Попел вайны: чаму нямецкім магілам Першай сусветнай не пашчасціла?


Усім вядома, што пахаванні савецкіх жаўнераў Другой сусветнай у нас даглядаюцца выдатна – гэта частка дзяржаўнай ідэалогіі. На расейскія могілкі Першай сусветнай грошы дае Расея. Польскія могілкі 1919–1920 гг. і пахаванні байцоў Арміі Краёвай – пад наглядам Саюзу палякаў. А што з нямецкімі могілкамі?

Багаты комплекс на месцы пахаванняў рускіх жаўнераў на Сапоцкіншчыне пад Горадняй

Нямецкім пахаванням, што Першай, што Другой Сусветнай яўна не пашчасціла. І калі ў выпадку з апошняй вайной ёсць фактар ідэалогіі, маўляў, «нашто нам тут магілы нацыстаў?», то з магіламі жаўнераў Кайзера – сітуацыя туманная… Зрэшты, давайце спраўдзім.

Багаты комплекс на месцы пахаванняў рускіх жаўнераў на Сапоцкіншчыне пад Горадняй

 

Багаты комплекс на месцы пахаванняў рускіх жаўнераў на Сапоцкіншчыне пад Горадняй

«Людзі капаліся: шукалі золата, зброю…»

Пасля 100-х угодак канца Першай Сусветнай мы вырашылі праехацца па нямецкіх пахаваннях Гарадзеншчыны. Цікава – што і дзе захавалася ды ў якім гэта ўсё стане.

Нямецкія пахаванні ў Скідзелі

Першы наш прыпынак – ускраіна Скідзелю. Комплекс тут выглядае даволі дагледжаным. Па цэнтры белая стэла са сціплай плітой, па полі раскіданыя маленькія бетонныя «тэўтонскія крыжы» з імем, прозвішчам, званнем і датай смерці жаўнера. Напрыклад, «Ефрэйтар Паўль Шнайдэр + 22.9.1915». Там-сям стаяць кампазіцыі з трох чорных крыжоў без аніякіх надпісаў.

Спыняем мясцовага дзядзьку, што праязджае побач на ровары, пытаемся пра магілы.

Нямецкія пахаванні ў Скідзелі

«Як быў малы, дык тут усё зарослае было, – кажа мінак. – Зараз во дагледжана, выкашана… Хто робіць? Не ведаю. Але раней, памятаю, тут людзі капаліся: ці тое золата шукалі, ці тое зброю… (усміхаецца) Усялякае было».

Закінутыя могілкі каля вёскі Бяляны

Пахаванні вяскоўцаў паверх трупаў нямецкіх жаўнераў

Наступны наш пункт – могілкі нямецкіх жаўнераў, якія загінулі падчас штурму Форту №4 – адзінага форту, які пад Горадняй тады абаранялі рускія, рэшту наўпрост узарвалі цягам адступлення. Да могілак можна ісці лесам ад форту, а можна ехаць праз поле ў бок вёскі Бяляны ды прайсці полем пару сот метраў.

Закінутыя могілкі каля вёскі Бяляны

З падлеску выглядаюць некалькі каменных грыбкоў: гэта, відаць, уваход. За ўваходам, аднак, самі магілы ўдаецца адшукаць з цяжкасцю. Усё тыя ж «тэўтонскія крыжы», урослыя ў зямлю альбо безнадзейна зарослыя мохам: нічога не прачытаеш.

Цікава, што тут жа, на нямецкіх вайсковых могілках узвышаюцца каталіцкія крыжы з надпісамі па-польску. Як так? Апынулася, што Бяляны адносіліся да парафіі вёскі Новы Двор, якая пасля вайны апынулася ў складзе Польшчы. То бок ад сваіх парафіяльных могілак вёска апынулася аддзеленая мяжой. Як быць? Вось і хавалі сваіх за нямецкай агароджай паверх пахаванняў вайскоўцаў.

Пахаванні мясцовых паверх нямецкіх магілаў – вёска Бяляны

«Добраўпарадкаванне» ад Сямашкі: збудаваць два слупкі і забыцца

Далей грунтовымі дарогамі праз вёскі, палі і дачы едзем у Сапоцкінскі раён. Спыняем аўта на ўзбочыне і метраў на сто заглыбляемся ў лес. Недзе тут, ля вёскі Наўмавічы, побач з парахавым складам Першай Сусветнай, маюць быць і нямецкія магілы.

Агароджа – усё, што засталося ад нямецкіх могілак ля вёскі Наўмавічы
Агароджа – усё, што засталося ад нямецкіх могілак ля вёскі Наўмавічы

Па факту знаходзім адно бетонныя слупкі з характэрнай выявай пяці крыжоў – сімвалам «Народнага саюзу Германіі», пастаўленыя яшчэ да 1939 году. Дзіўна, старыя нямецкія слупкі нехта абклаў пліткай – відаць, нядаўна, год 20 таму. Але надмагілляў няма. То бок яны ёсць, але ўжо цалкам ураслі ў зямлю – трэба капаць, расчышчаць…

Агароджа – усё, што засталося ад нямецкіх могілак ля вёскі Наўмавічы

Згодна гарадзенскім краязнаўцам, такое дзіўнае «добраўпарадкаванне» правёў некалі мясцовы алігарх, уладальнік гатэляў ды старшыня праўладнага Саюзу палякаў Станіслаў Сямашка. З яго прозвішчам звязаная скандальная гісторыя з нямецкімі пахаваннямі ў Шчучыне: Сямашка збудаваў там комплекс на месцы, дзе нібыта пахаваныя жаўнеры Вермахту, а пасля знёс, бо ніякіх гістарычных доказаў, што там некага хавалі, не было.

Агароджа – усё, што засталося ад нямецкіх могілак ля вёскі Наўмавічы

Казалі, што на пачатку 2000-х бізнесмен браў у Германіі грошы на падобныя «мутныя» праекты. Называліся нават сумы ў некалькі сотняў тысяч долараў. Тады супраць Сямашкі выступіла нават «Беларусь сегодня»: бізнесмена называлі аферыстам, але праз пару год той ужо стаў старшынём праўладнага Саюзу палякаў, і пра «аферы» паспяхова забыліся.

Закінутыя могілкі каля вёскі Бяляны

Лампадкі – для немцаў, раскошны мемарыял – для рускіх

У нашым апошнім пункце – вёсцы Селіванаўка – нямецкіх могілак як такіх няма. Адно пірамідка над брацкім пахаваннем, складзеная з дзікага (неапрацаванага) каменю, на якой красуе шчыт з лічбай «1915». Зверху, імаверна, некалі быў і крыж, але да нашага часу ён не дажыў. Каля пірамідкі – дзве лампадкі, нават вянок. Найхутчэй, гэта сціплы клопат мясцовых каталікоў, якія даглядаюць і магілы сваякоў, і польскіх жаўнераў, палеглых у 1939-м, і немцаў.

На зваротным шляху едзем праз Сапоцкін у Горадню. На пагорку ля трасы – вялізны крыж з выявай распятага Хрыста. Спыняемся, падымаемся па прыступках. А тут цэлы мемарыял. Чытаем на камяні: «Ваярам рускай імператарскай арміі, палеглым у гады Першай Сусветнай». Побач – яшчэ адзін праваслаўны крыж, выкладзены каляровымі каменьчыкамі. Заўважны кантраст: рускім магілам адназначна пашчасціла, у параўнанні з нямецкімі.

Нямецкія пахаванні ў Скідзелі

«Да 1939-га з Германіі ішлі грошы на дагляд за магіламі…»

Дык што не так з нямецкімі пахаваннямі? Хто мае імі займацца? Мы звярнуліся да старшыні «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антона Астаповіча. Згодна яму, у Беларусі зараз налічваецца некалькі сотняў падобных могілак – гэта і прыфрантавыя, і шпітальныя пахаванні.

Пірамідка памяці нямецкіх жаўнераў, вёска Заполле, Карэліччына

«Ячшэ з 1919 году, адразу як Вайна скончылася, нямецкімі вайсковымі пахаваннямі па ўсім свеце займаецца «Народны саюз Германіі», – тлумачыць Астаповіч. – У міжваенны час немцы пералічвалі грошы ўладам Польшчы, а тыя – мясцовым чыноўнікам, каб падтрымліваць могілкі ў належным стане. Гэты Саюз у Беларусі афіцыйна дзейнічае і сёння».

Пірамідка памяці нямецкіх жаўнераў, вёска Селіванаўцы

Нажаль, ніякай афіцыйнай старонкі ў сеціве беларускай філіі Народнага Саюзу мы адшукаць не змаглі. Зрэдку пра дзейнасць Саюзу нешта ўсплывала ў СМІ: напрыклад, у 2003-м ягоныя прадстаўнікі справаздачыліся за 35 могілак Першай Сусветнай, якія ім удалося аднавіць. Затое, на Пастаўшчыне і Мядзельшчыне, згодна Астаповічу, працуе валанцёрскае аб’яднанне «Заходні Рубеж», якое займаецца могілкамі той вайны і, у першую чаргу, нямецкімі – у тым рэгіёне іх багата, фронт ішоў зусім побач.

 

Пірамідка памяці нямецкіх жаўнераў, вёска Селіванаўцы

Дзіўная справа: чаму па прыкладзе міжваенных гадоў Саюз не можа пералічваць грошы на ўпарадкаванне магілаў і дзейсным беларускім уладам, як рабіў у дачыненні Польшчы 1920-30-х? Праблема ж відавочная. А валанцёрскіх высілкаў з такім аб’ёмам працы (сотні пахаванняў) – недастаткова. Вось і атрымліваецца: альбо за працу бяруцца авантурысты, альбо – магілы і надалей урастаюць у зямлю.

Нямецкія пахаванні ў Скідзелі

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары