Польскі Сейм адправіў на дапрацоўку законапраект пра поўную забарону абортаў


Польскі парламент пастанавіў, што законапраект пра поўную забарону абортаў мусіць быць дапрацаваны. Ім зоймецца парламенцкая камісія па правах чалавека.

У Сейм трапілі да разгляду два грамадзянскія праекты, якія датычылі змены закону пра права на аборт. Адзін праект падрыхтаваў камітэт «Ратуйма жанчын» – дакумент прадугледжваў легалізацыю абортаў ва ўсіх выпадках да 12 тыдня цяжарнасці. У сваю чаргу праект ініцыятывы «Стоп аборту» прадугледжваў поўную забарону штучнага перарывання цяжарнасці, нават у тых выпадках, у якіх аборт дазволены паводле цяперашняга заканадаўства: калі цяжарнасць пагражае жыццю або здароўю жанчыны; калі цяжарнасць стала вынікам злачыннага акту; калі плод мае сурʼёзныя дэфекты ў развіцці.

Пасля галасавання дэпутатаў у першай сесіі праект камітэту «Ратуйма жанчын» быў адкінуты, паведамляе Tvp.info. Другі праект, які хоча зрабіць закон больш суровым і прадугледжвае пазбаўленне волі за наўмысны аборт, быў адпраўлены на дапрацоўку ў парламенцкую камісію па правах чалавека. За яго адхіленне прагаласавалі 154 дэпутаты, за скіраванне на дапрацоўку – 267 галасоў, толькі 11 дэпутатаў устрымаліся.

Прадстаўнік камітэту «Стоп аборту» Яанна Банасюк падчас выступу ў Сейме запэўніла, што гэты праект закліканы забяспечыць поўную абарону маці.

«Нагадаю, што гэты пакет ахоплівае падтрыманне ў аказанні медычнай дапамогі падчас цяжарнасці; апякунскія выплаты для бацькоў, якія маюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, нават у выпадку іхнага працаўладкавання; развіццё педыятрычнай апекі ў хатніх умовах; медычную страхоўку для цяжарных; фінансавае і псіхалагічнае падтрыманне; грашовую дапамогу; хуткі працэс усынаўлення дзяцей у выпадку іх нараджэння з гвалту або нараджэння дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі; развіццё дзіцячых дамоў і рэформу ў працы дамоў адзінокіх маці», – цытуе словы Яанны Банасюк Radiopolsha.pl.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у нашых заходніх суседзяў здзяйсняецца толькі некалькі сотняў абортаў штогод, паводле Фонду дзеля жанчын і планавання сямʼі – каля 150 тысяч абортаў, прычым гэтая лічба ахоплівае таксама нелегальныя аборты.

У Беларусі Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква выступалі з прапановай заканадаўча забараніць аборты ў 2012 годзе. На сёння ў Беларусі легальна і без падання прычыны жанчына можа спыніць цяжарнасць у тэрміне да 12 тыдняў.

МЯ, паводле tvp.info, radiopolsha.pl

Стужка навінаў