Праамерыканскія паўстанцы захапілі «сталіцу Ісламскай дзяржавы». Канчатковы падзел Сірыі?


Шматэтнічныя і шматрэлігійныя атрады сірыйцаў пры падтрымцы ЗША цалкам вызвалілі ад тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавы» калішні галоўны яе аплот у Сірыі – горад Раку. Баі скончыліся, аднак Сірыйскія Дэмакратычныя Сілы яшчэ займаюцца ачышчэннем кварталаў ад мін і асобных баевікоў, якія маглі застацца ў горадзе.

Змагары супраць «ІД» скінулі на зямлю чорныя сцягі «Ісламскай дзяржавы», апошні з якіх вісеў на будынку шпіталя каля гарадскога стадыёну.

СДС – шматэтнічны і мультырэлігійны кангламерат палітычна-вайсковых фармаванняў, якія змагаюцца адначасова супраць сірыйскага дыктатара Башара Асада і ісламістаў. Асноўную ролю ў СДС граюць курды, аднак прысутнічаюць таксама мусульмане іншых этнасаў (арабы, туркмены, чэркесы, чачэнцы) і хрысціяне (армяне і асірыйцы). Усе яны абвесцілі сваёй мэтай пабудову секулярнай дэмакратычнай Сірыі з федэратыўным дзяржаўным ладам.

Байцы жаночых фарміраванняў СДС падчас аблогі Ракі. Крыніца wikipedia.org
Узяццё Ракі вызваляе значныя сілы СДС для канчатковага ўсталявання кантролю на левым беразе ракі Еўфрат – каб не дапусціць на яго сілы сірыйскага дыктатара Башара Асада, лічыць эксперт па Бліжнім Усходзе Анатоль Несміян.

Такім чынам фактычна будзе замацаваны падзел Сірыі як мінімум на тры зоны ўплыву – амерыканскую (курды і іхныя хаўруснікі), турэцкую (пераважна тэрыторыі мусульман-сунітаў на поўначы Сірыі), і расейскую (тэрыторыя пад кантролем Башара Асада).

Сірыйская «сталіца халіфата»

Сёння байцы СДС узялі пад кантроль гарадскі стадыён – апошнюю кропку, дзе ісламісты працягвалі супраціў, піша Reuters. Аднак афіцыйна пра вызваленне гораду будзе абвешчана пазней – калі ён будзе цалкам правераны на наяўнасць мін і «спячых» ячэек «ІД».

Баявік ІД са сцягам арганізацыі ў Іраку. 2014 год. Крыніца – wikipedia.org

Рака стала адным з першых буйных гарадоў, дзе ісламісты ў 2014 годзе захапілі ўладу, і стала неафіцыйнай сталіцай «халіфата». Парады баевікоў, якія праводзіліся тут, былі сімвалам іхнай ваеннай удачы, моцы і фанатызму. Публічныя жорсткія казні, выстаўленыя на сонцы адрубленыя галовы ахвяр джыхадзістаў мусілі запалохваць праціўнікаў і прымушаць іншадумцаў да пакорнасці.

Тэрарысты пачалі ўмацоўваць Раку і яе ваколіцы бункерамі і падземнымі тунэлямі яшчэ ў 2015 годзе, не выключаючы доўгай аблогі гораду і плануючы знясіліць праціўніка ў цяжкіх гарадскіх баях.

Амерыканскі штурмавік A-10 Thunderbolt II падчас аперацыі супраць «ІД» у Сірыі ці Іраку. Крыніца – U.S. Air Force

У 2016-2017 гадах гэта ў іх амаль атрымалася ў Масуле – баі за іракскі горад працягваліся больш за 9 месяцаў і сталі сапраўдным крывавым выпрабаваннем для новых фармаванняў іракскай арміі, якая была амаль разбеглася ў 2014 годзе.

Апошнія баі

Баі за Раку пачаліся 6 чэрвеня – у гэты час горад застаўся практычна адзіным вялікім сірыйскім горадам пад кантролем «ІД». Зараз ісламісты фактычна кантралююць толькі частку тэрыторыі каля Еўфрату і пустэльню вакол.

Аднак, у СДС атрымалася ваяваць лепш, чым у іракцаў – яны справіліся ўзяць штурмам вялікі горад прыкладна ў два разы хутчэй, за 4 месяцы.

Штурм апошніх пазіцый ісламістаў пачаўся ў нядзелю, калі горад па дамоўленасці з СДС пакінулі каля 300 джыхадзістаў, якія прыкрываліся «жывым шчытом» з мірнага насельніцтва. Астатнія некалькі сотняў баевікоў, якія засталіся, былі знішчаныя ці патрапілі ў палон, піша Haaretz.
Кааліцыя заходніх краін на чале з ЗША актыўна падтрымлівала байцоў Сірыйскіх Дэмакратычных Сіл на полі бою авіяцыйнымі ўдарамі, дадзенымі выведкі, групамі спецыяльнага прызначэння і артылерыяй. Адначасова інструктары ў тыле вучылі групы добраахвотнікаў валоданню зброяй, тэхнікай і тактычнаму майстэрству.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu
Стужка навінаў