Пра словы і паняцці

Перастаньце ўжываць слова «пераможца», калегі!

За апошні тыдзень – ужо крыху больш, бо адлік ідзе з дня пачатку датэрміновага галасавання, – мне давялося даць дзясяткі інтэрв’ю і каментароў, якія тычацца таго, што адбываецца ў нашай краіне. І да дзявятага жніўня я без ценю сумневаў ужываў слова «прэзідэнт», калі гаворка ішла пра Аляксандра Лукашэнку.

Новыя графіці ў Менску на адным з закінутых заводаў. Фота ад чытача

Не выключаю, што я і далей буду ўжываць яго, традыцыйна парушаючы існае ў Беларусі правіла арфаграфіі, згодна з якім слова «прэзідэнт» пішацца з вялікай літары. Я пісаў і буду пісаць яго з маленькай, за выключэннем афіцыйных дакументаў.

Але за 10 жніўня калегі-замежнікі давялі мяне да белага гартавання, ужываючы ў дачыненні да гэтай асобы слова «пераможца».

– Аляксандр Лукашэнка перамог…

– Не, – адказваю я. – Не перамог.

– Але ж ЦВК абвесціла…

– ЦВК можа абвесціць усе, што заўгодна. Я не ўваходжу ў лік 11% менчукоў, якія давяраюць гэтаму органу.

– Але ж ён…

– Так, Аляксандр Лукашэнка трымае ўладу. Але пераможцу не трэба ўводзіць вайсковую тэхніку ў сталіцу краіны напярэдадні дня выбараў. Пераможцу не патрэбная спецтэхніка, каб разагнаць апанентаў. Яму не трэба саджаць у турму патэнцыйных супернікаў і адмаўляць ім у рэгістрацыі яшчэ да вынясення прысуду, парушаючы тым самым нормы дзейнага права. Яму не трэба забараняць назіральнікам прысутнічаць пры падліку галасоў і патрабаваць іх пераліку. Не трэба – бо ён дакладна ведае, што перамог.

Падлік галасоў за зачыненымі ад незалежных назіральнікаў дзвярыма. Фота Белсат

– Тады як яго называць?

Усё вельмі проста. Чалавек, які ўтрымлівае ўладу з дапамогай спецтэхнікі (аўтазакі, вадамёты) і зброі рознага роду і іншых сродкаў фізічнага ўздзеяння на іншых людзей (гумовыя кулі, слёзацечны газ, дубінкі, вогнешумавыя гранаты – здаецца, яны так называюцца), з майго пункту гледжання, павінен называцца узурпатарам.

Памятаеце гісторыю з Напалеонам, які адрокся ад трону? Там усё было зразумела. Ён бег з выспы Эльба на мацярык. Насустрач яму выслалі войска пад камандаваннем маршала Мішэля Нея, які абяцаў прывезці ўзурпатара ў Парыж у жалезнай клетцы.

Напалеон ішоў па зямлі Францыі. З ім ішоў узвод салдат, які суправаджаў былога імператара французаў у яго авантуры…

Армія маршала Нея далей суправаджала яго імператарская вялікасць ў яго паходзе ў сталіцу Францыі.

Людовік XVIII Бурбон пакінуў Парыж і пайшоў.

Напалеон вярнуўся ў сваю сталіцу.

Было зразумела, хто з’яўляецца сапраўдным кіраўніком Францыі, а хто спрабаваў беспаспяхова захапіць уладу і трымаўся выключна на штыках.

Уласна кажучы, і бітва пры Ватэрлоо была прайграная не таму, што Напалеон страціў сваю легітымнасьць. А таму, што саюзніцкія арміі былі мацней, а падмацаванне на чале з маршалам Грушы спазнілася…

Так што нават пасля сваёй паразы Напалеон заставаўся імператарам. Што і пацвердзіла уведзенае пры ім заканадаўства, што дзейнічала доўга пасля яго адрачэння і скону, а часткова дзее і дагэтуль.

Хто-небудзь памятае законы, прынятыя пры апошнім з Людовікаў?

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Чалавек, які спрабуе ўжыць ваенную сілу, каб адстаяць сваю палітычную «перамогу», не можа лічыцца пераможцам. Чалавек, які дазваляе парушаць ім жа падпісаныя нарматыўныя акты, сам ахвотна іх парушае, жыве не па законах, а па паняццях. Але паняцце фармулюецца ў словах. Калегі, перастаньце ўжываць гэта слова – «пераможца»! Інакш ён забудзе – яны ўсе з радасцю забудуць! – кім ён з’яўляецца на самай справе. Не хочаце казаць пра ўзурпатара – кажаце пра Лукашэнку. Тады прынамсі вы таксама не будзеце хлусіць.

Але пераможцам яго называць не трэба. Гэта акурат будзе адкрытай хлуснёй.

Гэта – усяго толькі маё меркаванне. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі сайта, на якім апублікавана. Але я лічу, што маю права яго выказаць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў