Пра што кажуць ахвяры. Галасы гвалтаўнікоў у дакументальным спектаклі «Родныя людзі?»


Кожная трэцяя беларуска жыве ў сітуацыі фізічнага, псіхалагічнага або эканамічнага гвалту. Такія звесткі падаюць актывісткі грамадскага аб«яднання «Радзіслава», якія апошнія 15 гадоў дапамагаюць жанчынам у крызісных сітуацыях. Паводле даследавання сацыёлагаў НАН РБ, кожная другая беларуска прынамсі аднойчы зазнала той ці іншы від гвалту. За гэтымі лічбамі стаяць рэальныя гісторыі, якія можна пачуць у спектаклі «Родныя людзі?».

Як узнікла ідэя спектаклю і навошта на публіцы разглядаць чужую «брудную бялізну». Акторы Лабараторыі сацыяльнага тэатру ECLAB Арцём Лабко і Павел Андрэеў, распавялі Belsat.eu, дзеля чаго пачалі са сцэны прамаўляць галасамі агрэсараў і гвалтаўнікоў.

Лабараторыі сацыяльнага тэатру ECLAB

Як вы падышлі да тэмы гвалту ў сямʼі і чаму родныя людзі ў вас пад пытальнікам?

Павел: У аснову спектаклю закладзеныя інтэрв’ю жанчын з «Прытулку», якія перажылі хатні гвалт. «Прытулак» – гэта бяспечнае месца, зарганізаванае грамадскім абʼяднаннем «Радзіслава», што апошнія 15 гадоў дапамагае жанчынам у крызісных сітуацыях.

Вы самыя былі ў «Прытулку», размаўлялі з жанчынамі?

Арцём: Мы не былі, але былі іншыя ўдзельніцы спектаклю, яны прысутнічалі на групавых тэрапіях, дзе жанчыны распавядалі свае гісторыі. Хлопцам туды нельга. Раней я браў інтэрвʼю ў адной з гераіняў, яшчэ перад першаю версіяй пастаноўкі, паўтара года таму. Цяпер той эпізод таксама ёсць у спектаклі. У першай версіі я трансляваў гісторыю жанчыны, і гэта была форма маналогу. Цяпер я таксама чытаю ў гэтым жа кавалку, але ўжо ў ролі агрэсара.

Арцём Лабко

Чаму была змененая першая пастаноўка?

Арцём: Першая пастаноўка была, хутчэй, дыпломнаю працай выпускнікоў ECLAB. Мы сабралі матэрыял, трансфармавалі ў пʼесу. Пасля мы доўга рэдагавалі гэты матэрыял, працавалі над формаю. Рэжысёрка Валянціна Мароз хацела ператварыць дакументалку ў мастацкую пʼесу. Пазней у нас зʼявіўся новы драматург Лёша Чыканас, які прывёў пʼесу ў скочаную форму.

Былі выпадкі, калі гераіні адмаўляліся публічна распавядаць свае гісторыі, прасілі зняць гісторыю з паказу?

Павел: У спектаклі мы не выкарыстоўваем рэальных імёнаў. Некаторыя жанчыны прасілі прыбраць кавалкі з тэксту, але ніхто не адмаўляўся цалкам. Гераіні прыходзілі да нас на чытку. І гэта было для іх выпрабаванне. Добра, што іх суправаджаў псіхолаг. Нягледзячы на тое, што яны ўжо перажылі досвед, прагаварылі, папрацавалі і адрэфлексавалі.

Але, калі чуеш гісторыю са сцэны, – гэта вяртае, гэта вельмі траўматычна. Спектакль – гэта трыгер, які прымушае зноў перажыць цяжкія эмоцыі.

У вас ёсць інтэрвʼю агрэсараў?

Павел: «Родныя людзі?» – гэта больш гульнявая пʼеса, дакументальныя канструкцыі, з рэфлексіяй. У нас няма галасоў агрэсараў, і мы не можам быць абʼектыўныя. Ведаем гісторыю толькі са слоў ахвяры.

Арцём: Там не стаяла камера, мы не ведаем, як было сапраўды. Толькі як бачыла гэта ахвяра, як успамінае гэта і што кажа. Адсутнасць галасоў агрэсараў выклікае шмат спрэчак. Не тое каб гэта іх апраўдала, але гэта было б дадатковае меркаванне, дадатковая оптыка.

Павел Андрэеў

Як вы адчуваеце сябе, калі граеце ў ролі агрэсара?

Арцём: Калі граць паводле мастацкай логікі, павінен быць канфлікт і раздражняльнік. Канфлікт як бы ёсць, але раздражняльніка няма. Усё роўна апавяданне ідзе ад галоўнай гераіні, яна распавядае. І ты проста ўлятаеш у гэтую гісторыю, а потым імкліва знікаеш.

Павел: Я не адлюстроўваю рэальнага чалавека, я трансляцыя ўспамінаў гераіні. Я дадумваю, тут няма намёку на абʼектыўнасць з усіх бакоў, гэта толькі асабісты досвед і перажыванні гераіняў.

Калі вы паўтараеце пра неабʼектыўнасці сваёй ролі, ці не спрабуеце вы апраўдаць агрэсара, бо, маўляў, ягоны голас не прэзентаваны?

Арцём: На практыцы выходзіць наадварот. Цяжка казаць за свой кавалак, але, гледзячы на Пашу, разумею, што ён не спрабуе змякчыць. Цяжка абараняць таго, хто робіць такія рэчы, для гэтага не застаецца месца ўнутры. Недапушчальна ўжываць гвалт, ні ў якой форме.

У маім кавалку ёсць момант з дыктафонам, пра псіхалагічны гвалт. Калі за жанчынаю сачылі. Быў пастаянны збор інфармацыі. Потым жанчыну прымушалі пераказваць размовы праз тэлефон, а гвалтаўнік звяраў паводле тэксту кожнае ейнае слова. Нават калі аб сачэнні было ўсім вядома, гэты чалавек працягваў здзекавацца, прымушаючы прамаўляць яшчэ раз усе дзеянні.

Яшчэ пару гадоў таму пра гвалт у сямʼі не казалі публічна. Гэты спектакль дапамог вам пераасэнсаваць досвед мінулага, які цяпер вы лічыце траўматычным?

Павел: Я шмат пра гэта думаю, размаўляю са сваёй дзяўчынай. Гэта дапамагае адрэфлексаваць і выбраць сваю пазіцыю, якая дае глебу пад нагамі, па меншай меры мне. Я не так моцна траўмаваны, каб гаварыць аб сурʼёзных праблемах. Магчыма, таму мне прасцей справіцца са сваёй роляй. Мяне не білі, я не біў, скажам так.

Арцём: Мне гэтаксама пашанцавала вырасці ў сямʼі, дзе не было гвалту. Я рос у вёсцы, дзе гвалт усё роўна быў побач. У вёсцы ў цэлым усе гэтыя «традыцыйныя каштоўнасці» ў парадку рэчаў. Няма прыкладу, як можна жыць інакш. Там прынята лічыць, што ты закладнік свайго лёсу, нічога зрабіць не можаш – сысці ці зʼехаць. Пакуль ты расцеш, назіраеш з боку. Не ўмешвацца ў падзеі, якія адбываюцца, мадэль з дзяцінства. Як казалі – самі разбяруцца.

Праца над спектаклем змяніла мяне, я пераасэнсаваў свае паводзіны не толькі да дзяўчат, а да людзей у цэлым. Працэс змены пачынаецца з самога сябе. Усведамленне трагедыі прарывае жыццё ў бяспечнай абалонцы.

Пастаноўка неяк паўплывае на сітуацыю з хатнім гвалтам?

Арцём: Я не маю ілюзіяў, што на спектакль прыйдуць агрэсары. Але людзі пачнуць казаць пра гэта, абмяркоўваць пасля спектаклю, са сваймі сябрамі.

Пасля спектаклю будзе дыскусія. Нам усім ёсць, што сказаць, але чамусьці мы маўчым. Адная з мэтаў тэатру пачаць казаць аб праблеме, стварыць дыскусію, каб парушыць нясмелае маўчанне.

Прэмʼерныя паказы дакументальнага спектаклю «Родныя людзі?» пройдуць 18 і 19 снежня ў «Moving Art Factory».

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў