Польскія навукоўцы будуць даваць парады аб Старым замку ў Горадні


Група адмыслоўцаў на чале з Міхалам Міхальскім з Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы прыехала ў Горадню, каб абмеркаваць з беларускімі калегамі аднаўленне каралеўскага палацу Баторыя.

Паводле старшыні аддзелу культуры гарадзенскага аблвыканкаму Алены Клімовіч, адмыслоўцы з Польшчы прыехалі ў межах дамоўленасці аб дзейнасці беларуска-польскай кансультатыўнай камісіі ў ахове гістарычна-культурніцкай спадчыны, якая 8 красавіка 2019 года мела паседжанне ў Варшаве. Тады разглядаліся пытанні аб шмат якіх аб’ектах на тэрыторыі Беларусі. Адным з пунктаў працы камісіі было стварэнне групы экспертаў, якія могуць знаёміцца з ходам працаў у Старым замку ў Горадні.

Алена Клімовіч. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Прапановы польскага боку наконт купала былі ўлічаныя»

«У планах на 2020 год заканчэнне працаў у 1-й чарзе аднаўлення замку, – распавядае Алена Клімовіч. – Гэта як агульныя працы, так і стварэнне музейнай экспазіцыі. Магчыма, мы выкарыстаем у тым ліку еўрапейскі досвед у музейнай справе, цікавае таксама будзе меркаванне польскіх спецыялістаў. Калі будуць слушныя парады і абгрунтаваныя прапановы, то, безумоўна, яны будуць улічаныя».

Юры Кітурка праводзіць экскурсію па Старым замку. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Разам з тым, чыноўніца з аблвыканкаму адзначыла, што місія польскіх адмыслоўцаў – кансультатыўная. Досвед гэткіх кансультацыяў ужо ёсць.

«У 2018-м да нас прыязджала іншых група польскіх спецыялістаў, – працягвае Клімовіч. – Азнаёміліся з ходам працаў, абмеркавалі моманты, якія тады былі ў распрацоўванні. Мы атрымалі тады эскізныя прапановы аб форме купала над брамнай вежай: яны былі ўлічаныя».

Так зараз выглядаюць інтэрʼеры Палацу Баторыя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Прыбіральня ў спальні Баторыя» ды «качкі» ў медыях

Дэлегацыю польскіх навукоўцаў разам з генеральным консулам РП Ярославам Ксёнжэкам вядуць на экскурсію па Старым замку. Музейных экспазіцыяў тут ужо няма, памяшканні пустыя. Месцамі праводзяцца зандажы: збіваецца старая тынкоўка, каб паглядзець, дзе сцяна часоў Баторыя, дзе часоў Вазаў, а дзе – XIX стагоддзя. Пра кожнае памяшканне асобна распавядае Юры Кітурка, дырэктар Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музею.

Чальцы польскай дэлегацыі навукоўцаў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«…У гэтым пакоі была спальня караля: і Баторый тут спаў, і Вазы, – распавядае спадар Кітурка. – Трэба здымаць тынкоўку, каб зразумець, як тут усё было ўладкаванае з пачатку. У прэсе прайшла «качка», маўляў, мы ў спальні караля збіраемся рабіць прыбіральню. Гэтак ніхто ніколі не думаў! Зусім у іншым месцы будзе прыбіральня, дзе вузел камунікацыяў!»

Міхал Міхальскі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сярод дэлегацыі ды журналістаў чутно смяшкі. Міхал Міхальскі ўдакладняе, што для таго, каб не паўставала спрэчак, патрэбная камунікацыя і кансультаванне, прычым часцей, чым раз на год.

«Чуе той, хто хоча пачуць, – звяртае ўвагу Алена Клімовіч. – Можна шмат інфармацыі атрымліваць з інтэрнэту, але важна разумець, дзе інфармацыя, а дзе фэйк. Розныя мэты ставяцца пры запуску інфармацыі. Спадзяемся, усё надалей будзе аб’ектыўна».

Вінтавая лесвіца пазамінулага стагоддзя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Лёс печаў, ляпніны і вінтавой лесвіцы пакуль невядомы

Зразумела, што замак будаваўся ды змяняўся і пасля Баторыя. Напрыклад, пытанне цяпер выклікае лёс ляпніны XIX стагоддзя, шматлікіх печаў або ўнікальнай для Горадні вінтавой лесвіцы. З гістарычнага пункту гледжання ўсё гэта не ўпісваецца ў інтэр’еры часоў Баторыя, але, разам з тым, гэта таксама аб’екты гістарычна-культурніцкай спадчыны.

Лёс пячэй і старой ляпніны пакуль не вызначаны. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Пакуль не магу сказаць, што з усім гэтым будзе, – кажа спадарыня Клімовіч. – Будзем разам вырашаць з праектнікамі, з Мінкультам. Наконт печаў ёсць прапанова разабраць і перадаць сядзібам, якія аднаўляюцца на Гарадзеншчыне, каб не знішчаць. У замку ў такім выглядзе яны быць не могуць. Застанецца толькі печ XIX стагоддзя на першым паверсе. Лесвіца XIX стагоддзя таксама будзе выкарыстаная. Але дзе і як, пакуль не магу сказаць».

Лёс пячэй і старой ляпніны пакуль не вызначаны. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Мы гатовыя і надалей падказваць беларускім калегам…»

Міхал Міхальскі з Міністэрства культуры РП нагадаў, што Стары замак у Горадні – гэта шэдэўр не толькі для культурнай спадчыны Беларусі і Польшчы, але таксама Літвы і Украіны. Гэта адзіны на тэрыторыі Беларусі каралеўскі палац і месца правядзення соймаў Рэчы Паспалітай. Аб’ект, блізкі да каралеўскага палацу на Вавэлі або палацу вялікіх князёў літоўскіх у Вільні.

Так зараз выглядаюць інтэрʼеры Палацу Баторыя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Спадзяемся, што нашыя эксперты змогуць падказаць нешта беларускім калегам, – кажа спадар Міхальскі. – Хочам таксама пачуць, якія вынікі мае мець другі этап рэстаўрацыі замку, бо ўсяго этапаў тры. Таксама маем надзею на размову наконт інтэр’ераў палацу. Замак праходзіў розныя змены цягам 300–400 гадоў. Мы б хацелі даведацца ў беларускіх калегаў, у які бок яны хочуць рухацца: ці будзе ўсё зробленае пад часы Баторыя, ці Вазаў, ці пад XVIII стагоддзе? У нас недастаткова інфармацыі на гэты конт».

Так зараз выглядаюць інтэрʼеры Палацу Баторыя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Спадар Міхальскі таксама вярнуўся да гісторыі са спрэчнаю формай купала над брамнаю вежай. Тады паўплываць на карэктывы праекту ўдалося акурат польскім адмыслоўцам.

«Купал XVI стагоддзя можна аднавіць толькі з іканаграфічных звестак, – тлумачыць спадар Міхальскі. – Гэта выявы невялікага фармату, з якіх цяжка рабіць высновы пра форму. Тут, хутчэй, варта кіравацца аналогіямі: з Польшчы, з іншых частак Еўропы. Мы гатовыя і надалей падказваць беларускім калегам аналагі, дзяліцца інфармацыяй. Тыя ці іншыя пытанні нараджаюцца ў кожным працэсе аднаўлення спадчыны. Гэта спецыфіка не толькі Горадні».

Панарама Старога замку. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Спадар Міхальскі даволі асцярожны ў сваіх выказваннях і кажа, што яшчэ не меў магчымасці агледзець вынікі працаў паводле першай чаргі аднаўлення замку. У кожным ён выпадку дадае: «Калі пакажуць – выкажу меркаванне». Разам з тым адзначае, што ў Польшчы ёсць шэраг даследаванняў перадваеннага часу аб Старым замку ў Горадні, інфармацыю з якіх польскі бок гатовы перадаць беларусам.«Маю надзею, што ў нас атрымаецца ў кожным пытанні знайсці здавальняльнае рашэнне, – рэзюмуе Міхал Міхальскі. – Такія кансультацыі не адзін раз на год трэба рабіць. Без гэтага нам будзе складана размаўляць. Вельмі спадзяюся, што гэта не апошняя сустрэча».

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў