Помнік Касцюшку стане сюрпрызам


Помнік адлілі ўва Украіне паводле праекту Геніка Лойкі. Фота – Глеб Лабадзенка

Статую нацыянальнага героя Беларусі паставілі каля ягонай роднай сядзібы Касцюшкі ў Марачоўшчыне. Адкрыццё запланаванае на 12 траўня на 12:00.

Глеб Лабадзенка, арганізатар збору сродкаў на помнік, піша, што «такіх прыгожых помнікаў вы яшчэ не бачылі» – і не паказвае яго, «каб быў сюрпрыз».

«Дзякуй усім, хто верыў і падтрымаў – толькі разам мы маглі зрабіць такое. Дзякуй усім, хто не верыў – гэта таксама добра падагравала азарт», – піша Лабадзенка.

Помнік планавалася ўсталяваць яшчэ ў пачатку сакавіка, але праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я адкрыццё перанеслі.

Скульптуру адлілі ўва Украіне паводле праекту беларускага скульптара Геніка Лойкі. Помнік – народны праект: грошы на ягонае стварэнне збіралі праз краўдфандынг.

Беларусы не першы раз за свае грошы ўсталёўваюць помнік Касцюшку. Летась беларуская дыяспара ў Швейцарыі паставіла помнік Касцюшку ў горадзе Золатурн, дзе пахаваны інжынер і ваенны дзеяч.

Адкрыццё – у нядзелю а 12:00. Ахвочыя могуць скарыстацца аўтобусным турам з Менску. Квіткі платныя, але акрамя наведвання Марачоўшчыны ў кошт уключаны турыстычны маршрут: Сядзіба-музей Касцюшкі – Косаўскі палац – Ружанскі палац – Маёнтак Падароск. У Падароску ствараецца першы ў Беларусі Музей беларускай шляхты.

ДД

Стужка навінаў