Польскі эксперт пра спыненне транзіту нафты: Расея заплаціць мільярды кампенсацыі


Паводле галоўнага рэдактара выдання «Biznes Alert», эксперта па прыродных рэсурсах Войцеха Якубіка, спыненне транзіту нафты праз нафтаправод «Дружба» прывядзе да выплатаў Расеяй вялікіх кампенсацыяў польскім кампаніям, а адказваць за страты будзе аператар расейскіх нафтаправодаў «Транснафта».

«Праблема вынікае са зніжэння якасці паставак нафты з Расеі, таму менавіта гэтая фірма будзе кампенсаваць усе страты пакупнікоў сыравіны ў Беларусі, Польшчы і іншых краінах, – упэўнены Войцех Якубік. – Не варта чакаць доўгага перапынку ў пастаўках, тым больш «Транснафта» абяцала вырашыць праблему да 24 красавіка. Расея павінная быць зацікаўленая вырашыць праблему як мага хутчэй, калі, канешне, гэта не нейкая спроба ціску на Менск. Калі дастаўкі не адновяцца, для Расеі гэта будуць мільярдныя страты».

Паводле Войцеха Якубіка, спыненне паставак нафты з Расеі не пагражае Польшчы.

«Польшча не можа мець запасаў менш, чымся на 90 дзён, як гэтага вымагае ад нашай краіны Міжнародная агенцтва энергіі, – працягвае Якубік.

Міністэрства энергіі Польшчы ўжо запэўніла, што краіна мае гэтыя запасы.

«Краіны Еўразвязу знаходзяцца ў энергетычнай бяспецы, бо нават у сярэднетэрміновай перспектыве могуць гарантаваць сабе дастаўкі нафты з іншых крыніцаў», – кажа Якубік.

Аб бесперабойных пастаўках паліва на запраўкі дзякуючы ўласным запасам нафты заявілі два буйныя польскія нафтавыя канцэрны «Orlen» і «Lotos». Да аднаўлення паставак праз нафтаправод «Дружба» польскія кампаніі будуць набываць нафту ў Нарвегіі, Анголы, Нігерыі і Саўдаўскай Аравіі. Сыравіна будзе паступаць у Польшчу морам праз гданьскі нафтапорт.

Аналіз нафты ў лабараторыі побач з Яракцінскім нафтавым радовішчам, якое належыць Іркуцкай нафтавай кампаніі. Ілюстратыўнае фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Працэс дыверсіфікацыі, паводле Якубіка, распачаўся даўно – у тым ліку і праз якасць расейскай сыравіны, на якую наракаюць польскія кампаніі. Аднак яе нізкая якасць – усё ж такі не тыповая з’ява, дадае Якубік.

«Нафта, якую пастаўляюць у межах доўгатэрміновага кантракту – добрай якасці, хаця ведаю, што «Orlen» наракае на сталае пагаршэнне якасці расейскай сыравіны, –заяўляе эксперт. – Гэта не так, што Польшча набывае кепскую нафту ў Расеі, бо не мае іншага выбару. Калі нехта такое кажа, то ён проста не ведае рынку. Польшча аналізуе якасць кожнай пастаўкі нафты – калі раптам Расея вырашыць адправіць нам «сапсаваную» нафту, яна не атрымае за яе грошай. Мы не набываем ката ў мяшку».

Пагаршэнне якасці нафты, на думку эксперта, звязанае з праблемамі абсталявання ў самой Расеі.

«Калі расейцы не адкажуць на гэтую праблему ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве, і не будуць інвеставаць у паляпшэнне інфраструктуры, такія выпадкі, як цяпер, будуць здарацца ўсё часцей», – дадае Якубік.

Увечары 24 красавіка польскі аператар нафтаправоду «Дружба» PERN адмовіўся прымаць расейскую нафту з-за яе кепскай якасці – праз пяць дзён пасля папярэджання ад беларускага боку.

Менск прапанаваў Маскве рашэнне праблемы няякаснай нафты

Хроніка нафтавага канфлікту

  • 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэнне» расейскай нафты «Urals», якая паступае транзітам праз нафтаправод «Дружба».
  • 21 красавіка з-за пагаршэння якасці расейскай нафты Беларусь часова абмежавала экспарт нафтапрадуктаў, уключаючы бензін. «Белнафтахім» паабяцаў запатрабаваць кампенсацыю ад расейскага боку.
  • 22 красавіка на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе заявілі, што няякасная расейская сыравіна прывяла паломкі дарагога абсталявання.
  • 23 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі, а ў «Белнафтахіме» заявілі, што расейская нафта з павышаным утрыманнем хлорарганічных злучэнняў пачала паступаць у Еўропу і Украіну.
  • 24 красавіка на «Нафтане» паведамілі, што па паўночнай галіне нафтаправода пачалася прапампоўка нафты, якая адпавядае тэхналагічным стандартам. На Мазырскім НПЗ сітуацыя застаецца ранейшай – нафта паступае з павышаным утрыманнем хлорарганікі.
  • 24 красавіка «Белнафтахім» паведаміў аб распрацаванай схеме выцяснення «бруднай» расейскай нафты з беларускага ўчастка нафтаправода «Дружба». Яе аб’ёмы ўжо перавышаюць адзін мільён тон.

Дзяніс Дзюба belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары