Польскія паліцыянты затрымалі 8 асобаў, якія займаліся кантрабандай беларускіх цыгарэт у вялікіх аб’ёмах.
Злачынная група дзейнічала на тэрыторыі люблінскага ваяводства. Яе ўдзельнікі арганізавалі перавозку цыгарэтаў чыгункаю. Кантрабанда хавалася сярод драўніны, якую імпартавалі ў Польшчу, альбо ў кантэйнерах, якія перавозілі цягнікі, а затым праз чыгуначны памежны пераход у Тэрэспалі трапляла ў Польшчу.
Групоўкаю кіраваў 47-гадовы мужчына, які паходзіў з-пад гораду Бяла-Падляска. Паліцыя высветліла, што толькі ад жніўня да снежня 2014 года кантрабандысты здзейснілі прынамсі сем нелегальных паставак цыгарэтаў, колькасць якіх складала каля 6 млн. штук. Яшчэ каля 3 млн. штук, перавозку якіх, як мяркуецца, арганізавала гэтая ж група, былі канфіскаваныя за гэты час паліцыяй і памежнікамі.
Шкода, нанесеная дзяржаве, ацэньваецца ў 4,5 млн. злотых (каля $ 1,1 млн).
У падазраваных затрымалі дзеля будучых караў і штрафаў маёмасць на суму, больш чым 800 тыс. злотых (каля $ 205 тыс.), у тым ліку 430 тыс. злотых (каля $ 110 тыс.) гатоўкі і грошай на банкаўскіх рахунках.
Чытайце таксама >>> Перавозіў кантрабандныя цыгарэты ў… бетонным кавалку моста
КР, МЯ, belsat.eu, паводле policja.pl