Польскі настаўнік – пра тое, чаму выпускныя іспыты не замінаюць страйку


Выкладчык у пустым класе ў варшаўскім ліцэі імя Юзэфа Выбіцкага падчас страйку настаўнікаў. Фота – Mateusz Wlodarczyk/Forum

У Польшчы настаўнікі страйкуюць ужо трэці дзень. Гэта самая маштабная акцыя пратэсту ў польскіх школах з пачатку 90-ых. Паралельна са страйкам у школах распачаліся выпускныя іспыты. Настаўнік гісторыі з Варшавы распавёў «Белсату» аб прычынах страйку і аб тым, як да акцыі ставяцца ягоныя вучні.

10 красавіка ў польскіх гімназіях пачаліся выпускныя іспыты, якія супалі па часе са страйкам настаўнікаў, якія патрабуюць падвышэння заробкаў. Настаўнікі, аднак, не сабатавалі экзамены (праблемы з камплектацыяй экзаменацыйных камісіяў былі толькі ў некаторых школах; гэтак у Грудзёндзу, у іх склад увайшлі пажарныя). Міністр адукацыі Анна Залеўская заявіла, што праблемы падчас іспытаў узніклі толькі ў трох школах.

«Нягледзячы на тое, што большасць настаўнікаў страйкуюць, яны ставяць на першае месца вучняў», – тлумачыць «Белсату» пазіцыю настаўнікаў Павэл Стэльмах, выкладчык гісторыі з варшаўскае школы № 368 імя Польскіх алімпійцаў.

На думку нашага суразмоўцы, красавік як месяц выпускных іспытаў быў абраны для пачатку страйку адмыслова.

«Для страйку ніколі не будзе «уласцівага моманту»: прафсаюзы абралі менавіта гэты тэрмін, бо разлічвалі на тое, што як мага больш людзей звернуць ўвагу на праблемы адукацыі ў Польшчы», – кажа Павэл Стэльмах.

Настаўнік гісторыі варшаўскай школы № 368 Павэл Стэльмах. Кадр з відэа каналу «Poczuj Klimacik»

Паводле Паўла Стэльмаха, асноўныя прычына акцыі – нізкія заробкі і слабая школьная праграма, не прыстасаваная да сучаснага свету.

«Па тэлебачанні часта кажуць, што галоўная прычына страйку – грошы, але нам важныя таксама – а можа нават перадусім – рэчы, не звязаныя з фінансамі: змены ў школьнай праграмы, сістэма арганізацыі навучання, павага да прафесіі настаўніка», – працягвае педагог.

Павэл Стэльмах дадае, што большасць ягоных вучняў разумеюць, што адбываецца, і стаяць на баку сваіх настаўнікаў.

«Вучні самі ходзяць у школу, ведаюць, як яна выглядае, і разумеюць, што польская школа не дае ім таго, што магла б даць. Большасць дзецей, з якімі я размаўляў, падтрымліваюць змены ў адукацыі, бо яны палепшаць сітуацыю не толькі настаўнікаў, але і саміх вучняў», – дадаў Стэльмах.

9 красавіка 2019 года. Плакат на адной з варшаўскіх школаў, які інфармуе, што настаўнікі гэтай адукацыйнай установы далучыліся да страйку. Фота – Attila Husejnow/SOPA Images/ZUMA Wire/Forum

Страк настаўнікаў і выхавацеляк дзіцячых садкоў пачаўся ў Польшчы 8 красавіка: педагогі патрабуюць павышэння заробкаў на 30 %. Паводле Міністэрства адукацыі, у пратэсце бярэ ўдзел 45,8 % пляцовак. Саюз польскіх настаўнікаў сцвярджае, што паводле стану на 10 красавіка страйкуе 74 % школ і садкоў па ўсёй краіне.

У аўторак прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што стан дзяржаўных фінансаў не дазваляе падвысіць заробкі сёлета.

«Мы падвысілі заробкі ў 2017-м, 2018-м і 2019-м гадах на агульную суму 1136 злотых. Гэта 7 мільярдаў злотых. Магчымасці бюджэту скончыліся, таму новага павышэння заробкаў не будзе», – заявіў Матэвуш Маравецкі.

Кіраўнік ураду запрапанаваў прафсаюзам і настаўнікам круглы стол пасля Вялікадня.

8 красавіка 2019 года. Пусты клас у адной з варшаўскіх школаў падчас страйку настаўнікаў. Фота – Kacper Pempel/Reuters/Forum

Згодна з распараджэннем міністра адукацыі, мінімальны заробак прафесійнага настаўніка, які мае ступень магістра, з 1 студзеня 2019 года складае:

  • 2538 злотых ($ 667) для стажора;
  • 2611 злотых ($ 687) – для настаўніка з працоўным кантрактам;
  • 2965 злотых ($ 780) – для настаўніка са званнем;
  • 3483 ($ 917) – для настаўніка з дыпломам.

Рэальныя месячныя заробкі «на рукі» ў сектары асветы вышэйшыя: большасць настаўнікаў атрымлівае прэміі, звязаныя з іхнымі функцыямі ў школе, звышнарматыўнай нагрузкай і стажам працы.

Дзяніс Дзюба, фота анонсу – Mateusz Wlodarczyk/Forum

Стужка навінаў