Польскі Сейм звінаваціў расейскія ўлады ў хлусні і фальшаванні гісторыі


Дэпутаты польскага Сейму.
Фота: sejm.gov.pl

Дэпутаты польскага Сейму прынялі рэзалюцыю, у якой асудзілі спробы расейскіх уладаў абвінаваціць у Польшчу ў развязванні Другой сусветнай вайны.

«Сейм Рэспублікі Польшча асуджае правакацыйныя і непраўдзівыя заявы прадстаўнікоў вышэйшых органаў улады Расейскай Федэрацыі, якія спрабуюць абвінаваціць Польшчу ў развязванні Другой сусветнай вайны. Веліч нацыі і адносіны паміж дзяржавамі не могуць будавацца на хлусні і фальшаванні гісторыі», – абвяшчае рэзалюцыя, прынятая 9 студзеня.

Меркаванні
Пуцін шукае падставу для абвастрэння адносін з Польшчай
2019.12.30 16:05

У дакуменце нагадваецца, што да пачатку Другой сусветнай вайны спрычыніліся дзве таталітарныя дзяржавы таго часу: гітлераўская Германія і сталінскі Савецкі Саюз. А пасля заключэння пакту Молатава-Рыбэнтропа 23 жніўня 1939 года першымі іх ахвярамі сталі Польшча і краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

«Вайна спрычынілася да гібелі дзясяткаў мільёнаў людзей, стварэння нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і Галакосту ў Еўропе – аднаго з найвялікшых злачынстваў у гісторыі чалавецтва», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

У дакуменце падкрэсліваецца, што Сейм Польшчы выступае супраць вяртання да імперскага фальшавання, якое разбурыла б гістарычны дыялог расейскіх уладаў з іншымі народамі. «Сейм Польскай Рэспублікі аддае даніну памяці ахвярам нацысцкага і савецкага таталітарызму і выказвае жаданне, каб гісторыя іх пакутніцтва ніколі не была фальсіфікаваная і ўспрымалася інструментальна», – адзначана ў дакуменце.

Аб’ектыў
Гісторыкі пра тое, чаму Пуцін назваў Польшчу хаўрусніцай Гітлера
2019.12.30 22:03

Дэпутаты таксама заклікалі да сумеснага асэнсавання прынцыпаў пабудовы міжнародных стасункаў, якія павінны быць падмуркам узаемнай павагі, партнёрства і добрасуседства.

Падчас прэс-канферэнцыі 19 снежня Уладзімір Пуцін зняпраўдзіў акупацыю СССР часткі міжваеннай Польшчы і падкрэсліў, што «Польшча сама паўдзельнічала ў падзеле Чэхаславакіі».

«Звяртаю вашу ўвагу на наступную акалічнасць: войскі зайшлі-то зайшлі, але зайшлі пасля таго, як польскі ўрад страціў кантроль за сваймі ўзброенымі сіламі і за тым, што адбываецца на тэрыторыі Польшчы, і сам знаходзіўся дзесьці ўжо ў раёне польска-румынскай мяжы. Не было з кім нават размаўляць на гэтую тэму. Разумееце?» – заявіў прэзідэнт РФ.

Гэтую тэму ён працягнуў 20 снежня на саміце кіраўнікоў СНД. У адказ Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з крытыкаю заяваў расейскіх уладаў пра тое, што Польшча была адною з пачынальніц Другой сусветнай вайны.

Hавiны
МЗС Польшчы адказала Пуціну: «Такія заявы асудзіў нават Хрушчоў»
2019.12.22 14:54

У ведамстве падкрэслілі, што заявы ўладаў РФ паўтараюць прапаганду часоў сталінскага таталітарызму, што «асудзіў нават савецкі лідар Мікіта Хрушчоў».

У заяве падкрэслівалася, што Польшча, якая аднавіла сваю незалежнасць у 1918 годзе, была вымушаная праводзіць палітыку раўнавагі адносна Нямеччыны ды СССР. Менавіта таму былі падпісаныя дамовы пра ненапад у 1932 годзе з Масквой і ў 1934 годзе з Берлінам. Разам з тым СССР рабіў дзеянні, «непасрэдна накіраваныя на тое, каб выклікаць вайну», падкрэслілі ў заяве. У прыватнасці, у 1937 годзе ў межах польскай аперацыі НКУС былі забітыя 111 тыс. палякаў, а дзясяткі тысяч былі сасланыя або арыштаваныя.

Абноўлена
Размова была жорсткая. У МЗС Польшчы выклікалі амбасадара Расеі
2019.12.28 08:18

Ужо вясной 1939 годзе пачалася палітычная супраца СССР і Нямеччыны, а нямецка-польская дамова пра ненапад была скасаваная. 23 жніўня быў падпісаны пакт Молатава-Рыбэнтропа, які падзяліў Усходнюю Еўропу на нямецкую і савецкую сферы ўплыву.

1 верасня пачалася агрэсія нямецкіх нацыстаў супраць Польшчы, да якой 17 верасня далучыліся савецкія войскі. 28 верасня бакі падпісалі дамову пра межы, зафіксаваўшы падзел Польшчы паміж сабой. У савецкай зоне акупацыі ў 1939-1941 гадах былі арыштаваныя не менш 107 тыс. былых польскіх грамадзянаў, дэпартавана 380 тыс., а 22 тыс. польскіх вайскоўцаў былі расстраляныя. У 1944 годзе рэпрэсіі аднавіліся. Пакараныя былі ў тым ліку і лідары польскага падполля.

Hавiны
«Пуцін спрабуе рэабілітаваць сталінізм». Прэм’ер Польшчы адказаў прэзідэнту Расеі
2019.12.30 07:01

Але расейскі прэзідэнт на гэтым не спыніўся. У выніку пасла Расеі Сяргея Андрэева выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы, абвінаваціўшы расейскія ўлады ў спробе «паменшыць сумесную адказнасць Савецкага Саюзу за разбурэнне свету ў Еўропе. СССР у 1939-1941 гадах быў саюзнікам Германіі».

29 снежня прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі апублікаваў заяву, у якой адзначыў, што адказнасць за пачатак Другой сусветнай вайны нясе не толькі фашысцкая Нямеччына, але і СССР. Польскі прэм’ер лічыць, што адказнасць за пакуты і смерці сотняў мільёнаў людзей у 20-м стагоддзі нясуць таталітарныя ідэалогіі.

Hавiны
Амбасадарка ЗША: Другую сусветную вайну пачалі Гітлер і Сталін
2019.12.30 18:27

Польскі бок у дыскусіі падтрымала і амбасадарка ЗША ў Польшчы Джарджэт Мосбахер, якая 30 снежня ў Twitter нагадала Уладзіміру Пуціну, што «Гітлер і Сталін уступілі ў змову, каб пачаць Другую сусветную вайну», а «Польшча была ахвярай гэтага жудаснага канфлікту».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў