Польскі МЗС у сувязі з сітуацыяй у Керчынскай пратоцы: Пад пагрозай бяспека ЕЗ


Польскае ведамства асудзіла напад Расеі на караблі Украіны ў Керчанскім праліве і заклікала бакі да стрыманасці.

«Мы рашуча асуджаем агрэсіўныя дзеянні Расеі, мы заклікаем яе ўлады паважаць міжнароднае права, а абодва бакі – да стрыманасці ў цяперашняй сітуацыі, якая можа паставіць пад пагрозу стабільнасць еўрапейскай бяспекі», – заявілі ў польскім дыпламатычным ведамстве.

У МЗС Польшчы адзначылі, што пасля незаконнай акупацыі Крыму, распальвання канфлікту на Данбасе, будаўніцтва Керчанскага моста без згоды ўладаў у Кіеве, Расея парушыла прынцып свабоды суднаходства.

«Сённяшняя драматычная эскалацыя напружанасці ў водах Азоўскага мора, у выніку якой параненыя маракі і пашкоджаны караблі ВМС Украіны, стала следствам паслядоўных парушэнняў Расеяй асноўных прынцыпаў міжнароднага права, у тым ліку ў парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны», – гаворыцца ў заяве.

***

Напярэдадні тры ўкраінскія караблі з ужываннем зброі захапіў расейскі спецназ у раёне Керчанскага праліва. Паводле ўкраінскіх медыяў, агулам Расея ўзяла ў палон ад 20 да 23 чалавек, 6 маракоў параненыя.

ФСБ сцвярджае, што украінскія караблі парушылі расейскую мяжу, бо не падавалі заяўкі на праход у праліве. Украіна кажа, што папярэджвала аб праходзе судоў, але не атрымала адказу.

Сёння Вярхоўная Рада разгледзіць пытанне пра ўвядзенне ў краіне ваеннага становішча. Напярэдадні такое рашэнне прыняў Савет нацыянальнай бяспекі Украіны.

Таксама 26 лістапада пройдзе экстранае пасяджэнне Савету Бяспекі ААН, якое склікаюць з ініцыятывы ўкраінскага і расейскага боку.

НАТО і Еўразвяз заклікалі Расею і Украіну да стрыманасці.

Расея блакуе ўваход у Азоўскае мора праз Керчанскі праліў. Фота REUTERS/Pavel Rebrov

ДР belsat.eu

Стужка навінаў