Помнік Каліноўскаму ў Менску не ставяць, бо супраць – 1 чалавек


Вядоўца ток-шоу «Кожны з нас» Глеб Лабадзенка дзеліцца ў студыі неафіцыйнай інфармацыяй з Міністэрства культуры.

Удзельнікі ток-шоу «Кожны з нас» абмяркоўвалі малавядомыя факты з жыцця кіраўніка паўстання 1863–64 гадоў. Чаму ў Менску дагэтуль няма помніка Кастусю Каліноўскаму, якога шмат хто лічыць народным героем Беларусі? Глеб Лабадзенка падзяліўся інфармацыяй, якую ён даведаўся ад крыніцы ў Міністэрстве культуры.

«Галоўнай перашкодай стаў высокапастаўлены праваслаўны святар, храм якога знаходзіцца на вуліцы Каліноўскага. І ён патрабаваў, каб вуліцу пераназвалі, – распавёў Глеб Лабадзенка. – Сваю нянавісць ён тлумачыць тым, што паўстанцы забівалі праваслаўных святароў. Усяго іх загінула 14 – на такой лічбе сходзяцца розныя даследнікі».

Прысутны сярод гасцей студыі гісторык Алег Трусаў зазначыў, што праваслаўныя святары актыўна падтрымлівалі паўстанне:

«А найбольш падтрымаў Жыровіцкі манастыр. Вельмі вялікія рэпрэсіі былі супраць гэтых святароў [з боку расейскіх уладаў – рэд.]».

Доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч, у сваю чаргу, лічыць некарэктным казаць, што святароў забівалі за прыналежнасць да праваслаўнай канфесіі:

«Гэта была вайна, было паўстанне. Каліноўскі загадваў караць не праваслаўных святароў, а людзей, якія даносілі, які выдавалі паўстанцаў. І даследнікі ад самага пачатку вывучэння паўстання адзначаюць, што ён быў вельмі чалавекалюбівы. Ён больш пагражаў, чым выконваў. Чаму святар не кажа пра тое, што карнікі расстралялі сотні паўстанцаў, не распавядае пра дзейнасць ваенных начальнікаў уездаў? Яны вынішчалі дзясяткі шляхецкіх ваколіц».

«У мяне яшчэ адно пытанне: чаму яны не змагаюцца з помнікамі Леніну, каторы забіў тысячы праваслаўных святароў?» – падтрымаў Краўцэвіча Глеб Лабадзенка. Алег Трусаў ўзгадаў, што паўстанцы каралі здраднікаў і сярод каталіцкіх святароў.

«Калі ўжо ставіць кропкі над «і», то трэба ўзгадаць, што магілы і Віктара Каліноўскага [брата Кастуся – рэд.], і бацькі Каліноўскага знаходзяцца на праваслаўных могілках у Свіслачы», – дадаў яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, грамадскі актывіст з Горадні Вадзім Саранчукоў.

З поўнага выдання ток-шоу «Кожны з нас» можна таксама даведацца, што Каліноўскага прызналі беларусам, дзякуючы перапісцы Маркса і Энгельса, а магілу героя насамрэч знайшлі 100 год таму.

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў