«Поўная 100-адсоткавая хлусня без адценняў»: Павел Дабравольскі апублікаваў поўны тэкст адмовы Следчага камітэту


У сваім «Facebookʼу» журналіст напісаў, што толькі цяпер змог азнаёміцца з паведамленнем Следчага камітэту пра адмову ў распачынанні крымінальнай справы супраць амапаўцаў, якія 25 студзеня збілі яго ды актывістаў Шыціка і Сяргея ў судзе.

Маркерам у тэксце ён пазначыў фрагменты, што не адпавядаюць праўдзе, назваўшы іх хлуснёю. Ён дадаў, што «МУС, суд і Следчы камітэт прагнілі ды ўжо пачынаюць патыхаць».

Вось што, сярод іншага, Дабравольскі пазначыў у тэксце СК.

У словах супрацоўніка АМАП А.А. Шышко:

– Павал Сяргей у калідоры пачаў нецэнзурна лаяцца на супрацоўнікаў міліцыі, вырывацца, прысаджвацца на падлогу, калі Шышко і іншы міліцыянт, С.І. Кавальчук, выводзілі яго ў пакой для разбіральніцтва.

– У нейкі момант да міліцыянтаў, якія выводзілі Сяргея і Шыціка з залі суду, з-за спіны падбег Дабравольскі, схапіў аднаго з міліцыянтаў, Кавальчука, за куртку, нецэнзурна лаючыся, выкрыкваў пра «мянтоўскае бясчынства».

– У Дабравольскага адсутнічаў бэйдж СМІ.

– Іншы супрацоўнік міліцыі, П.В. Пунчык, адводзіў Дабравольскага ад міліцыянта, якога той схапіў, ды Дабравольскі супраціўляўся. У нейкі момант журналіст не ўтрымаўся на нагах, упаў на падлогу ў пакой для разбіральніцтваў (да таго дзеянне адбывалася ў калідоры).

– У пакоі Дабравольскі паспрабаваў падняцца, размахваючы рукамі.

– Дабравольскага, каб супакоіць, прыціснулі да падлогі, а лежачы на падлозе ён казаў, што ў супрацоўнікаў будуць непрыемнасці па службе, што ён напіша артыкул у СМІ, які «наробіць шмат шуму».

– Праз некалькі хвілін Дабравольскі супакоіўся, яго паднялі на ногі, прыціснулі тварам да шафы, побач паставілі Сяргея, насупраць спінай – Шыціка.

– Затрыманых ніхто не збіваў і не прыніжаў, на стан здароўя яны ня скардзіліся. На падбароддзі Дабравольскага мелася невялікае пашкоджанне, якое магло ўтварыцца, калі ён ляжаў на падлозе і супраціўляўся фіксацыі. Пашкоджанняў на адкрытых участках цела Шыціка і Сяргея міліцыянт ня бачыў.

У словах міліцыянта С.І. Кавальчука:

– Міліцыянт Кавальчук даведаўся ад Шышко, што за адзенне яго хапаў Дабравольскі.

– Дабравольскі і Сяргей вырываліся і тады, калі іх паставілі да шафы, міліцыянт Кавальчук спатыкнуўся і ўпаў разам з Сяргеем на калені, потым падняў Сяргея на ногі і паставіў да шафы. Пры гэтым міліцыянт чуў, як Дабравольскі крычаў і абражаў супрацоўнікаў міліцыі, бачыў, што міліцыянты Шышко і Пунчык фіксавалі на падлозе Дабравольскага.

У словах міліцыянта П.В. Пунчыка:

– Да таго, яшчэ ў калідоры, Дабравольскі дагнаў міліцыянта Кавальчука, які суправаджаў затрыманых, пачаў хапаць яго за адзенне і цягнуць на сябе, спрабуючы адцягнуць ад затрыманага, пры гэтым выкрыкваў абразы, на заўвагі не рэагаваў. Міліцыянт Пунчык паспрабаваў прыпыніць дзеяньні Дабравольскага і прыціснуць яго да сцяны калідора, але Дабравольскі ўпаў з калідора ў пакой для затрыманых.

– Дабравольскі паведаміў, што распаўсюдзіць у інтэрнэце інфармацыю, якая зняславіць супрацоўнікаў міліцыі. Да таго Дабравольскі не казаў пра прыналежнасць да прэсы і не прад’яўляў пасведчання.

– Пунчык дапускае, што мог нанесці Дабравольскаму нязначныя цялесныя пашкоджанні, калі спрабаваў прыціснуць таго да сцяны ў калідоры і фіксаваў таго на падлозе. Удараў Дабравольскаму ніхто не наносіў, болевых прыёмаў не ўжываў.

У словах супрацоўніка АМАП Гарашко:

– Дабравольскі казаў усім міліцыянтам, прысутным у пакоі для затрыманых, што ў іх будуць праблемы.

– Гарашко чуў, як Шыцік сказаў, што ў яго на твары кроў, якая капала на падлогу. Сяргей перадаў Шыціку свой шалік, які Шыцік прыклаў да раны (вышэй не гаварылася пра бачныя цялесныя пашкоджанні). Пра абставіны атрымання цялеснага пашкоджання Шыцік не казаў.

У словах міліцыянта Шуміліна:

– У пакоі для затрыманых затрыманыя паводзілі сябе агрэсіўна, нецэнзурна лаяліся на адрас міліцыянтаў.

– Ніхто з супрацоўнікаў міліцыі затрыманых не збіваў, а толькі прытрымліваў.

– Калі Шумілін выйшаў з пакою і ўвайшоў туды праз некалькі хвілінаў, затрыманыя стаялі ўздоўж сценаў спінай да яго, таму ён ня можа сказаць, ці былі ў іх цялесныя пашкоджанні.

У словах намесніка начальніка ГУУС Кубракова:

– Па прыбыцці ў залю суду Кубракоў прайшоў у пакой для затрыманых. На гэты момант затрыманых выводзілі з пакою, там знаходзіліся два з трох. Ён пацікавіўся ў Дабравольскага і Сяргея, ці ёсць у іх скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, тыя адказалі адмоўна, не выказвалі прэтэнзіяў і не звярталіся па медычную дапамогу.

У заключэнні:

– Выяўлена, што ў дзень даследаваных падзеяў Дабравольскі ніяк не пазначыў сваю прыналежнасць да СМІ, ня меў пры сабе службовага пасведчання (Дабравольскі не падкрэслівае слова «дзейнага» і наступныя пра тое, што пасведчанне было да канца 2015 году і не было дзейным на 25 студзеня 2016-га).

– Дабравольскі, калі спрабаваў зняць на камеру тэлефона затрыманне Шыціка і Сяргея, актыўна перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі, чым даў нагоду і «абгрунтаваныя абгрунтаванні» супрацоўнікам органаў унутраных спраў успрымаць яго як правапарушальніка і дзейнічаць адпаведным чынам.

– Праз неправамерныя паводзіны Дабравольскага ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў адсутнічае суб’ектыўны і аб’ектыўны бок успрымання ў будзь-якой форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста.

– Характар цялесных пашкоджанняў у Шыціка, Сяргея і Дабравольскага, слядоў крыві на іх адзенні і пашкоджанняў на адзенні Дабравольскага, а таксама колькасць траўматычных уздзеянняў аб’ектыўна ўпісваюцца ў карціну спынення супрацьпраўных дзеянняў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў