Пра дыктатараў і іх дыктатуры. Лепшыя фільмы і серыялы пра тых, хто не хоча аддаваць уладу


«Што такое дыктатура?» На гэтае пытанне даўно спрабуюць адказаць і даследчыкі ад мастацтва. «Белсат» падрыхтаваў падборку стужак, у якіх кінематаграфісты спрабуюць грунтоўна разгледзець феномен сучасных дыктатур і дыктатараў.

Фільмы

Эвіта

1996 г.
Рэжысёр: Алан Паркер

Знакамітая стужка брытанскага рэжысёра распавядае пра аргентынскага дыктатара Хуана Перона, а дакладней – пра біяграфію Эвы Дуарэтэ – аргентынскай актрысы, якая стала жонкай Перона, ды была надзвычай адметнай асобай тагачаснай Аргентыны. Цікава, што галоўную ролю адыграла Мадонна, а сама стужка атрымала шмат прэстыжных прэмій, сярод якіх «Оскар» і «Залаты глобус».

Молах

1999 г.
Рэжысёр: Аляксандр Сакураў

Стужка расейскага рэжысёра была знята на нямецкай мове. Падзеі ахопліваюць адзін дзень Адольфа Гітлера і Евы Браўн у рэзідэнцыі дыктатара ў Альпах. Адметна, што большая частка сцэн была знята ў сапраўднай рэзідэнцыі Гітлера. «Молах» з’яўляецца адной з частак тэтралогіі Сакурава: «Цялец» (пра Леніна), «Сонца» (пра імператара Сёва) і «Фауст».

Апошні кароль Шатландыі

2006 г.
Рэжысёр: Кевін Макдональд

Брытанскі фільм, зняты па кнізе, распавядае пра дыктатара Уганды Ідзі Аміна і маладога доктара з Шатландыі, які выпадкова становіцца спачатку яго дарадцам, а потым сябрам і палюбоўнікам жонкі дыктатара. Далейшыя падзеі разгортваюцца вакол спробы маладога доктара збегчы з краіны і выратаваць уласнае жыццё. Назва стужкі адсылае да тытула (кароль Шатландыі), які насамрэч прысвоіў сабе Ідзі Амін. «Апошні кароль Шатландыі» гэтаксама быў высока адзначаны кінематаграфічнай супольнасцю ды атрымаў прэміі «Оскар» і «Залаты глобус».

Бункер

2004 г.
Рэжысёр: Олівэр Гіршбігель

Пэўна, Адольф Гітлер з’яўляецца адным з самых папулярных персанажаў кінастужак пра дыктатараў. Падзеі «Бункера» разгортваюцца пераважна ў 1945 годзе вакол апошняга перыяду жыцця Гітлера і Браўн ды многіх з ягоных падначаленых – калі становіцца цалкам зразумела, што далейшага выйсця няма.

Двайнік д’ябла

2011 г.
Рэжысёр: Лі Тамахоры

Сюжэт стужкі базуецца на біяграфічнай кнізе ды распавядае пра жахі і жорсткасць іракскай дыктатуры праз гісторыю Удзея (сына Садама Хусэйна) і Лаціфа, якога ён прымусіў стаць сваім двайніком дзеля забеспячэння ўласнай бяспекі. Падзеі стужкі разгортваюцца вакол шматлікіх зверстваў сына Хусэйна і наканавання яго двайніка ў такіх умовах.

Серыялы

Гітлер: Узвышэнне зла

2003 г.
Рэжысёр: Крыст’ян Дзюге

Міні-серыял у тры часткі мае эпіграф з цытаты Эдмунда Бёрка: «Адзінае, што трэба для трыўмфа зла – гэта каб добрыя людзі нічога не рабілі». Агулам серыял закранае амаль усе этапы жыцця Гітлера, але пераважна ў ім пра перыяд да прыходу да ўлады. Адначасова з гэтым прысутнічаюць і скразныя лініі жыццяў персанажаў, якія змагаліся супраць або падтрымалі яго.

Дом Садам

2008 г.
Рэжысёры: Алекс Холмс, Джым О’Хенлан

Відовішчны серыял, які знутры, у падрабязнасцях і дэталях паказвае жыццё іракскага дыктатара Садама Хусэйна, ахоплівае значную частку ягонага жыцця. Серыял ахоплівае падзеі ад 70-х гадоў ХХ стагоддзя, калі Хусэйн змагаецца за ўладу і сягае да 2000-х, калі яго затрымліваюць пасля звяржэння дыктатуры.

Тыран

2014 г.

Рэжысёры: Гідэон Рафф, Гоўард Гордан, Крэйг Райт

Тэлевізійны серыял з трох сезонаў пра сына арабскага дыктатара (прыдуманай краіны, каб нікога не пакрыўдзіць). Каля дваццаці гадоў ён пражыў у ЗША, у далечыні ад сваёй краіны, яе ўмоваў і дыктатарства бацькі. Ён мае жонку, дзяцей і працу, але прыязджае на радзіму, дзе вымушаны затрымацца з-за рэвалюцыйных падзей у краіне.

Кірыл Стаселька Belsat.eu

Стужка навінаў