«Помсцяць за барацьбу за сына». У Бабруйску 71-гадовага пенсіянера судзяць за гандаль наркотыкамі


На кожнае судовае паседжанне бабруйчаніну Аляксандру Каваленку выклікаюць хуткую. Ужо чатыры месяцы пенсіянер з хворым сэрцам сядзіць у СІЗА. Яго абвінавачваюць у гандлі наркотыкамі. Дзесяць гадоў таму ён адседзеў паводле гэтага ж артыкулу больш за тры гады і быў прызнаны невінаватым.

«Мяне вынесуць адсюль наперад нагамі»

17 лютага ў судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску працягнуўся разгляд справы пенсіянера Аляксандра Каваленкі. Мужчыну абвінавачваюць у незаконным распаўсюдзе наркотыкаў. Інфармацыю пра гэта міліцыя атрымала ад самога пакупніка, які набываў у Каваленкі наркотыкі. У матэрыялах справы напісана, што пакупніком і тым, хто заявіў у міліцыю пра набыццё наркотыкаў, з’яўляецца Бараненка Сяргей Леанідавіч. Потым была кантрольная закупка, падчас якой з падсудным сустракаўся Бараненка Сяргей Лаўрэнцевіч.

Той Бараненка, які Леанідавіч, на суд зноў не з’явіўся, месца ягонага знаходжання міліцыі невядома. Суд пастанавіў працягнуць разгляд справы без яго. Суддзя Вольга Галаўнёва выдаліла з залі жонку падсуднага Валянціну з фармулёўкай «за шматразовае парушэнне правілаў паводзінаў у судзе».

Аляксандр Каваленка.
Фота: Belsat.eu

На пачатку паседжання Аляксандр Каваленка падаў тры хадайніцтвы. Перш за ўсё, ён паўтарыў просьбу дапусціць у якасці абаронцы жонку.

«Я не давяраю адвакату, якога мне дала дзяржава. Я давяраю толькі сваёй жонцы», – сказаў пенсіянер.

У другім хадайніцтве ён прасіў змяніць яму меру стрымання, бо знаходжанне ў СІЗА небяспечнае для ягонага здароўя. Каваленка казаў, што не былі прынятыя ў разлік адсутнасць у яго ранейшай судзімасці, узрост, стан здароўя, два інфаркты ў анамнезе. Падсудны распавядаў пра ўмовы ўтрымання ў бабруйскім СІЗА №5.

«Невыносна штодзень знаходзіцца ў душным памяшканні плошчай 30 квадратных метраў разам з яшчэ 8 асобамі. Там пастаянна нехта мые бялізну, сушыць яе, там жа кіпяціць гарбату. З-за гэтага пастаянная вільгаць, цяжка дыхаць. Адпачываць, калі ёсць патрэба, няма магчымасці. Дзякуй хоць пасля заключэння дактароў мне дазволілі класціся на ложак цягам дня», – казаў Каваленка.

Мужчыне забараняюць перадаваць патрэбныя яму па стане здароўя прадукты – малочныя, фрукты, чарнасліў. За чатыры месяцы ў СІЗА яму ні разу не дазволілі сустрэцца з жонкай. Каваленка заявіў, што знаходжанне пад вартай небяспечнае для ягонага жыцця, бо кожны дзень ён знаходзіцца пад рызыкай шырокага інфаркту, пасля якога яго «вынесуць наперад нагамі».

Аляксандр Каваленка.
Фота: Belsat.eu

«Куды глядзіць наш «гарант канстытуцыі?»

Стан здароўя Каваленкі за час знаходжання пад вартай значна пагоршыўся, у яго пастаянна здараюцца гіпертанічныя крызы. Пенсіянер распавёў суду, што калі яго забрала хуткая падчас суду ў Глуску, верхні паказчык ціску ў яго быў 210. Ён тады правёў у лякарні шэсць дзён. Тады ж абследаванне паказала ў яго камяні ў нырках, чаго раней не было.

Паводле Каваленкі, умовы ўтрымання ў лякарні таксама былі жахлівымі: мужчыну прыкоўвалі да ложка, кайданкі здымалі толькі калі выводзілі ў прыбіральню.

«Згодна з артыкулам 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ніхто не павінен цярпець катаванні, – казаў Каваленка на судзе. – А тое, што я, ва ўзросце амаль 72 гадоў, з процьмай захворванняў, ветэран працы з 44 гадамі стажу працы на гэтую дзяржаву, адслужыўшы ў арміі гэтай дзяржавы, цяпер у клетцы – гэта не катаванне? Як гэта суадносіцца з Канстытуцыяй? Куды глядзіць наш гарант канстытуцыі, як ён сам сябе назваў? А нашыя суды – гэта гарант чаго?».

У трэцім хадайніцтве Каваленка прасіў прыпыніць судовае разбіральніцтва і правесці праверку абставінаў кантрольнай закупкі.

Аляксандр Каваленка.
Фота: Belsat.eu

«На гэтую закупку былі нібыта выдаткаваныя дзяржаўныя грошы, купюры перапісалі, пазначылі, а потым не зрабілі ніводнай спробы іх вярнуць, – каментавала сітуацыю падчас перапынку праваабаронца Тамара Сяргей. – То бок, чалавек прадаў наркотыкі, узяў грошы і некуды пайшоў, магчыма, набываць чарговую дозу наркотыкаў. І міліцыя нічога не зрабіла. Дык ці была ўвогуле тая кантрольная закупка?».

На судзе быў абвешчаны перапынак, Аляксандру выклікалі хуткую. Але праз паўгадзіны паседжанне працягнулася.

Суддзя адхіліла ўсе хадайніцтва Каваленкі. Падсудны заявіў адвод адваката, бо, паводле яго, яна нічога не зрабіла дзеля абароны. Суддзя адказала, што ў такой крымінальнай справе ён не мае права адмовіцца ад абаронцы.

«У такім выпадку на адваката будзе скарга ў калегію адвакатаў, а я больш не скажу тут ні слова. Сваё судзілішча вы можаце працягваць без мяне, лічыце, што мяне тут няма. Вы растапталі ўсе мае правы!» – эмацыйна выказаўся Каваленка.

Каваленку зноў стала блага. Міліцыя выклікала хуткую дапамогу, якая павезла пенсіянера ў лякарню. Прыкладна праз дзве гадзіны яго зноў прывезлі ў суд. Суддзя зачытала даведку ад дактароў, што стан Каваленкі задавальняючы і ён можа прымаць удзел у працэсе. Суд пастанавіў дапытаць Барененку, які Лаўрэнцевіч, праз інтэрнэт-сувязь. Але далейшая частка паседжання праходзіла ў закрытым рэжыме «дзеля бяспекі сведкі». Пасля допыту сведкі суддзя абвесціла перапынак да серады, 19-га лютага.

Аляксандр Каваленка.
Фота: Belsat.eu

Змагаўся за сына – трапіў у турму

У 2004 годзе быў затрыманы і асуджаны за забойства ваеннага пенсіянера 19-гадовы сын сям’і Каваленкаў Ігар. Суд пакараў яго 25 гадамі пазбаўлення волі. Пасля касацыйнай скаргі і перагляду справы тэрмін быў зменшаны да 17 гадоў.

Бацькі хлопца – Аляксандр і Валянціна Каваленкі – не вераць у датычнасць сына да забойства. Яны пішуць скаргі, нанялі адваката, дзеля аплаты якога былі вымушаныя прадаць кватэру. Ад адчаю сужэнцы выходзілі на пікеты, у тым ліку, каля Адміністрацыі прэзідэнта, за што атрымлівалі штрафы.

У 2006 годзе Аляксандра Каваленку асудзілі на 9 гадоў пазбаўлення волі за гандаль наркотыкамі. Пасля трох гадоў і двух месяцаў у калоніі атрымалася дамагчыся перагляду справы – Каваленку прызналі невінаватым і нават выплацілі кампенсацыю ў памеры 2500 рублёў (25 млн руб. да дэнамінацыі).

Пасля ўсіх гэтых падзеяў у Аляксандра Каваленкі здарыліся два інфаркты.

Летась бабруйскага пенсіянера зноў абвінавацілі ў гандлі наркотыкамі. Яго затрымалі 17-га кастрычніка 2019 года. Цягам першых судовых разбіральніцтваў бок абвінавачвання заявіў, што яшчэ з красавіка 2019 года Каваленка знаходзіўся ў распрацоўцы. У матэрыялах справы напісана, што 5 красавіка, падчас кантрольнай закупкі, Каваленка нібыта прадаў 0,4 грама метадона падстаўной асобе і атрымаў за гэта 440 руб. Купюры былі перапісаныя і пазначаныя. Тым не менш, Каваленку адразу не затрымалі, пра лёс гэтых грошай супрацоўнікі міліцыі на судзе таксама патлумачыць не змаглі.

Аляксандру Каваленка пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі, як тое прадугледжвае ч.3 арт.328 КК РБ (незаконны зварот наркатычных сродкаў).

Валянціна Каваленка баіцца, што ейны муж можа не вытрымаць усяго гэтага і жывым дадому не вярнуцца. Жанчына сцвярджае, што Аляксандр не мае ніякага дачынення да наркотыкаў, і ўся гэтая справа – помста ім за барацьбу за сына.

Настасся Аўчыннікава Belsat.eu

Стужка навінаў