Пра што вядзе відэаблог невідушчы хлопчык?

ВІДЭА

«Зрок ён страціў цягам некалькіх дзён, – дзеліцца Алена Петручук горкімі ўспамінамі пра хваробу сына Паўла. Па дарозе ў шпіталь, у ліфце, хлопчык спалохаўся: «Мама, я не бачу сваіх рук!» Гэтак для мамы і сына пачалося новае жыццё, поўнае змагання і пераадолення. Падаецца, што такая хвароба можа зламіць кожнага, але Павал і ягоная мама застаюцца аптымістамі. Алена з усіх сілаў апякуецца сынам, вучыць, робіць з ім урокі. А хлопчык не апусціў рук і пачаў весці відэаблог.

Павал здымае відэа і запісвае свой каментар да яго, а потым сам змяшчае відэа ў сацыяльных сетках. Тэматыка відэа – праблемы школы. На сваім канале «Евро Экстрим» ён асвятляе спрэчныя пытанні. Напрыклад, у школьнай бібліятэцы Павел навобмацак вызначае, што дзверы да дарагіх кніжак, выдадзеных шрыфтам Брайля, вельмі састарэлыя і ненадзейныя – металалом, як кажа блогер.

Настаўнікі да відэа пра школу на YouTube ставяцца кепска, маўляў, статут навучальнай установы не дазваляе весці відэаздымкі. Хлопец усё роўна гэта робіць ды заяўляе, што Канстытуцыя Беларусі дае яму права здымаць у грамадскіх месцах, у тым ліку ў школе.

«Нам прыслалі ліст са школы. Выклікаюць бацькоў паразмаўляць пра маё відэа. Я кажу адразу, што выдаляць нічога не буду», – гаворыць Павел.

У школе яго лічаць балбатуном, ён жартуе, што яго перабалбатаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Такія жарцікі пужаюць настаўнікаў.

Паўла гэта не бянтэжыць, у яго важныя справы: экскурсія ў менскую ратушу і знаёмства з сучасным мастацтвам. Макет помніка гарадскому самакіраванню і аб’ёмныя карціны ён вывучае з захапленнем, абмацваючы іх пальцамі. Вывучыць аб’екты мастацтва ды прайсціся з экскурсіяй вуліцамі Менску невідушчыя могуць дзякуючы валанцёрам ініцыятывы «Мівія».

Як і чаму паўстаў гэты праект? Хто дапамагае невідушчым асобам «убачыць» творы мастацтва ды архітэктуры? Глядзіце ў рэпартажы «Бачыць нябачнае» рэжысёркі Вікторыі Боевай (відэа вышэй).

 

Глядзі таксама
Каментары