аперацыі праз тое, што не спадаў ацёк, нос Настассі толькі павялічыўся, а знутры з’явіліся рубцы. Хірург прызнаў памылку і прапанаваў усё перарабіць. Настасся адразу яму сказала: калі ён не можа гэтага выправіць, то лепей не брацца. Хірург запэўніў, што ўсё будзе добра.

«Пасля другой спробы стала яшчэ горш. Я ўвесь час карыстаюся кроплямі для носа, нос у мяне не дыхае, разбухае», – адзначае Настасся, ледзь стрымліваючы слёзы.

Фота з асабістага архіву Настассі Балінскай

Дзяўчына вельмі шкадуе пра тое рашэнне. Цяпер яна зразумела, што тая гарбінка была ейнаю разынкаю.

«За тры гады я столькі слёзаў выплакала, як не плакала за ўсё сваё жыццё», – кажа Настасся.

Цяпер дактары раяць дзяўчыне больш дэталёва абследавацца, і тады будзе зразумела, ці можна выправіць памылкі хірурга, які рабіў ёй аперацыю.

«Праблема ў мужыках!»

Паводле бальшыні жанчын, яны робяць аперацыі дзеля сябе, маўляў, каб падабацца сабе ў люстэрку. Але ці так гэта насамрэч?

«Усё гэта брахня! Усе дзяўчаты гэта робяць дзеля мужчынаў. Праблема ў мужыках! Яны прывіваюць комплексы жанчынам. Самае крыўднае, што дзяўчаты шчаслівейшыя ад гэтага не робяцца», – упэўненая Настасся Балінская.

Хірургі пацвярджаюць: здараюцца сітуацыі, калі жанчына прыходзіць са сваім мужчынам да хірурга, і мужчына кажа, што трэба зрабіць.

«Адмова ў аперацыі, калі я не паразмаўляю з жанчынай і не ўбачу ейных матываў», – кажа пластычны хірург Дзмітрый Бацюкоў.

Больш пра самыя папулярныя пластычныя аперацыі, паспяховыя і не вельмі вынікі, а таксама якія пластычныя аперацыі робяць сабе мужчыны, глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

 

Стужка навінаў