Польскі хлопчык заклікае вучыць беларускую мову


У Дзень роднай мовы ў інтэрнэце з’явілася відэа, створанае кампаніяй «Грамадскія арганізацыі «Гэта працуе». У кароткім роліку хлопчык з Польшчы заклікае вучыць беларускую мову. Відэа разляцелася не толькі па польскім сегменце інтэрнэту, але і па беларускім. Кранальны ролік вельмі ўразіў беларускіх інтэрнаўтаў.

Хлопчыка завуць Аляксандр Здрайкоўскі, ці па-польску проста Олэк. Ён вучыцца ў Беластоку ў пачатковай школе. Вучыць беларускую мову ён пачаў яшчэ ў садку, бо, як сам кажа, вельмі любіць пазнаваць новыя рэчы. Але гэта не адзіная прычына.

«Мае продкі гаварылі па-беларуску, і я таксама лічу, што гэта мая родная мова», – кажа Олэк у інтэрв’ю радыё «Рацыі».

Нягледзячы на тое, што Олэк жыве ў Польшчы, дзе большасць размаўляе па-польску, яму ёсць з кім пагаварыць на беларускай мове. Ягоныя бацькі, бабуля і дзядуля размаўляюць па-беларуску. Таксама ў школцы 4 разы на тыдзень ёсць урокі беларускай мовы, чаго, на жаль, няма ў большасці школаў у Беларусі. Хлопчык кажа, што беларуская мова яму вельмі падабаецца.

«Я не магу гэтага патлумачыць словамі. Папросту адчуваю, што гэта цудоўная мова», – адзначае Олэк.

У Польшчы больш за 450 грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць у інтарэсах нацыянальных і этнічных меншасцяў.

У 2019 годзе ў Беларусі пройдзе чарговы перапіс насельніцтва, сярод пунктаў будуць пытанні (№ 12 і 13) і пра вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы.

Адказам «беларуская» вы можаце паўплываць на стаўленне ўладаў да беларускай мовы. Калі ў выніках перапісу будзе бачна, што шмат людзей размаўляюць па-беларуску і лічаць беларускую мову роднай, то тады ў беларускіх школах урокаў беларускай мовы можа стаць больш, чым у польскай школе ў Беластоку. Што было б дастаткова лагічна.

Далучайцеся да кампаніі «Беларускамоўны»!

Стужка навінаў