Польскі палітолаг пра палітыку Лукашэнкі: ужо бачна, што гайкі будуць закручвацца


Аляксандр Лукашэнка вядзе азартную, рызыкоўную і амбітную гульню, лічыць Каміль Клысіньскі, старэйшы аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве. Спатканне і перамовы кіраўнікоў Беларусі ды Расеі ў Сочы ў інтэрв’ю Сяргею Пелясе каментуе эксперт урадавага экспертнага цэнтру ў Варшаве.

Дзіўнае спатканне, бо перад ім былі складанасці. Спачатку самалёт з часткаю расейскай дэлегацыі не змог вылецець з Масквы ў Сочы, потым ён не змог у Сочы прызямліцца – прызямліўся ў іншым аэрапорце. Але прэзідэнты Беларусі і Расеі не чакалі, яны пачалі з досыць дзіўнага дыялогу. Пуцін запытаў, ці Лукашэнка еў кашку, і сказаў, што яму пасмакуе кашка на вадзе. Гэта намёк на тое, што трэба рыхтавацца да цяжкіх часоў – зацягнуць пасы, есці кашу на вадзе?

Я не зусім упэўнены, што трэба заўсёды шукаць, маўляў, чорнага ката ў цёмным пакоі, асабліва калі яго там няма. Гэта з-за адсутнасці цвёрдых фактаў, цвёрдай інфармацыі. Калі мы нічога канкрэтна не ведаем, пра што яны гавораць і да чаго яны прыйшлі, сапраўды ёсць такая схільнасць, каб у гэтых намёках шукаць глыбей. Магла быць звычайная размова. Пачалі з надвор’я, бо сапраўды надвор’е там нялётнае, складанае – снег. Ёсць сур’ёзныя праблемы, і, думаю, абедзвюм краінам час дамовіцца, бо справа ўжо дайшла да нейкай сур’ёзнай кропкі.

Hавiны
Абвальнае падзенне: колькасць прыхільнікаў саюзу з Расеяй знізілася на траціну
2020.02.05 10:58

Спадару Каміль, цяпер патавая сітуацыя, але на вашую думку: якое рэальнае выйсце, на якое можа пайсці Пуцін? Дзе мяжа кампрамісу, на якую Пуцін можа пагадзіцца?

Гледзячы па іхных заявах і заглыбляючыся ў іхны спосаб мыслення, у тое, як яны на ўсё глядзяць у Маскве, – не даваць Беларусі зашмат, не вяртацца да таго, што было, не павялічваць субсідыі… Ёсць такі лозунг, які вельмі глыбока там прыжыўся ў мазгах расейскіх экспертаў і палітыкаў: хопіць карміць Беларусь. То бок: не будзем павялічваць субсідыі і ўтрымліваць на бягучым узроўні, бо гэта не варта таго, гэта не дае нам выгады. І Лукашэнка паводзіць сябе, як хоча, не апраўдвае нашых надзеяў і гэтак далей. Адзіны кампраміс, які магчымы, напрыклад, наконт нафты: скарачэнне прэміяў для расейскіх дастаўцаў, чаго дамагаецца Беларусь. Ну, і ў межах новага манеўру аднаўляюцца пастаўкі нафты для Беларусі, якія збольшага пакуль не ідуць з пачатку года, толькі Міхаіл Гуцэрыеў і ягоная кампанія пастаўляюць невялікія аб’ёмы нафты для падтрымання.

Менавіта без прэміі.

Так, без прэміі, на выгадных для Беларусі ўмовах. Без прэміі – магчыма з-за таго, што Лукашэнка вельмі скавана, але, можа, і паспяхова, гэта не выключаецца, гуляе на заходнім кірунку. Адбыўся візіт Майка Пампэа, дзяржсакратара ЗША, даволі такі гучны візіт, вельмі медыйны. І ён мог быць успрыняты ў Маскве як укол, як удар ну хоць бы па іміджы Расеі. Па іміджы Расеі як галоўнага ўплывовага саюзніка Беларусі, які ўплывае, дамінуе ў беларускай вонкавай палітыцы. З гэтай нагоды можна падумаць трохі інакш: гэта відавочна была дэманстрацыя незалежнасці Беларусі ў вонкавай палітыцы. І, нягледзячы на, вядома, нерэальнасць шмат якіх заяваў, праектаў, напрыклад, стоадсоткавых паставак нафты з ЗША ў Беларусь, гэта нерэнтабельна, як здаецца, але ўсё ж такі ўкол у імперскі гонар Расеі адбыўся. Гэта можа спрацаваць на карысць Лукашэнкі.

Якія дыверсіфікацыі магчымыя з казахскім кірункам? Бо ў дзень перад спатканнем Лукашэнкі з Пуціным гэта актыўна абмяркоўвалася на нарадзе Лукашэнкі, і было пастаўленае заданне, каб дамовіцца з Казахстанам. Наколькі гэта рэальна, каб Казахстан часткова замяніў расейскую нафту?

Гэта частка даволі амбітнай і таксама рызыкоўнай, азартнай палітыкі Лукашэнкі, якая вядзецца прынамсі з пачатку студзеня: шукаць розныя кірункі, розныя магчымасці дыверсіфікацыі паставак нафты. Казахстан – адзін з гэтых кірункаў, але тут існуе асноўная прычына, асноўная праблема менавіта ў Расеі. Расея – гэта краіна паміж Казахстанам і Беларуссю. Патрэбныя пастаўкі праз тэрыторыю Расеі, пажадана праз сетку нафтаправоду «Транснефть», расейскай дзяржаўнай кампаніі. Лукашэнка ўжо публічна скардзіўся, што расейскі бок не вельмі тут, мякка кажучы, ідзе насустрач. Гэтыя перамовы з Казахстанам, вядома, могуць нават быць і паспяховымі, але застаецца пытанне, хто прапусціць гэтую нафту.

Спадару Каміль, наколькі вы верыце ў шчырасць інтэнцыяў, намераў Лукашэнкі адкрыць Беларусь на Захад? Бо з аднаго боку мы бачым канкрэтныя крокі: напрыклад, пашырэнне бязвізу для грамадзянаў заходніх дзяржаваў у Беларусь. Усё больш можна праводзіць час, усё большыя тэрыторыі Беларусі адкрываюцца. Беларусь таксама заключыла пагадненне з Еўразвязам аб спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў, якія хочуць атрымаць шэнгенскія візы. З іншага боку, мы бачым шэраг дэкларацыяў і Літвы, і ЗША пра дыверсіфікацыю паставак нафты. Але канчаецца гэта толькі размовамі: ніякіх кантрактаў, ніякай канкрэтыкі ў гэтым кірунку няма, акрамя невялікай партыі нафты, якая прайшла праз Літву з Нарвегіі. Наколькі гэтыя намеры шчырыя? Ці гэта толькі карта, як кажуць, у гандлі з Крамлём?

Гэта шчыра, калі глядзець на ўсе гэтыя дзеянні, як на гульню. Гэта шчырая гульня ў тым сэнсе, што Лукашэнка сапраўды хоча ўтрымацца на плаве, хоча ўтрымаць сваю незалежнасць, пазіцыю ў перамовах з Масквой. Але калі мы думаем пра гэта як пра сумленную гульню, што Лукашэнка сапраўды думае пра змены ў сваёй краіне і кардынальныя змены ў вонкавай палітыцы, я б у гэта не верыў. Папросту гэта даволі прасунутая, трохі рызыкоўная на гэты момант гульня, як бы ўмацаваць сваю пазіцыю найперш у расейскім кірунку. Але, паўтару яшчэ раз, на ўмовах, выгадных Лукашэнку. Што датычыць стасункаў з Захадам: без лібералізацыі палітычнага жыцця ў Беларусі, без істотных саступак у бок апазіцыі, у бок апанентаў, грамадзянскай супольнасці і гэтак далей. Пагатоў у гэтым годзе будуць прэзідэнцкія выбары: ужо бачна, што гайкі будуць закручвацца.

Фота на прэв’ю: Mikhail Metzel/TASS/Forum

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 07.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

Стужка навінаў