Пра першае каханне распавядуць класныя кіраўніцы? У 9–11 класах уводзяць «Асновы сямейнага жыцця»


Міністр адукацыі Ігар Карпенка зацвердзіў праграму факультатыву, на якім беларускім старшакласнікам распавядуць пра сапраўднае каханне і стварэнне дружнай сям’і.

Плануецца, што з новага навучальнага года сямейным каштоўнасцям прысвецяць гадзіну штотыдзень (агулам 35 гадзінаў на год). Акрамя тэарэтычнай часткі запланаваная і практычная: конкурсы вершаў, экскурсіі (не ўдакладняецца, куды), віктарыны, размовы, канцэрты і флэш-мобы.

Падлеткам збіраюцца распавесці пра рэпрадуктыўнае здароўе, каханне як найвышэйшае чалавечае пачуццё, выбар сужэнца, сакрэты сямейнага шчасця. Ні слова пра хатні гвалт, аборты, ЛГБТК, СНІД, кантрацэпцыю (Беларусь – у лідарах заражэння ВІЧ у Еўропе). У спісе літаратуры – метадычныя матэрыялы 1980–2000 гадоў.

Ці ёсць сэнс у гэткіх занятках – мы запыталіся ў настаўніцы Ганны Севярынец і эксперткі ў сферы гендару Алены Агарэлышавай.

Ганна Севярынец, настаўніца

Прадмет мог бы быць цікавы. Аднак з увагі на тое, што дзеці і так маюць шмат баласту і не давучваюць нармальных прадметаў, гэта марнаванне школьнага часу. Лепш бы ўвялі дадатковую гадзіну беларускай літаратуры і распавядалі б пра сям’ю, дачыненні мужчынаў і жанчын, бо ўсё асвятляецца ў літаратурных творах нашмат лепш, чым у метадычках за 1980 год.

Падлеткі розныя, далёка не ўсе распачынаюць палавое жыццё ў 9-м класе. Тым больш яны разумеюць, што палавое і сямейнае жыццё – дзве вялікія розніцы. Калі ім нехта асцярожна і прыгожа патлумачыць адрозненні ды як правільна сябе паводзіць, гэта добра.

Звычайныя настаўнікі здатныя распавядаць пра такія рэчы, мы ж таксама вывучалі псіхалогію. Хто добра вучыўся – здатны, хто не – той не. Але ў ідэале кожны педагог геаграфіі, працоўнага навучання, фізкультуры, чаго заўгодна можа пра гэта распавядаць.

Алена Агарэлышава, кіраўніца канцэнтрацыі «Гендарныя даследаванні» ў Еўрапейскім каледжы «Liberal Arts»

На гэты факультатыў будуць выдаткоўваць грошы і час. У 9–11 класах усе занятыя паступленнем і рэпетытарамі. Ёсць пытанне, наколькі такія заняткі карысныя. Мусіць быць спецыяльная літаратура і падрыхтоўка настаўніцтва. Гэта можа быць класны кіраўнік, але ён не заўсёды кваліфікаваны псіхолаг, я ўжо не кажу пра гендарных спецыялістаў.

Я ўпэўненая, што большасць беларускіх падлеткаў ужо мелі зносіны. Узрост першага сексуальнага кантакту памяншаецца, у тым ліку ў Беларусі. Можа, і больш за палову дзевяцікласнікаў мелі досвед сексуальнага кантакту. Гэта статыстыка, не мае прыдумкі.

Калі ім кажуць пра рэальнасць з 1980-ых гадоў, пра цнатлівасць – неактуальна і запозна, немагчымасць знайсці агульнай мовы. У нас праблема з цяжарнасцю да 18 гадоў, але пра гэтую праблему ў гэтай праграме няма.

Калі нармальнай мовай распавядаць дзецям пра секс, гэта не значыць, што яны пасля заняткаў захочуць пайсці і праверыць усё на практыцы. Перш за ўсё трэба распавядаць пра павагу да сябе ды іншага чалавека, культуру згоды.

У інтэрнэце ўжо адгукнуліся на ідэю факультатываў

ДР belsat.eu

Стужка навінаў