Поўны «спіс Гараўскага»: усё, што вядома пра імаверных забойцаў апанентаў Лукашэнкі


Рэзананс ад прызнання экс-байца беларускага СОБРу Юрыя Гараўскага не сціхае ўвесь апошні тыдзень. 24 снежня на сайце асацыяцыі ветэранаў спецназу «Честь» з’явіўся зварот да Гараўскага ад былога камандзіра падраздзялення Дзмітрыя Паўлічэнкі і саслужыўцаў. Былыя паплечнікі абвінавацілі Гараўскага ў «звядзенні рахункаў», называючы «пацуком». Belsat.eu сабраў усе вядомыя факты пра людзей, якіх Гараўскі назваў датычнымі да забойства апанентаў Лукашэнкі.

Дзмітрый Паўлічэнка

53-гадовы палкоўнік запасу Дзмітрый Паўлічэнка сёння ўзначальвае Беларускую асацыяцыю ветэранаў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС «Честь». Ягоны сын Арцемій пайшоў па слядах бацькі і служыць камандзірам узводу роты выведкі ў вайсковай частцы 3214. Камандзірам Трэцяй асобнай чырвоназнаменнай брыгады ўнутраных войскаў МУС (дыслакуецца ў в/ч 3214) з канца 1999-га па 2008 год быў Паўлічэнка-старэйшы.

Арцемій і Дзмітрый Паўлічэнкі.
Фота: belaruspartisan.org

Ягоныя байцы рэгулярна ўдзельнічалі ў брутальных разгонах мірных дэманстрацый у Менску. Але ў гісторыю Беларусі гэты чалавек увайшоў, дзякуючы апублікаванаму ў 2001 годзе рапарту экс-начальніка крымінальнай міліцыі генерала Мікалая Лапаціка.

У дакуменце сцвярджалася, што па загадзе тагачаснага дзяржсакратара Саўбезу Віктара Шэймана Паўлічэнка і ягоныя падначаленыя з СОБРу фізічна ліквідавалі былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, былога старшыню ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Усе яны былі апанентамі Лукашэнкі і бясследна зніклі ў 1999 годзе.

22 лістапада 2000 году тагачасны кіраўнік КДБ Уладзімір Мацкевіч падпісаў пастанову аб прэвентыўным затрыманні Паўлічэнкі на 30 сутак як магчымага кіраўніка злачыннай групоўкі. Але літаральна праз пару дзён яго выпусцілі з СІЗА па асабістым распараджэнні Лукашэнкі і да 2008 году камандзір часткі заставаўся на пасадзе.

Пастанова аб арышце Паўлічэнкі.
Фота: bydc.info

У 2008 годзе Паўлічэнку прызначылі намеснікам камандзіра корпусу аховы грамадскага парадку ўнутраных войскаў МУС па баявой падрыхтоўцы, а праз год сышоў у адстаўку па стане здароўя. Паводле інфармацыі СМІ, пражывае ў сваім доме ў Лепелі. Жанаты на лейтэнанце медычнай службы, якая працавала ў в/ч 3214. Дачка ад першага шлюбу жыве ў Таронта.

Дзмітрый Паўлічэнка побач з кіраўніком краіны. Фота зробленае неўзабаве пасля прызначэння Паўлічэнкі камандзірам вайсковай часткі 3214. Архіўнае фота прадстаўленае belsat.eu

Дзмітрый Паўлічэнка знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Еўразвязу, уезд туды яму забаронены. Сваю датычнасць да знікнення палітыкаў ён адмаўляе.

Hавiны
«Я выявіў празмерную літасць». Паўлічэнка выступіў з афіцыйнай заявай наконт прызнанняў Гараўскага
2019.12.24 12:39

Дзмітрый Карповіч

З інтэрв’ю Гараўскага DW вынікае, што Дзмітрый Карповіч удзельнічаў у выкраданні Юрыя Захаранкі. Ён знаходзіўся ў адной з двух машын, дзе байцы СОБРу чакалі, пакуль Захаранка прыпаркуе сваё аўта і накіруецца пешшу да пад’езду.

Дзмітрый Карповіч у цэнтры. Архіўнае фота прадстаўленае belsat.eu
Балынін, Карповіч, Паўлічэнка. Архіўнае фота прадстаўленае belsat.eu

На пачатку 2000-х Карповіч Дзмітрый Іванавіч меў званне капітана і займаў пасаду першага намесніка камандзіра начальніка штабу 1-га батальёну спецпрызначэння в/ч 3214. Указам кіраўніка дзяржавы №335 ад 26 чэрвеня 2002 году Карповіч быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені за «узорнае выкананне воінскага і службовага абавязку, высокае прафесійнае майстэрства і асаблівыя адзнакі» падчас аператыўна-тактычных вучэнняў «Беразіна-2002».

На вучэннях «Беразіна-2002». Фота з сайту army.lv

У 2005 годзе чалавек з такім іменем зарэгістраваўся ў Пінску як індывідуальны прадпрымальнік, але ў 2010 годзе быў выключаны з адзінага дзяржаўнага рэестру праз «неажыццяўленне камерцыйнай дзейнасці».

Сяргей Шкіндзераў

«Я і Шкіндзераў – мы былі вышэйшыя – калі даведаліся, што Захаранка прыпаркаваўся і пайшоў у бок дома, пайшлі за ім», – распавёў Гараўскі.

Са словамі «Рукі за спіну» байцы надзелі на экс-міністра кайданкі і пасадзілі на задняе сядзенне машыны. На той момант Шкіндзераву, які нарадзіўся ў 1979 годзе, было ўсяго 20.

Сяргей Шкіндзераў. Скрыншот СТВ

Шкіндзераў Сяргей Уладзіміравіч сёлета ўдзельнічаў у спартовай эстафеце «Полымя міру» у Горках напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. У сюжэце тэлеканалу СТВ ён фігуруе як «памочнік старшыні праўлення камерцыйнага банку». У рэпартажы мясцовага выдання Gorki News называецца ўстанова – гэта «Прыёрбанк», частка аўстрыйскай Raiffessen Bank Group International. Там жа гаворыцца, што Шкіндзераў – майстар спорту па дзюдо, па рукапашнаму бою і мае крапавы берэт.

На сайце «Прыёрбанку» Шкіндзераў не згадваецца, адзінае інтэрв’ю, што ён даваў у жыцці – гэта кароткі каментар на той эстафеце. Пра тое, як ён патрапіў у банкаўскую сферу і пабудаваў кар’еру пасля службы ў СОБРы – невядома.

У сябрах на старонцы Шкіндзерава ў «Аднакласніках» ёсць Юрый Гараўскі.

Старонка Шкіндзерава ў «Аднакласніках»

Аляксандр Кажэўнікаў

Паводле Гараўскага, Кажэўнікаў быў удзельнікам выкрадання Захаранкі, а таксама «працаваў па Красоўскаму». Вопратку забітых Ганчара і Красоўскага байцы склалі ў адну вялікую торбу, а Кажэўнікаў абліў яе бензінам і спаліў, узгадваў Гараўскі.

Указам Лукашэнкі №336 ад 20.07.2004 Кажэўнікаў Аляксандр Аляксандравіч быў узнагароджаны медалём «За адвагу» з фармулёўкай «за асабістую мужнасць, адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры затрыманні злачынцаў і ўзброеных злачынных груповак. На той момант ён быў старэйшым прапаршчыкам і камандзірам групы спецпрызначэння №1 СОБРу в/ч 3214.

Кажэўнікаў заставаўся на службе ў спецназе як мінімум да 2011 года, пра што сведчыць справаздача з чэмпіянату Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама» па практычнай стральбе сярод падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння. Прадстаўнікі ўнутраных войскаў, сярод якіх Кажэўнікаў, занялі 3 месца.

«Ваеннаслужачы в/ч 3214 капітан Аляксандр Кажэўнікаў удзельнічае ў спаборніцтвах не ўпершыню. У мінулым годзе ён, страляючы з пісталету Макарава, паразіў усе мэты і атрымаў званне майстра спорту. Сёлета стралок гэта пацвердзіў», – напісана ў калонцы «Хроніка службы» ад 27 кастрычніка 2011 году на сайце sb.by.

Чэмпіянат праводзіўся на палігоне «Валоўшчына», дзе, паводле Юрыя Гараўскага, у 1999 годзе расстралялі Захаранку.

Ілюстратыўнае фота dynamo.by

Панкоў

Разам з Аляксандрам Кажэўнікавым баец СОБРу Панкоў пайшоў насустрач Захаранку ля ягонага дому.

«Яны прад’явілі яму дакументы: «Мы супрацоўнікі міліцыі, просім прысесці ў аўтамабіль», – прыгадвае Гараўскі. Яны таксама,паводле былога байца СОБРу, разам выкрадалі Ганчара: Панкоў зашпіліў на руках палітыка кайданкі, апрануў балдахін на галаву і ўставіў у рот кляп.

Пра далейшы лёс Панкова даведацца не атрымалася, у адкрытых крыніцах звестак пра такога байца мы не знайшлі.

Аляксей Румянцаў

Дэталяў удзелу Румянцава ў «эскадроне смерці» суразмоўца DW не распавядае. Згадвае толькі, што той знаходзіўся ў машыне, на якой выкрадалі Захаранку. Звестак аб ягоным узнагароджанні ў інтэрнэце няма.

Пры заходзе на акаўнт у «Аднакласніках», які ў пашукавіку Google падпісаны як «Аляксей Румянцаў», імя змяняецца на іншае – «Саша Майами». На старонцы гэтага чалавека пазначана, што ён служыў у в/ч 3214 у 1997-1999 гадах. У сябрах ёсць Святаслаў Балынін – яшчэ адзін удзельнік «эскадрону смерці» паводле версіі Гараўскага.

Аляксей Румянцаў жанаты, мае сына Юрыя, які навучаўся ў школе алімпійскага рэзерву, і малодшую дачку. Ягоная жонка Наталля шмат вандруе па Еўропе. Сям’я жыве ў пасёлку Дачнае пад Менскам.

На прызнанне былога саслужыўца той адрэагаваў эмацыйна, назваўшы словы Гараўскага «трызненнем сівай кабылы».

Імаверна, гэта сям’я Аляксея Румянцава. Фота са старонкі ў «Аднакласніках»

Уладзімір Наватарскі

Яшчэ адзін меркаваны ўдзельнік расправы над Захаранкам, баец-снайпер СОБРу Наватарскі Уладзімір Аляксеевіч, указам Лукашэнкі №124 ад 14.03.2005 уганараваны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені.

Ягонае прозвішча ў сувязі з «эскадронам смерці» упершыню было агучанае ў незалежных СМІ яшчэ ў 2001 годзе былым байцом унутраных войскаў, які пажадаў захаваць ананімнасць. Распаведзеная ім гісторыя шмат у чым супадае з версіяў падзеяў Юрыя Гараўскага. Паводле ананіма, Наватарскі меў крапавы берэт і застаўся ў спецназе па кантракце пасля тэрміновай службы.

Праз 18 гадоў былы топ-следчы СК Яўген Юшкевіч на хвалі абмеркавання прызнання Гараўскага напісаў на сваёй старонцы ў Twitter, што сёння Уладзімір Наватарскі працуе ў ІТ-кампаніі «ВэбКонта», якая стварае праграмы для бухгалтэрыі.

Паўлічэнка з сябрамі і былымі падначаленымі байцамі на застоллі. Фота са старонкі Святаслава Балыніна ў «Аднакласніках»

Святаслаў Балынін

Па словах Гараўскага, Святаслава Балыніна ён убачыў, калі СОБРаўцы прывезлі целы Ганчара і Красоўскага на вайсковую базу пад Бегомлем, каб закапаць.

У сведчанні былога байца ўнутраных войскаў у 2001 годзе Балынін таксама згадваецца: «Служба гэтай групы [«эскадрону смерці». – Belsat.eu] праходзіла так, што ў прынцыпе ніхто ня ведаў, якія задачы выконваў, акрамя непасрэдных іх выканаўцаў, ну, і вядома, камандзір. Каманды аддаваў сам непасрэдна Паўлічэнка. Там быў яшчэ прапаршчык такі – Балынін – па мянушцы Балу. Але Паўлічэнка заўсёды камандаваў сам асабіста. Балу на заданні не бралі – ён тоўсты, непаваротлівы».

На фота ў сацсетках Балынін – у атачэнні жонкі і сына Паўлічэнкі.

Балынін – блізкі сябар сям’і Паўлічэнкаў. Фота са старонкі Балыніна ў «Аднакласніках»

Балынін доўгі час быў намеснікам Паўлічэнкі ў асацыяцыі «Честь». Невядома, дзе цяпер працуе ветэран спецназу, але на вандроўкі па Еўропе яму, відавочна, хапае сродкаў.

Балынін. Фота са старонкі ў «Аднакласніках»

Уладзімір Вашкевіч

У інтэрв’ю Гараўскі не ўдакладняе, што менавіта рабіў Уладзімір Вашкевіч, але пазначыў ягонае прозвішча ў сваім спісе датычных да забойстваў.

Уладзімір Вашкевіч.
Фота: sb.by

Ёсць адзін вядомы Вашкевіч, звязаны з СОБРам – ягоны шматгадовы камандзір. У адрозненне ад сваіх калег, Уладзіміра Вашкевіча чакаў кар’ерны ўзлёт. Па сканчэнні Вайсковай акадэміі напрыканцы 90-х Вашкевіч патрапіў па размеркаванні ў 1-ю роту спецпрызначэння в/ч 3214, а ўжо ў 2002 годзе ён узначаліў СОБР і камандаваў падраздзяленнем да 2014-га.

Вашкевіч даслужыўся да палкоўніка, атрымаў ордэны «За асабістую мужнасць» і «За службу Радзіме» III ступені.

Будзько Уладзімір і Будзько Юрый

Гараўскі сведчыць, што Уладзімір Будзько разам з кіроўцам БТР на наступны дзень пасля забойства Ганчара і Красоўскага загналі ў яму джып апошняга, раздушылі яго і закапалі на прасёлкавай дарозе ля Бегомлю.

У 2001 годзе Гараўскага і Будзько асудзілі за вымагальніцтва грошай у прадпрымальнікаў па просьбе Паўлічэнкі, сцвярджаў экс-баец у новым інтэрв’ю DW. Будзько нібыта далі тады тры гады «хіміі».

Пра Юрыя Будзько звестак у адкрытых крыніцах не знайшлося, акрамя сведчання Гараўскага, які сцвярджаў, што той разам з Балыніным прысутнічаў пры пахаванні целаў Ганчара і Красоўскага.

Hавiны
Як выглядае магчымае месца забойства Ганчара ды Красоўскага
2019.12.17 15:03

…і астатнія

Падчас выкрадання Захаранкі Юрый Барадач быў у адной машыне з Паўлічэнкам і Гараўскім, казаў апошні. Разам з Кажэўнікавым Барадач захопліваў Красоўскага, нёс мёртвага Ганчара за руку, каб кінуць у яму. Больш пра Барадача нічога невядома.

Таксама ў «спісе Гараўскага» фігуруюць двое кіроўцаў. Ананімная крыніца ў 2001 годзе сцвярджала, што адганяў джып Красоўскага ад месца захопу ля лазні «жаўнер аўтароты Мекіянец». У кнізе Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай «Выпадковы прэзідэнт» ёсць інтэрв’ю з Андрэем Жарнасекам [кіраўнік незарэгістраванай моладзевай арганізацыі, якая займалася пошукам зніклых палітыкаў. – Belsat.eu] і супрацоўнікам КДБ Генадзем Угляніцай. Жарнасек сцвярджаў, што сведкам выкрадання быў баец па імені Віталь Мяцельскі, а непасрэдным удзельнікам – Аляксандр Мекіянец.

«Пасадзілі за руль гэтага Мекіянца, закінулі гэтых людзей [Ганчара і Красоўскага. – belsat.eu] у машыны і з’ехалі на базу ў Бегомль», – казаў ён.

Акрамя таго, у якасці фігурантаў у кнізе называюцца лейтэнант Коклін і прапаршчык Мурашка.

  • Апазіцыйныя лідары Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітрый Завадскі бясследна зніклі ў 1999-2000 гадах.
  • Позна ўвечары 7 траўня 1999 года Юрый Захаранка ў раёне праспекта Жукоўскага ў Менску быў выкрадзены і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым накірунку.
  • У ноч на 17 верасня 1999 года ў раёне вуліцы Фабрычнай 20а былі выкрадзеныя палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі.
  • Днём 7 ліпеня 2000 года, па дарозе ад свайго дому ў Менску ў аэрапорт, знік журналіст Дзмітрый Завадскі.
  • Трупы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не знойдзеныя.

Чытайце па тэме:

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў