Польская крама выпусціла шкарпэткі «Адольф»


Пасля прэтэнзіяў ад музею Аўшвіц іх перайменавалі ў «Патрыка». Стваральнікі не перапрасілі, бо, паводле іх, вобраз на шкарпэтках, падобны да Гітлера, – «іронія».

Сапраўды, шкарпэткі меліся быць жартам – вынікае з апісання ў інтэрнэт-краме.

«Разумны стратэг і прыроджаны лідар. Ён сочыць за парадкам у скрыні з шкарпэткамі, і даволі эфектыўна. У вольны час ён разважае над планамі па захопу свету. Ідэальна падыдзе кожнай баваўнянай душы. У яго ёсць слабасці да хуткіх аўтаў, палымяных дыскусіяў, добрай вопратцы і прыгожай Мэрылін. Аўтсайдэр, якога ніхто не вывучыць да канца».

Дзяржаўны музей Аўшвіц-Біркенаў абвінаваціў кампанію ў выкарыстанні «найбуйнейшага злачынцы ў гісторыі ў мэтах маркетынгу».

«Шкарпэткі «Адольф». Цяжка нават гэта каментаваць», – напісана ў Twitter музею.

На шкарпэтках выяўлены мужчына з грыўкай і вусамі, як у Гітлера, у гарнітуры ды пры гальштуку.

Пасля заўвагі музею шкарпэткі перайменавалі з «Адольфа» ў «Патрыка» з новым апісаннем: «брокер, фінансіст і філантроп». Аднак у сеціве ўсё яшчэ можа знайсці абвестку са старой назваю.

Прадстаўнікі «Nanushki» ў каментарах для СМІ адзначылі, што не імкнуліся выказаць сімпатыю да Гітлера і не лічаць шкарпэткі абразаю ці прапагандаю «дрэннага кантэнту».

Шкарпэткі каштуюць 25 злотых (каля 15 рублёў).

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў