Пра бяссілле Еўропы і пра будучага прэзідэнта. Галоўнае з інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай «The New Yorker»


Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрвʼю «The New Yorker». «Белсат» абраў галоўнае з яго. Цалкам пераклад на расейскую зрабіў TUT.by.

Святлана Ціханоўская з візітам у Польшчы 20 кастрычніка

Пра Джоў Байдэна

Мы вельмі спадзяемся на Байдэна, бо як ён займаў цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі яшчэ да выбараў, і мы ўпэўненыя, што ён стрымае сваё слова.

Чаму не называе сябе прэзідэнтам

Я пішу «лідар дэмакратычнай Беларусі». Я пастанавіла не называць сябе абраным прэзідэнтам, таму што адчуваю, што ў мяне няма маральнага права на гэта. Уся дакументацыя па выбарах была знішчаная, таму я больш не магу атрымаць доказаў.

Чаму не агітуе за больш жорсткі супраціў

Часцей за ўсё я чую: «Зрабі што-небудзь!» Людзі ў роспачы. Наша прынцыповая пазіцыя ненасілля трохі стрымлівае нас. Шмат хто гатовы пайсці на больш рашучыя дзеянні, штурмаваць і захопліваць будынкі. Але я кажу: «Вы можаце ўявіць сабе кровапраліцце?» Я ведаю, што людзі пакутуюць за кратамі, але, па меншай меры, яны жывыя.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткаю Славакіі. Фота з Інстаграм Ціханоўскай

Пра бяссілле Еўропы

Калі я была звычайным чалавекам, я думала, што Еўропа настолькі блізкая і вялікая, а яе лідары настолькі моцныя, што яны абавязкова што-небудзь зробяць, што яны не могуць стаяць у баку. Цяпер я бачу, што, хоць яны і выказваюць сваю заклапочанасць і салідарнасць, насамрэч яны нічога не могуць зрабіць.

Пра пераадоленне

Мяне вучылі заўсёды спрабаваць зразумець, чаму іншыя робяць тое, што яны робяць, і цяпер я мушу пераадолець гэта, бо я дзею ад імя мільёнаў людзей. Я адчуваю пастаяннае напружанне ад розніцы паміж тым, што я адчуваю, што магу зрабіць, і тым, што я павінная рабіць. Цяпер кожны беларус пераадольвае свае страхі, і я таксама мушу гэта рабіць. Два месяцы таму я не магла прымусіць сябе сказаць пра Лукашэнку словы «дыктатар» або «ўзурпатар».

Чаму нельга называць сябе слабой

Я сустрэлася з былой прэзідэнткай Літвы Даляю Грыбаўскайце. Яна сказала: «Нават калі вы адчуваеце сябе слабой, не кажыце гэтага. Вы павінны сесці за стол з лідарамі з упэўненасцю, што вы таксама лідар, што вы ведаеце, пра што кажаце. Не прымяншайце навыкі, якія вы набылі за гэты час».

Зэбаст’ян Курц і Святлана Ціханоўская

Пра пашырэнне санкцыяў на выканальнікаў

Спіс асобаў, да якіх прымяняюцца індывідуальныя санкцыі, павінен быць сурʼёзна пашыраны. На сённяшні момант санкцыі распаўсюджваюцца толькі на высокапастаўленых чыноўнікаў, якія раней сутыкаліся з санкцыямі і ў цэлым да іх гатовыя. Але людзі рангам ніжэйшыя – дырэктары школаў, дзе былі сфальсіфікаваныя вынікі выбараў, супрацоўнікі МУС, якіх мы змаглі ідэнтыфікаваць, начальнікі турмаў, дырэктары больніцаў, якія звальняць лекараў за выказванні, – яны ніколі раней не сутыкаліся з санкцыямі.

Пра крокі пратэсту

Падвешванне на мосце расцяжкі з надпісам «Пайшоў прэч, ты і твой АМАП!» – гэта аказвае ўплыў, дэмаралізуе дзяржаву і знясільвае яе фізічныя рэсурсы. Крок за крокам.

Пра ахвяраў

30 тыс. чалавек былі затрыманыя. 156 мы называем палітвязнямі, але гэтая колькасць пастаянна расце. Паводле маіх звестак, дзесяць чалавек загінулі, забітыя альбо падчас акцый пратэсту, альбо пасля іх. Я ведаю, што ў свеце ідуць войны, гінуць тысячы людзей, так што нехта можа падумаць, што дзесяць – не такая ўжо вялікая колькасць. Але гэта дзесяць чалавек, забітых у мірны час, людзі без зброі.

Пра мужа Сяргея Ціханоўскага

Сяргей сочыць за навінамі і спрабуе ўносіць прапановы, але я бачу, што яго пункт гледжання скажоны: ён шэсць месяцаў сядзіць за кратамі і глядзіць усе прапагандысцкія тэлеканалы. Таму ён піша: «Прасіце дапамогі ў ЗША!» Мы зрабілі гэта даўным-даўно.

Святлана Ціханоўская ў Швецыі.
Фота: t.me/tsikhanouskaya

Пра Марыю Калеснікаву

Марыя вельмі моцная. Магчыма, яна наш будучы прэзідэнт.

Пра ад’езд з Менску

Мне сказалі, што я павінна выбіраць паміж дзецьмі і турмой. Я, вядома, абрала дзяцей. Азіраючыся назад, я разумею, што людзі, якія прапанавалі мне гэты выбар, маглі блефаваць. Але я не была гатовая. Я не магу сказаць вам канкрэтна, што яны сказалі і чым пагражалі мне, але яны вельмі падрабязна распавялі пра тое, што мяне чакае.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з дэпутатамі парламенту Швейцарыі. Фота belsat.eu

Ці плануе балатавацца прэзідэнтам

Я – не. Мы гаворым пра парламенцкую рэспубліку ці пра парламенцка-прэзідэнцкую сістэму, у якой прэзідэнт грае цырыманіяльную ролю. Акрамя таго, краіна будзе ў эканамічным лайне, прабачце за маю французскую. Нам спатрэбіцца прэзідэнт, які мае вопыт у эканоміцы, палітыцы, стратэгіі. Я не павінна гэтага казаць, але гэта відавочна не я.

Пра тое, як разумее дэмакратыю

Па-першае, гэта павага. Павага да кожнага чалавека ў краіне, да яго праў, індывідуальнасці, да выбару, які ён робіць. Па-другое, гэта ўдзел кожнага чалавека. Чалавек не проста жыве для сябе, ён нясе адказнасць за рашэнні, якія прымае дзяржава. І чалавек павінен гэта ўсведамляць. Дэмакратыя мусіць быць унутры кожнага чалавека. <> Гэта патрабуе вялікага асобаснага росту. І на гэта можа сысці цэлае пакаленне.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў