Польскі прафесар: Загіне 80 % насельніцтва Зямлі. Усё пачнецца ў 2050 годзе


Нашая цывілізацыя можа знікнуць цягам аднаго пакалення, калі чалавецтва не спыніць эмісію вуглякіслага газу. Да такой высновы прыйшоў польскі прафесар Шыман Маліноўскі, фізік атмасферы, кіраўнік Камітэту геафізікі Польскай акадэміі навук.

«Можа загінуць да 80 % насельніцтва нашай планеты. Мы актывуем працэсы, якія прывядуць да таго, што Зямля будзе непрыдатная да жыцця», – кажа прафесар Маліноўскі ў інтэрв’ю выданню «Gazeta Wyborcza».

Паводле навукоўца, цяперашні абʼём выкідаў вуглякіслага газу прывядзе да павышэння тэмпературы на Зямлі і ланцужковай рэакцыі, якую людзі будуць не ў стане спыніць. А менавіта, расшчапленне гідрату метану, велізарныя залежы якога знаходзяцца ў акіянах.

Гідрат метану – супрамалекулярнае злучэнне метану з вадой, устойлівы пры нізкіх тэмпературах. Метан, як і вуглякіслы газ, зʼяўляецца парніковым газам.

Прафесар Шыман Маліноўскі ўпэўнены, што кліматычная катастрофа ўжо пачалася, бо чалавецтва ўсё мацней «цісне на курок». Паводле навукоўца, адчуць наступствы «парніковага эфекту» людзі змогуць ужо ў 2050 годзе.

Калі вельмі спрасціць, то паняцце «парніковы эфект» можна патлумачыць так: высокая канцэнтрацыя вуглякіслага газу (парніковых газаў) у атмасферы знішчае ізаляцыю Зямлі, што прыводзіць да назапашвання цяпла.

Паводле навукоўца сярэдняя тэмпература Зямлі 150 гадоў таму была на 1,2 градусы ніжэйшая, чымся цяпер. Незваротныя працэсы выкіду парніковых газаў у атмасферу пачнуцца, калі тэмпература вырасце яшчэ прыблізна на 1 градус.

Што адбудзецца, калі тэмпература вырасце на 1 градус:

  • рост тэмпературы прывядзе да таплення лёду і яшчэ большай колькасці парніковых газаў у атмасферы, а таксама да затаплення сушы
  • перасохнуць рэкі
  • колькасць вады зменшыцца да ўзроўню, які не дазволіць забяспечваць працу электрастанцыяў
  • крах энергетычнай сістэмы
  • крах сістэмы захоўвання і вытворчасці прадуктаў
  • крах транспартнай сістэмы
  • лясныя пажары
  • голад
  • неверагодная хваля мігрантаў з паўднёвых краінаў
  • рост узброеных канфліктаў у геаметрычнай прагрэсіі
  • смерць да 80 % папуляцыі людзей
Аб’ектыў
Сусветны банк вылучыць $ 200 мільярдаў, каб спыніць глабальнае пацяпленне
2018.12.03 21:42

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў