Польскі Сейм асудзіў гвалт Лукашэнкі і заклікаў прымаць уцекачоў з Беларусі


У пятніцу дэпутаты Польскага Сейму прынялі дэкларацыю ў якой асудзілі выкарыстанне ўладамі Аляксандра Лукашэнкі жорсткага гвалту і масавых рэпрэсіяў і запатрабавалі ад ураду прымаць уцекачоў з Беларусі. Сейм таксама заклікаў Еўрапарламент, Раду Еўропы і Еўракамісію прыняць рашучыя захады.

«З улікам супольнай барацьбы палякаў і беларусаў за свабоду і дэмакратыю, асабліва ў сотую гадавіну Варшаўскай бітвы 1920 году, захоўваючы вернасць традыцыі Салідарнасці з нагоды 40-годдзя яе стварэння, Сейм Рэчы Паспалітай настойліва асуджае выкарыстанне ўладамі Аляксандра Лукашэнкі жорсткага гвалту і масавых рэпрэсіяў супраць беларускага грамадства і фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь 9 жніўня 2020 года» – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Польскія дэпутаты салідарныя з беларускім народам.
Фота: Сейм Польшчы

«У выніку жорсткага гвалту ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі загінулі два чалавекі, некалькі сотняў атрымалі раненні, больш за 7000 былі арыштаваныя або затрыманыя, а вялізарную колькасць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту збілі працаўнікі АМАП, міліцыі і спецпадраздзяленняў».

Сейм у рэзалюцыі адзначае, што перад абліччам «драматычнай сітуацыі запэўнівае ўсіх беларусаў у салідарнасці і падтрыманні».

«Мы настойліва патрабуем ад уладаў Менску неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных і спынення рэпрэсіяў і прымянення гвалту ў дачыненні да грамадства», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Абнаўляецца
Шматтысячны мітынг каля Дому ўраду. Вайскоўцы апусцілі шчыты. ОНЛАЙН, ВІДЭА, ФОТА
2020.08.14 11:03

«Мы рашуча асуджаем пазбаўленне грамадзянаў Беларусі магчымасці ўдзелу ў свабодных, дэмакратычных выбарах і свабоднага выказвання сваіх поглядаў. Запалохванне апазіцыйных кандыдатаў і іх арышты, абмежаванне асноўных свабодаў, у тым ліку права на сходы і свабоду слова, а таксама выкарыстанне грубай сілы, не служаць умацаванню незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Сейм Рэспублікі Польшча з улікам развіцця польска-беларускіх добрасуседскіх стасункаў, заклікае ўлады ў Менску неадкладна пачаць мірны дыялог з грамадствам, што з’яўляецца адзінай магчымасцю пабудовы паспяховай будучыні для Беларусі».

Сейм таксама папрасіў урад пачаць гуманітарную дапамогу пацярпелым ад пераследу ў Беларусі і «стварыць магчымасць хуткага прыёму з Беларусі палітычных уцекачоў».

«Сейм Рэспублікі Польшча звяртаецца да Еўрапарламенту, Еўрапейскай Рады і Еўракамісіі прыняць рашучыя захады ў сферы падтрымання беларускай грамадзянскай супольнасці» – пазначаецца ў рэзалюцыі.

Пратэсты ў Беларусі працягваюцца з нядзелі, калі былі падведзены вынікі першага афіцыйнага экзітполу на прэзідэнцкіх выбарах. Афіцыйныя вынікі пацвердзілі перамогу Аляксандра Лукашэнкі, які кіраваў краінай з 1994 года і атрымаў 80,10 % галасоў. Яго галоўная канкурэнтка – Святлана Ціханоўская – атрымала 10.10 адсоткаў. Аднак на выбарчых участках, дзе былі назіральнікі або камісіі лічылі сумленне, вынікі былі адваротнымі.

Прадстаўнікі многіх краінаў, у тым ліку ЕЗ, а таксама амерыканская адміністрацыя адзначаюць, што выбары не праводзіліся ў адпаведнасці з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі. Пратэсты беларусаў у Менску і ва ўсёй краіне жорстка разагналі сілавікі. У ноч з чацвяра на пятніцу ўлады Беларусі пачалі вызваляць затрыманых падчас акцый пратэсту.

ПЯ belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў