Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы вырашыла перакінуць два батальёны, якія ўзброеныя найноўшымі танкамі Leopard 2A5, для ўзмацнення войск каля ўсходняй мяжы, піша аўтарытэтнае выданне janes.com.
Танкі са складу 34-й бранякавалерыйскай брыгады імя вялікага кароннага гетмана Яна Замойскага адпраўляюцца да 1-й бранятанкавай брыгады імя Тадэвуша Касцюшкі. У танкавы батальён польскай арміі ўваходзяць 58 машын. Размова ў выніку ідзе пра перамяшчэнне 116 самых сучасных танкаў на ўзбраенні Польшчы на ўсход – гэта прыкладна палова ўсіх польскіх «леапардаў».
Такім чынам, каля 100 «Лепардаў» патрапяць з Жагані на захадзе Польшчы ва ўсходнія наваколлі Варшавы – баявыя машыны будуць перакінуты больш чым на 400 кіламетраў на ўсход.
Leopard 2 – танк нямецкай вытворчасці, якім Польшча замяняе савецкія машыны на базе Т-72. Мадыфікацыя А5 была распрацаваная ў канцы 1990-х гадоў і мае ўзмоцненае браніраванне, абноўленыя прылады назірання, цалкам электрычны механізм павароту вежы. Механізм лафета пушкі абноўлены для магчымага ўсталявання новай, больш доўгай, рулі і выкарыстанне больш магутных боепрыпасаў.
Як паведаміў начальнік Генеральнага штабу польскай арміі генерал-лейтэнант Лешэк Сураўскі, чакаецца, што перамяшчэнне сотні танкаў і падрыхтоўка да набыцця баявой гатовасці на новым месцы зойме каля году.
Адначасова польскія танкі PT-91 Twardy (мадэрнізаваныя ў 1990-я гады танкі Т-72) са складу 1-й бранятанкавай брыгады будуць адпраўленыя таксама на ўсходнюю мяжу краіны – да гораду Гіжыцку, які знаходзіцца недалёка ад расейскага Калінінграду. Тут стаіць 15-я механізаваная брыгада імя Завішы Чорнага. А састарэлыя танкі Т-72М1 савецкай вытворчасці будуць перамешчаныя на захад – да 34-й брыгады.
«Праз перадыслакацыю двух батальёнаў да 1-й брыгады мы ўтвараем у 16-й механізаванай дывізіі (у якую ўваходзіць 1-я ТБр) моцную танкавую брыгаду, якая неабходная на ўсходнім беразе Віслы. У сваю чаргу перакідванне танкаў РТ-91 Twardy да Гіжыцку значна палепшыць баявыя здольнасці 15-й механізаванай брыгады», – сказаў генерал Сураўскі ў інтэрвʼю армейскаму часопісу Polska Zbrojna.
Раней Томаш Шаткоўскі, дзяржаўны падсакратар у Мінабароны Польшчы, таксама адзначыў сувязь перадыслакацыі самых магутных баявых машын польскай арміі з вонкавапалітычнай сітуацыяй.
«Рашэнне пра перанясенне часткі сіл 34-й бранякавалерыйскай брыгады з Жагані да 1-й бранякавалерыйскай брыгады ў Вэсолай (усходні прыгарад Варшавы) было прынята на грунце рацыянальных прычынаў, якія вынікаюць у тым ліку з новай сітуацыі ў сферы бяспекі, якая выклікана канфліктам ва Украіне, а таксама недастатковасцю абароннага патэнцыялу ва ўсходняй частцы Польшчы», – сказаў урадовец.
Польшча ўжо шмат год паступова замяняе танкі, якія заснаваныя на савецкіх распрацоўках (такіх як Т-72) на нямецкія Leopard 2, цалкам інтэгруючы сувязь, лагістычнае забеспячэнне і ўзбраенне магутных баявых машын з партнёрамі на НАТО. Зараз Варшава мае каля 250 танкаў Leopard 2А4 і Leopard 2А5, больш за 200 танкаў PT-91 Twardy і каля 500 састарэлых Т-72.
Танкі нямецкай вытворчасці плануецца і далей купляць для падвышэння магутнасці польскіх танкавых войск, аднак бундэсвер ужо не мае запасаў, якія б дазвалялі прадаваць «лішнія» машыны, таму польскія вайскоўцы шукаюць варыянты, дзе купіць новыя ці не надта старыя «леапарды» за адносна невялікі кошт.
У той жа час Польшча не выключае магчымасці распрацаваць танк уласна польскай канструкцыі, што б дало магчымасць быць больш незалежнымі на рынку зброі і даць дадатковы штуршок для развіцця польскай цяжкай прамысловасці.
«Грошы на гэта запланаваныя», – сказаў генерал-лейтэнант Сураўскі.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu