Польская дэлегацыя наведала пахаванні польскіх вайскоўцаў у Глыбокім


Узначальваў дэлегацыю Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Каб прывітаць высокіх гасцей на могілках Копцеўка ў Глыбокім сабраліся прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай улады, духоўныя асобы, журналісты.

Напачатку адбылося набажэнства за вайскоўцаў, што загінулі сто гадоў таму, баронячы гэтыя землі ад бальшавіцкай навалы. Правёў яго біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Потым польская дэлегацыя ўсклала вянок да помніка воінам, на іх магілах былі запаленыя знічы.

Фота: belsat.eu

Амбасадар Артур Міхальскі і намесніца кіраўніка Глыбоцкага раёну Таццяна Тарасевіч выступілі з кароткімі прывітальнымі словамі. Цікава, што польскі амбасадар прамаўляў па-беларуску, а прадстаўніца ўлады – па-расейску.

Прадстаўнік суседняй краіны адзначыў, што перамога ў Варшаўскай бітве, стагоддзе якой мы будзем хутка святкаваць, мела вялікае значэнне не толькі для Польшчы, але і для ўсёй Еўропы. У тым ліку і для гэтай зямлі.

– У гэтым юбілейным годзе мы вырашылі наведваць такія могілкі ў Беларусі, дзе пахаваныя жаўнеры, ахвяры польска-савецкай вайны, – паведаміў Артур Міхальскі. – Сёння мы толькі пачынаем гэтую справу. Зранку наведалі пахаванне ў Докшыцах, а зараз прыехалі ў Глыбокае.

Амбасадар паведаміў, што ў гэтым годзе яны плануюць наведаць усе вялікія пахаванні ў Беларусі, якіх каля дваццаці.

На наступным тыдні плануецца наведаць Крулеўшчыну, Дунілавічы і Даўгінава.

***

На могілках у Глыбокім пахаваныя ахвяры двух наступленняў Чырвонай Арміі ў 1920 годзе: травеньскага і ліпеньскага.

ЗЛ belsat.eu

Стужка навінаў