Пра што дамовіліся Лукашэнка і Парашэнка?


Плённыя, грунтоўныя і шчырыя. Гэтак украінскі прэзідэнт ацаніў перамовы з беларускім калегам. Палітыкі не толькі абменьваліся шматлікімі ветлівасцямі, але і шмат казалі пра гандаль ды палітычнае партнёрства. Але не ўсё падчас візіту Лукашэнкі ў Кіеў пайшло гладка.

Кіеўскія вуліцы для кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі блакавалі нават у гадзіны пік, што прывяло да масавых затораў ва ўкраінскай сталіцы.

Лукашэнка спазніўся да Парашэнкі на 40 хвілінаў

Неафіцыйна абодва палітыка сустрэліся яшчэ ўчора. Пётр Парашэнка прымаў Аляксандра Лукашэнку з сынам Мікалаем у сваёй рэзідэнцыі.

«Мы сёння дамовіліся аб паскарэнні стварэння кааперацыйных вытворчасцяў у розных галінах. Мы гэта ні ад каго не хаваем, будзем вырабляць разам любую прадукцыю якая будзе карыстацца попытам», – заявіў кіраўнік Беларусі.

«Скажу больш, гэта візіт не проста надзейнага партнёра Украіны, але і добрага сябра. Майго і Украіны, які заўсёды гатовы нас падтрымаць», – шчыраваў Парашэнка ў адказ.

Лукашэнку на кожным кроку чакалі дробныя непрыемнасці

Увесь час штосьці псавала атмасферу абсалютнай урачыстасці. Апроч згаданых вышэй затораў і азлобленасці кіеўлянаў, украінская сталіца сустрэла беларускага кіраўніка пікетам. Сёння з прэс-канферэнцыі, на вачах у двух лідараў, ахоўнікі вынеслі дзяўчыну, якая скандавала «Жыве Беларусь», крыху пазней падчас прамовы беларускага палітыка страціў прытомнасць адзін з украінскіх чыноўнікаў.

Лукашэнка паспеў наведаць мемарыял ахвяраў Галадамору

Даволі сімвалічны жэст, улічваючы што Кіеў прызнае Галадамор генацыдам украінскага народу, тады як найбліжэйшы саюзнік Менску – Масква – наадрэз адмаўляе.

«Лукашэнка абраў такую сярэднюю лінію, Алею Нябеснай сотні не наведаў, але наведаў савецкі помнік і мемарыял Галадамору. Гэта сімвал невялікага дыстанцыявання ад Расеі і невялікага набліжэння да Украіны», – тлумачыць крок беларускага кіраўніка палітолаг Валерый Карбалевіч.

Фонам для сустрэчы кіраўнікоў стаў беларуска-ўкраінскі бізнес-форум

Кантракты агульным коштам $ 45 млн. падпісалі БелАЗ, «Беларуснафта», «Гомсельмаш», МТЗ, «Магілёўліфтмаш» і яшчэ некалькі прадпрыемстваў. Беларусь ніколі не хавала, што ў двухбаковых адносінах з Кіевам, перш за ўсё, Менск цікавіць пытанне таваразвароту.

Украінскі бок запрасіў беларускі капітал узяць удзел у прыватызацыі сваіх прадпрыемстваў, а таксама актывізаваць кантакты на ўзроўні малога і сярэдняга бізнесу.

Ці толькі ў эканоміцы сутнасць адносінаў дзвюх краінаў?

«Эканамічныя адносіны Менску і Кіева маюць і палітычны кантэкст. Беларусь пастаўляе нафтапрадукты, на гэтым бензіне на Данбасе ваюе армія. Пастаўляе прадукцыю двайнога прызначэння – МАЗы на патрэбы АТА. Палітыкі вельмі шмат у двухбаковых адносінах», – упэўнены спадар Карбалевіч.

З тым, што такое сяброўства Менску і Кіева выклікае раздражненне Крамля, Лукашэнка навучыўся спраўляцца. Ён даўно дзее паводле правіла «і вашым, і нашым».

Ігар Кулей, «Белсат»

Стужка навінаў