Поспехі і паразы навічкоў: як прыходзілі ў палітыку бізнесоўцы, акторы і футбалісты

Прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі ў 2020 годзе адметная тым, што самымі яскравымі прэтэндэнтамі ў кандыдаты з’яўляюцца людзі без досведу ў публічнай палітыцы. Лёс палітычных навічкоў у сусветнай гісторыі быў самым розным – ад імгненнага трыумфу да поўнай паразы. Belsat.eu распавядае, што здаралася з бізнесоўцамі, комікамі, спартоўцамі і тэлезоркамі, якія аднойчы вырашылі пайсці ў палітыку.

Былы дыпламат Валер Цапкала заявіў пра свае палітычныя амбіцыі ў дзень прызначэння прэзідэнцкіх выбараў – 8 траўня. Банкір Віктар Бабарыка абвесціў пра свой намер балатавацца 12 траўня. Святлана Ціханоўская вырашыла ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі толькі 15 траўня – пасля таго, як ЦВК адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу яе мужа Сяргея Ціханоўскага.

Яшчэ некалькі месяцаў таму вылучэнне ў прэзідэнты Цапкалы, Бабарыкі і Ціханоўскай наўрад ці хто-небудзь мог прадказаць: ніхто з іх не меў досведу самастойнага ўдзелу ў электаральнай кампаніі. Але цяпер яны прэтэндуюць на тое, каб стаць альтэрнатывай дзейнаму кіраўніку дзяржавы.

Belsat.eu распавядае найбольш яскравыя гісторыі палітычных навічкоў у сусветнай гісторыі.

Хуткія трыумфы

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі. Фота – president.gov.ua

Адзін з самых вядомых выпадкаў імгненнага палітычнага трыумфу летась ва Украіне прадэманстраваў Уладзімір Зяленскі. Комік, актор і кіраўнік студыі «Квартал-95» пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах абвесціў 31 снежня 2018 года ў эфіры тэлеканалу «1+1» за некалькі хвілінаў да Новага года. Час і фармат быў абраны не выпадкова – мусіла паўстаць аналогія з традыцыйным навагоднім зваротам кіраўніка дзяржавы.

Поспех Зяленскага стаў магчымым праз тое, што ўзровень даверу да ўладаў (ды ў прынцыпе да палітычнага істэблішменту) у грамадстве быў вельмі нізкім, існаваў вялікі попыт на новых лідараў. Таму за год да прэзідэнцкіх выбараў сацыёлагі пачалі ўключаць у свае апытанні медыйных асобаў, якія пра свой намер балатавацца яшчэ нічога не казалі, – спевака Святаслава Вакарчука і актора Уладзіміра Зяленскага. У сацапытаннях яны стабільна ўваходзілі ў топ самых папулярных імаверных кандыдатаў. Аднак Вакарчук балатавацца ў прэзідэнты ў 2019 годзе не рызыкнуў, таму ўвесь запыт на новых лідараў увасобіўся ў кандыдатуры Зяленскага. У першым туры ён набраў трохі больш за 30%, а другім – больш за 74%. Шлях ад пачатку палітычнай кар’еры да перамогі на прэзідэнцкіх выбарах склаў 111 дзён.

Каманда Ціханоўскага правяла пікет у Гомлі. СТРЫМ «Белсату»

Важным складнікам перамогі стаў кінавобраз Зяленскага: ён быў выканаўцам галоўнай ролі ў суперпапулярным серыяле «Слуга народу», дзе просты школьны настаўнік станавіўся прэзідэнтам Украіны. Трэці сезон серыялу, дзе Зяленскі ў ролі Галабародзькі ўвасабляў надзеі ўкраінцаў на сумленнага і непадкупнага кіраўніка дзяржавы, выйшаў у эфір незадоўга да першага туру прэзідэнцкіх выбараў 2019 году.

Цяпер, праз год пасля абрання прэзідэнтам, Зяленскі, паводле сацыялагічных пытанняў, застаецца самым папулярным украінскім палітыкам.

Доналд Трамп

Доналд Трамп. Фота: Kevin Lamarque /REUTERS / File Photo

Трамп зрабіў звышпаспяховую кар’еру ў бізнесе, пабудаваўшы сваю імперыю ў галіне будаўніцтва, нерухомасці і гатэльнага бізнесу. Таксама ён меў уласнае шоу на тэлебачанні і быў арганізатарам конкурсаў прыгажосці. Шлях Трампа ў палітыку быў больш доўгім і менш паслядоўным, чым у Зяленскага. Яшчэ з 90-х яго разглядалі як патэнцыйнага кандыдата, у 1999-м ён нават сам збіраўся вылучацца ў прэзідэнты, аднак потым адмовіўся ад сваіх планаў. У 2011-м Трамп, паводле апытанняў сацыёлагаў, быў адным з самых папулярных імаверных кандыдатаў у прэзідэнты сярод прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі. Аднак наважыўся ісці на выбары ён толькі ў 2016 годзе.

Перадвыбарчая кампанія 70-гадовага Трампа суправаджалася шматлікімі скандалам, мала хто з экспертаў прагназаваў ягоную перамогу. Але ён усё роўна стаў 45-м прэзідэнтам ЗША, абышоўшы Гілары Клінтан.

Летась супраць Трампа была распачатая працэдура імпічменту. Падставай сталі скандальныя тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Зяленскім, дзе прэзідэнт ЗША прасіў правесці расследаванне ў дачыненні да сына свайго палітычнага суперніка Джоў Байдэна. Аднак Сенат, дзе большасць маюць рэспубліканцы, імпічмент не падтрымаў. Цяпер Трамп плануе зноў балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2020 года.

Сільвіа Берлусконі

Сільвіа Берлусконі. Фота – facebook.com/SilvioBerlusconi

Сільвіа Берлусконі дэбютаваў у італьянскай палітыцы ва ўзросце 57 гадоў. На той момант ён ужо быў мільярдэрам, медыямагнатам і ўласнікам легендарнага футбольнага клубу «Мілан».

Палітычны імідж ён будаваў на вобразе абаяльнага і паспяховага бізнесоўца, які зарабіў мільёны ўласным талентам і цяжкай працай, а цяпер дапаможа зарабіць і іншым італьянцам. Кантроль над сеткай прыватных тэлеканалаў забяспечыў яму неабходную інфармацыйную падтрымку. Паход у палітыку аказаўся трыумфальным: у 1994 годзе мільярдэр заснаваў палітычны рух «Наперад, Італія!» і ўсяго праз 60 дзён перамог з ім на агульнанацыянальных парламенцкіх выбарах, набраўшы 43% галасоў. Берлусконі сфармаваў у парламенце правацэнтрысцкую кааліцыю, а сам стаў прэм’ер-міністрам.

Берлусконі чатыры разы ўзначальваў урад (1994–1995, 2001–2005, 2005–2006, 2008–2011), што з’яўляецца абсалютным рэкордам для сучаснай Італіі. Уся ягоная палітычная кар’ера суправаджалася карупцыйнымі скандаламі, якія ў выніку прывялі да двух абвінаваўчых выракаў за падатковыя парушэнні і подкуп сенатара. Таксама ён сябраваў з Пуціным, апраўдваў расейскую агрэсію супраць Украіны і наведваў анексаваны Крым.

Доўгі шлях

Аднак імгненны трыумф – далёка не самы распаўсюджаны сцэнар для навічкоў. Часцей за ўсё людзі без досведу ў палітыцы праходзілі доўгі і цяжкі шлях да вяршыняў.

Рональд Рэйган

Рональд Рэйган. Фота – usamagazine.ru

Калі Зяленскі перамог на выбарах ва Украіне, СМІ вельмі часта прыгадвалі іншага актора, які стаў прэзідэнтам – Роналда Рэйгана. Аднак акрамя папярэдняй прафесіі дзвюх палітыкаў у іхных гісторыях нічога агульнага няма.

Рэйган сапраўды перамог на першых сваіх выбарах у 1967 годзе. Але гэта былі выбары не прэзідэнта, а губернатара Каліфорніі. Да таго ж ягоны ўдзел у выбарчай кампаніі нельга назваць раптоўным. Раней ён актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці: Рэйган быў лідарам прафсаюзу кінаактораў, адкрыта падтрымліваў кандыдатаў-рэспубліканцаў на выбарах, выступаў з палітычнымі прамовамі.

Рэйган будзе двойчы абірацца губернатарам Каліфорніі, прайграе ўнутрыпартыйны праймерыз у 1976 годзе і пераможа на прэзідэнцкіх выбарах толькі ў 1980-м ва ўзросце 69 гадоў. Шлях ад сваёй першай электаральнай кампаніі да пасады прэзідэнта ЗША Рэйган прайшоў за 13 гадоў.

Шырлі Тэмпл

Шырлі Тэмпл

Зусім не была падобна на казку палітычная кар’ера іншай зоркі Галівуда Шырлі Тэмпл. Яна дагэтуль лічыцца самай папулярнай дзіцячай актрысай усіх часоў, пік яе поспехаў прыйшоўся на 30-я. У год абрання Рэйгана губернатарам Каліфорніі 39-гадовая Тэмпл балатавалася ў Палату прадстаўнікоў ад рэспубліканцаў, але прайграла.

Былая акторка ў выніку ўсё ж зрабіла адносна паспяховую кар’еру ў новай для сябе сферы, аднак не на выбарных пасадах – яна была амбасадарам у ААН, Гане і Чэхаславаччыне, кіравала службай пратаколу прэзідэнта ЗША.

Джордж Веа

Джордж Веа падчас выступлення за італьянскі “Мілан”. Фота – Sports.ru

Джордж Веа – бадай, самы вядомы ў свеце нарадзінец Ліберыі. У 90-х Веа быў адной з топавых футбольных зорак і сапраўднай жывой легендай Афрыкі (найлепшым гульцом гэтага кантынента яго прызнавалі чатыры разы). У 1995 годзе ліберыйца прызналі найлепшым гульцом года і ў Еўропе, і ў свеце. Веа гуляў за вядучыя клубы – «Манака», ПСЖ, «Мілане» і «Чэлсі». Ягоная кар’ера скончылася ў 2003 годзе, а праз 2 гады ён упершыню балатаваўся ў прэзідэнты Ліберыі. За год да выбараў Веа заснаваў і ўзначаліў партыю «Кангрэс за дэмакратычныя перамены».

Нягледзячы на сваю папулярнасць у Ліберыі, ён не змог перамагчы на выбарах. Веа выйшаў у другі тур, але прайграў там Элен Джонсан-Сэрліф. Былы футбаліст зрабіў высновы са сваёй паразы і заняўся ўласнай адукацыяй: ён нарэшце скончыў школу і прайшоў курс дзелавога адміністравання ў прыватным амерыканскім універсітэце.

У 2011-м Веа ўдзельнічаў у выбарах у якасці кандыдата ў віцэ-прэзідэнты, але зноў прайграў. У 2014 годзе 51-гадовага Веа абралі сенатарам, а яшчэ праз тры гады ён нарэшце перамог на прэзідэнцкіх выбарах і ўзначаліў Ліберыю. Ягоны шлях да пасады прэзідэнта ў адной з самых бедных краінаў у свеце заняў 13 гадоў.

Імран Хан

Імран Хан і ягоная жонка. Фота – EPA

Трохі менш часу заняў шлях да палітычных вяршынях у былога гульца ў крыкет Імрана Хана. З 1982 па 1992 год Хан быў капітанам зборнай Пакістану па крыкеце, перамагаў на чэмпіянаце свету. У 1996 годзе ён заснаваў партыю «Рух за справядлівасць» і двойчы абіраўся ў парламент. Але толькі ў 2018 годзе пасля перамогі «Руху за справядлівасць» на парламенцкіх выбарах Хан быў абраны прэм’ер-міністрам.

Няўдалая спроба

Часам шлях навічкоў у палітыцы абмяжоўваецца адной ці некалькімі няўдалымі кампаніямі.

Росс Пэро

Росс Перо. Фота – Reed Saxon / AP

За 14 гадоў да Трампа амерыканскаму палітычнаму істэблішменту кінуў выклік мільярдэр і філантроп Росс Пэро. Аднак калі Трамп меў падтрымку з боку Рэспубліканскай партыі, то Пэро ішоў на выбары ў 1992 годзе як незалежны кандыдат. Для амерыканскай палітычнай сістэмы, пабудаванай на дамінаванні дзвюх партыяў, Пэро паказаў вельмі добрыя вынікі – амаль 18,9% (гэта адзін з самых высокіх вынікаў незалежных кандыдатаў за ўсю гісторыю ЗША). Праўда, ні ў адным са штатаў ён не перамог і таму, у адпаведнасці з мажарытарнай сістэмай, не атрымаў ніводнага голасу ў калегіі выбарнікаў.

Палітолагі лічаць, што менавіта ўдзел у выбарах Пэро дапамог у 1992 годзе перамагчы Білу Клінтану, бо мільярдэр адцягнуў частку галасоў у дзейнага прэзідэнта Джорджа Буша-старэйшага. У 1996 годзе Пэро зноў вылучаў сваю кандыдатуру ў якасці незалежнага кандыдата, але цяпер паказаў больш сціплыя вынікі – 8% і зноў ніводнага голасу ад калегіі.

Міхаіл Прохараў і Ксенія Сабчак

Дзмітрый Мядзведзеў і Міхаіл Прохараў, 2011 год. Фота -kremlin.ru

У 2012 годзе на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі балатаваўся алігарх Міхаіл Прохараў. За год да гэтага на з’ездзе «Правай справы» Міхаіл Прохараў, які раней не выказваў інтарэсу да палітычнай дзейнасці, уступіў у партыю і адразу быў абраны яе кіраўніком. Партыйны пераварот выклікаў абурэнне сярод шараговых актывістаў, і пад ціскам такіх настрояў Прохараў сышоў з «Правай справы». На некалькі месяцаў алігарх знік з публічнага поля, але ў пачатку 2012 года абвесціў пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты. Падчас перадвыбарчай кампаніі Прохараў не крытыкаваў асабіста Пуціна, не ставіў пад сумнеў сумленнасць выбараў і не заклікаў да пратэстаў. Па выніках галасавання ён набраў 7,98% і заняў трэцяе месца. У тым жа годзе Прохараў узначаліў партыю «Грамадзянская платформа», якая з таго часу мала чым адзначылася ў расейскай палітыцы. У 2015-м алігарх адтуль сышоў.

Палітычную дзейнасць Прохарава большасць аналітыкаў ад самага пачатку ўспрымалі як праект Крамля. Паводле іх, расейскім уладам быў патрэбны спарынг-партнёр на выбарах, які б апеляваў да ліберальнай аўдыторыі, стварыў ілюзію палітычнай барацьбы і прымусіў людзей прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

Ксенія Сабчак. Фота – kremlin.ru

Аналагічным чынам аналітыкі ўспрынялі вылучэнне ў прэзідэнты ў 2018 годзе тэлевядоўцы Ксеніі Сабчак. Эксперты адзначалі, што яе кандыдатура была ўзгоднена з Крамлём і мусіла стаць канструктыўнай супрацьвагай Аляксею Навальнаму, якога не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах праз судзімасць. Сабчак зняпраўджвала гэтыя абвінавачванні. Тэлевядоўца тлумачыла, што яе ўдзел у выбарах – гэта найлепшы законны спосаб выказаць уладам свой пратэст і нават прапанавала ўспрымаць сябе як кандыдата «супраць усіх». Па выніках галасавання Сабчак атрымала ад расейскага ЦВК усяго 1,68 % галасоў.

Пасля выбараў Сабчак абвесціла пра стварэнне разам з апазіцыйным палітыкам Дзмітрыем Гудковым «Партыі пераменаў», але ўжо ў наступным годзе ад палітычнай дзейнасці яна дэ-факта адышла.

ІІ belsat.eu

Hавiны