Пра вайсковую супрацу Беларусі ды ЗША: інтэрв’ю з былым чыноўнікам Пэнтагону


Майкл Карпэнтэр*, былы намеснік асістэнта дзяржаўнага сакратара абароны Злучаных Штатаў Амерыкі, у інтэрв’ю праграме «Прасвет» заявіў, што падтрыманне суверэнітэту краінаў, якія мяжуюць з Расеяй, належыць да інтарэсаў нацыянальнай бяспекі ЗША і таксама канцэпцыі аб’яднанай, вольнай і мірнай Еўропы. Таксама амерыканскі эксперт паведаміў пра тэрміны вяртання амбасадара ЗША ў Беларусь.

Спадар Карпэнтэр, мне вельмі прыемна размаўляць з вамі на Варшаўскім форуме бяспекі.

Так, я дужа рады быць тут.

Якое месца займае Беларусь у замежнай палітыцы ЗША? Якое цяпер стаўленне да афіцыйнага Менску?

Вы задалі выдатнае пытанне. Якраз цяпер роля Беларусі мяняецца. Раней было так, што тыя, хто быў ангажаваны ў замежную палітыку – як Дзяржаўны дэпартамент, гэтак і незалежныя аналітычныя цэнтры, – фактычна не заўважалі яе. Цяпер краіне надаецца нашмат больш увагі, бо яе сталі ўспрымаць як надзвычай важны рэгіён у цэнтры Еўропы, паміж Расеяй і дзяржавамі НАТО.

Мяркую, што варта адзначыць пацяпленне стасункаў і паляпшэнне камунікацыі паміж Менскам і Вашынгтонам, што мне здаецца вельмі пазітыўным. Наяўнасць тэмаў, звязаных з дэмакратыяй і правамі чалавека ў дыялогу, – прынцыповая рэч для Вашынгтону, але я думаю, што цяпер нашыя дачыненні набудуць трохі больш вымярэнняў. Напрыклад, мы сталі больш адкрыта абмяркоўваць пытанні бяспекі, як і эканамічныя аспекты. Гэта шырэйшы дыялог, і, безумоўна, ён ужо нашмат больш глыбокі ды інтэнсіўны, чым той, што быў тры-чатыры гады таму.

А чаму з’явілася такая магчымасць? Што змянілася?

Прычына нумар адзін – расейская агрэсія ва Украіне. Шмат хто з амерыканскіх экспертаў у замежнай палітыцы і ўласна тых, хто яе вызначае, лічыць, што падтрыманне суверэнітэту краінаў, якія мяжуюць з Расеяй, належыць да інтарэсаў нацыянальнай бяспекі ЗША і канцэпцыі аб’яднанай, вольнай і мірнай Еўропы. А ўсе пытанні аб суверэнітэце Беларусі ляжаць у аснове апошніх спробаў пашырыць дыпламатычныя стасункі.

Дарэчы, згадваючы апошнія падзеі. Ці вы ўжо ведаеце, хто будзе прызначаны амбасадарам у Беларусь?

Яшчэ вельмі рана гэта абмяркоўваць. На гэтым этапе не называюць ніякіх імёнаў. Калі я працаваў у Міністэрстве абароны, я кантраляваў працэс акрэдытацыі вайсковых аташэ паміж Вашынгтонам і Менскам – гэта было першым крокам у працэсе, і, спадзяюся, хутка ў нас будуць амбасадары. Але на гэтым этапе заўчасна нешта казаць. Спадзяюся, праз год гэта адбудзецца, але яшчэ не цяпер.

А што будзе асноўным у стасунках, якія цяпер паляпшаюцца?

Як я ўжо казаў, усе аспекты стасункаў важныя. Больш шчыльныя эканамічныя сувязі – пры ўмове, што Беларусь зможа гарантаваць, што інвестыцыі будуць абароненыя дзейснымі правамі на ўласнасць, што бізнес-клімат краіны будзе надзейны для замежных інвестыцыяў, і гэтак далей. Каб замежнікі проста пачалі разглядаць Беларусь як тэрыторыю для інвестыцыяў, трэба гарантаваць выкананне правоў. Што да бяспекі, ёсць вялікі патэнцыял для пашырэння нашай супрацы. Навучанне, курсы – напрыклад, у сферах кібербяспекі, аховы мяжы.

Я думаю, што такая супраца паміж ЗША і Беларуссю была б натуральная. Тут няма нічога такога, што нашыя сябры ў Маскве ўспрынялі б як правакацыю, але гэтыя маленькія крокі дапамаглі б наладзіць міжасабовыя стасункі паміж супрацоўнікамі Пэнтагону і Міністэрства абароны Беларусі.

І, нарэшце, пытанні правоў чалавека і дэмакратыі – асабліва хачу падкрэсліць важнасць прасторы для дзейнасці грамадзянскай супольнасці.

Мы маем намер дамагацца абсалютнай павагі да правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у якасці першага кроку; я думаю, што наступным пасля гэтага зробіцца пашырэнне прасторы дзейнасці палітычнай апазіцыі, і гэта адбудзецца натуральным чынам. Мне здаецца, што развіццё нашага дыялогу ў гэтым кірунку дасць нам магчымасць мець больш уплыву дзеля паляпшэння стану грамадзянскай супольнасці ды сітуацыі з правамі чалавека.

Што да грамадзянскай супольнасці, хачу падкрэсліць, што кожны раз, як я еду ў Беларусь, я вельмі моцна ўражаны, бо вялікая колькасць групаў дзее ў пэўных акрэсленых межах, – вы ведаеце, што шмат хто не ідзе ў палітыку, бо гэта можа быць небяспечна. Але тым не менш, яны насамрэч робяць вельмі важную працу ў межах сваёй адказнасці, і гэта вялікі ўнёсак у развіццё Беларусі, у яе рух наперад, бо ёсць актыўнасць грамадства, і яна расце. І гэта таксама ўзмацняе суверэнітэт Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве.

Ім трэба больш прасторы для дзейнасці.

Так. Я думаю, што калі ў ЗША і нашых еўрапейскіх партнёраў, такіх, як Польшча, дзе мы цяпер знаходзімся, атрымаецца больш ангажаваць Беларусь, з’явіцца больш магчымасцяў дзеля пашырэння прасторы дзейнасці беларускай грамадзянскай супольнасці. У ідэале, прыйдзе час, калі прэзідэнт Лукашэнка пачне разглядаць грамадзянскую супольнасць як свайго саюзніка ва ўмацаванні суверэнітэту краіны. Відавочна, што ў палітычным плане ён не лічыць апазіцыю саюзнікам, а наадварот – праціўнікам. Але, спадзяюся, што калі паўстане больш прасторы для праектаў, якія ладзіць грамадзянская супольнасць, гэта будзе мець вынікам і пашырэнне прасторы дзейнасці палітычнай апазіцыі.

Як вы ацэньваеце магчымасць супрацы ў галіне абароны?

Беларускія вайскоўцы каардынуюць сваю дзейнасць з расейскімі калегамі, шмат хто з беларускіх афіцэраў праходзіць падрыхтоўку ў Расеі, таму ёсць пэўнае супадзенне інтарэсаў. Але ЗША могуць актыўней супрацоўнічаць з Беларуссю ў такіх пытаннях, як міратворчасць, ваенная медыцына, кібербяспека, бяспека на мяжы – падобная супраца наўрад ці выкліча нараканні. Гэта не пагражае Маскве – мы ніколі не імкнуліся да гэтага, мы ў стане прапанаваць пэўныя рэчы, якія могуць зацікавіць беларускіх вайскоўцаў. У сваю чаргу, мы таксама можам чамусьці навучыцца ад іх. Калі згадаць нацыянальныя інтарэсы, я лічу, што Беларусь не хоча быць удзельніцай канфлікту паміж Усходам і Захадам. Мяркую, што гэта першае, што цікавіць беларускіх вайскоўцаў. Іншымі словамі, яны не хочуць занадта шмат падтрымліваць ані адзін, ані другі бок. Яны хочуць быць дзесьці пасярэдзіне – і ў бяспецы.

Вы неаднаразова былі ў Беларусі ды сустракаліся з чыноўнікамі. Ці яны адкрытыя зменам у палітыцы?

Гэта добрае пытанне. Я думаю, што гэта залежыць ад таго, з кім размаўляеш. Палітычны лад у Беларусі – дыктатура, і ў дзяржаўных службоўцаў няма ахвоты быць адкрытымі палітычна. Давайце будзем шчырыя – але гэта рэальнасць. Але калі вы паглядзіце на тых, каго мы можам назваць урадавай наменклатурай, частка з іх хацела б мець большую самастойнасць у сваёй сферы дзейнасці, і яны могуць стаць кшталту «партнёрамі» ЗША, якія намагаюцца дапамагчы ім ва ўмацаванні такой самастойнасці. Вядома, гэта не значыць, што яны адкрытыя для палітычнай апазіцыі, я не веру ў гэта. Але калі з розумам падысці да гэтай справы, то такое партнёрства таксама можа прынесці карысць.

Як вы лічыце, улады Беларусі могуць зрабіць крок насустрач Вашынгтону? Што варта зрабіць, каб паказаць, што яны маюць палітычную волю да супрацы?

Першае – пашырэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці. Калі яны прадэманструюць, што рухаюцца ў станоўчым кірунку, гэта магло б разблакаваць іншыя магчымасці – асабліва ў сферы інвестыцыяў. Прадпрымальнікі не любяць інвеставаць у краіны, дзе існуюць дыктатура і нявызначанасць у правілах і працэдурах, якія мусілі б гарантаваць ім вяртанне прыбытку. Мусіць быць вяршэнства права, адкрытая канкурэнцыя і большая празрыстасць – усё гэта прынцыпова важна. Але калі Беларусь хоча прыцягнуць заходніх інвестараў (я думаю, што хоча) – наяўнасць усіх пералічаных фактараў стварае ўражанне, што краіна адкрытая для бізнесу.

Размаўляла Аліна Коўшык

* Сёння былы высокапастаўлены чыноўнік Пэнтагону выконвае функцыі ва ўплывовых амерыканскіх аналітычных цэнтрах. Майкл Карпэнтэр – старэйшы дырэктар у Цэнтры дыпламатыі і глабальнага ўзаемадзеяння Джоў Байдэна пры Пенсільванскім універсітэце, а таксама даследнік у Атлантычнай Радзе.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 04.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў