Познер, Сванідзэ і Сабчак заклікалі Лукашэнку вызваліць арыштаваных журналістак


Вядомы расейскі журналіст і пісьменнік Уладзімір Познер, журналіст і грамадскі дзеяч Мікалай Сванідзэ, тэлевядоўца, блогер і палітык Ксенія Сабчак выступілі ў абарону беларускіх журналістаў.

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

Падтрымаць беларускіх калегаў Уладзіміра Познера заклікала галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава. Яна звярнулася да Познера з лістом, у якім яна прасіла выказацца з нагоды зняволеных журналістак Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовай і Кацярыны Барысевіч.

«Наагул, калі саджаюць журналістаў, гэта заўсёды – я настойваю на гэтым – кажа пра страх улады. Пра імкненне ўлады прымусіць журналіста маўчаць, таму што ўлада баіцца праўды, баіцца таго, каб праўду даведалася грамадскасць. І гэта характэрна для ўсіх рэпрэсіўных рэжымаў, прыкладам чаго зʼяўляецца рэжым спадара Лукашэнкі.

Тое, што адбываецца ў Беларусі, тое, як абыходзяцца з пратэстоўцамі, якія вядуць сябе выключна карэктна, кажа пра рэпрэсіўны, я нават дазволіў бы сабе сказаць, карны характары рэжыму.

Калі каго і варта было б судзіць, то гэта кіраўніцтва гэтай краіны, якое нясе прамую адказнасць за нечуваную жорсткасць, з якой так званыя сілы парадку абыходзяцца з тымі, хто дазваляе сабе гучна пратэставаць супраць рэжыму, які па сваёй сутнасці зʼяўляецца бесчалавечным», – напісаў Уладзімір Познер у сваім Instagram.

Падтрымаў Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову расейскі журналіст Мікалай Сванідзэ.

«Аляксандр Рыгоравіч, журналістам не месца ў аўтазаку і на нарах. Асабліва калі гэтыя журналісты жанчыны. Пераследуючы іх, саджаючы за краты, вы дэманструеце не сілу, а слабасць», – заявіў Мікалай Сванідзэ.

Звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам вызваліць журналістак і Ксенія Сабчак.

«Аляксандр Рыгоравіч, журналістам і журналісткам не месца за кратамі, нават калі яны не падабаюцца ўладам. Яны апынуліся ў турме за тое, што робяць сваю працу. Саджаючы журналістаў, вы паказваеце сваю слабасць, але вы не зможаце ўсё роўна такім чынам прымусіць іх маўчаць», – сказала Ксенія Сабчак.

Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼя Чульцову, а таксама журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч затрымалі паводле крымінальных справаў. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі. Amnesty International прызнала журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч вязнем сумлення.

Аб’ектыў
30 дзён за кратамі. Дар’я Чульцова прасіла перадаць валяр‘янку і валідол
2020.12.15 23:06

 

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

 

 

Стужка навінаў