Польскія настаўнікі могуць вярнуцца ў Беларусь


27 верасня Беларусь мусіла пакінуць сям’я польскіх настаўнікаў. Гэта пытанне набыло розгалас, і ўчора беларускае Міністэрства ўнутраных спраў перадумала.

3 кастрычніка ўлады Горадні працягнулі права на пражыванне Паўлу Каспшыку і Малгажаце Красоўскай, паведаміў партал польскай меншасці znadniemna.pl. Гэта настаўнікі-валанцёры, якіх у Беларусь накіраваў Цэнтр развіцця польскай адукацыі за мяжой (ORPEG) пры Міністэрстве нацыянальнай адукацыі Польшчы. З 2018 года яны працавалі ў Польскай грамадскай школе імя караля Стэфана Баторыя ў Горадні, якая дзейнічае пры не прызнаным уладамі Саюзе палякаў Беларусі.

Такое фота з Горадні Малгажата і Томаш Банашкевічы выклалі на «Facebook’у» ў сярэдзіне верасня. Фота: Facebook / Tomasz Banaszkiewicz

Чыноўнікі таксама мяркуюць, што Малгажата і Томаш Банашкевічы, высланыя з Беларусі, могуць вярнуцца на працу. 27 верасня сям’я польскіх настаўнікаў атрымала адмову Міністэрства ўнутраных справаў на часовае пражыванне ў Беларусі. Яны былі вымушаныя пакінуць працу і вучняў і пакінуць краіну ў той жа дзень.

«Было некалькі гадзін, каб з’ехаць». Дваіх польскіх настаўнікаў выгналі з Беларусі

– Такія інцыдэнты вельмі непрыхільныя да польскай меншасці і Польшчы. Ад гэтага перадусім пакутуюць дзеці, і гэтага не павінна адбывацца, – пракаментавала пытанне для Польскага радыё прэзідэнт СПБ Анжэліка Борыс.

На інцыдэнт адрэагавалі польская дыпламатыя і парламент. 29 верасня намесніца старшыні Сейму Польшчы Малгажата Гасеўская прыехала ў Гарадзенскую вобласць і наведала польскую школу ў Ваўкавыску. Тады яна запэўніла, што Польшча не пакіне суайчыннікаў, якія жывуць у Беларусі, без падтрымання. Дарэчы, дэпутат даведалася ад беларускіх памежнікаў, што ёй забаронены ўезд у Расею.

Праз чатыры дні беларуская адміністрацыя змяніла сваё стаўленне да настаўнікаў з Польшчы.

У Беларусі польскую мову ў школах у розных формах вывучалі ў мінулым навучальным годзе амаль 13 000 дзяцей. Больш за палову з іх наведвалі грамадскія школы пры польскіх арганізацыях. Іх прадстаўнікі адзначаюць, што колькасць навучэнцаў грамадскіх школаў расце, але гэта не толькі вынік агульнай тэндэнцыі, але і збольшага выцясненне польскай мовы з дзяржаўных школаў.

– Грамадскія школы могуць запрашаць настаўнікаў з Польшчы, бо яны лепш валодаюць мовай, лепш ведаюць канкрэтныя тэрміны. Улічваючы той факт, што ў дзяржаўных школах улады спрабуюць звесці выкладанне польскай мовы да нуля, іх функцыі перайшлі да грамадскіх школаў, – сказаў нам Андрэй Пачобут.

Дзве польскія дзяржаўныя школы працуюць толькі ў Горадні і Ваўкавыску, і іх стварэнне фінансавалася Польшчай у 1990-х гадах. Акрамя таго, у дзяржаўнай сістэме адукацыі ў некаторых беларускіх школах магчыма вывучэнне польскай мовы як замежнай або ў рамках дадатковых заняткаў.

Як прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі, так і Польскай школьнай матрыцы заяўляюць пра паступовае скарачэнне вывучэння польскай мовы як прадмету і факультатыву.

Pj/МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары